
Культурніцкі партал budzma.org прэзентаваў новы медыйны праект «Жывая гісторыя». Наведнікаў рэсурсу кампаніі «Будзьма!» чакае серыя рэпартажаў, прысвечаных знакавым старонкам айчыннай гісторыі. Разам з журналістам Змітром Навіцкім усе ахвотныя запрашаюцца ў віртуальныя вандроўкі па гарадах і мястэчках, сведак вялікіх гістарычных падзей, якія назаўсёды засталіся ў гісторыі краіны. Новым праектам грамадска-культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" працягвае шэраг асветніцкіх акцый 2012 году, чарговая з якіх рэалізаваная супольна з парталам abw.by.
Новы праект «Жывая гісторыя» стартаваў 30 сакавіка і працягнецца да канца чэрвеня. Праект «Жывая гісторыя» — гэта серыя незвычайных рэпартажаў па самых сакральных месцах нашай краіны. Тузін «вандровак», унікальных паводле фармату і зместу. Усё, што вы баяліся ведаць пра гісторыю Беларусі.
Першая вандроўка ў фармаце “ў пошуках страчанага” прайшла па маршруце Мінск — Нясвіж. “Мармычучы радкі Уладзіміра Караткевіча, небагаты, але добрага роду дваранін па імені Зміцер Навіцкі разам з фатографам Глебам Малафеевым асядлаў жалезнага каня і паехаў па гарадах і мястэчках нашага Вялікага Княства. На жаль, не каб напіцца і п’яным з кручы ў Дняпро скакаць, а каб расказаць шаноўнаму панству пра магдэбургскае права. І пра тое, што ад яго засталося…”