Хто стаіць за кампаніяй "Будзьма беларусамі!"?

Сайт www.budzma.org, інтэрнэт-рэсурс грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прэзентуе новы раздзел – “Асобы”. У ім можна пазнаёміцца “ў твар” з выбітнымі асобамі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якія рухаюць яе наперад і актыўна прапагандуюць беларускую культуру.
Сайт www.budzma.org, інтэрнэт-рэсурс грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прэзентуе новы раздзел – “Асобы”. У ім можна пазнаёміцца “ў твар” з выбітнымі асобамі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якія рухаюць яе наперад і актыўна прапагандуюць беларускую культуру. Кола ўдзельнікаў праекту вельмі шырокае: у ім узялі ўдзел творцы і бізнэсоўцы, грамадскія дзеячы і рэкламісты, гісторыкі і мэнэджары.

Каментуе каардынатар кампаніі Алена Макоўская: “Часта гучыць пытанне, што за людзі стаяць за брэндам кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму мы паціху раскрываем гэтую таямніцу і збіраемся шырока прадставіць людзей, якія сёння ствараюць кампанію. Але папярэджваем: гэта толькі пачатак, і галерэя неўзабаве мае папоўніцца ўсімі актыўнымі ўдзельнікамі кампаніі – такімі рознымі і такімі таленавітымі”.

Агульнанацыянальная кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая распачалася 1 кастрычніка 2008, ладзіць шматлікія культурныя і асветніцкія акцыі па ўсёй Беларусі. Болей чым за тры гады дзейнасці ў дзясятках гарадоў, мястэчак і вёсак адбыліся лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, канцэрты беларускіх музыкаў і гуртоў, выставы найлепшых мастакоў, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, часопісаў і музычных праектаў, зладжаны шэраг анлайн-праектаў.

З’яўленне серыі фотаздымкаў – толькі пачатак дэманстрацыйнага праекту. “Галерэя” будзе пастаянна папаўняцца выявамі ўдзельнікаў кампаніі, якіх насамрэч некалькі соцень. Усе фотаздымкі першай часткі былі зробленыя спецыяльна для праекту вядомым фатографам, амерыканскім беларусафілам Джонам Кунстадтэрам.

Знаёмцеся і далучайцеся!

budzma.org