Выйшаў "Гарадзенскі архіў" Васіля Быкава

Гэта не зборнік невядомых твораў Васіля Быкава ў звычайным разуменні — гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, напісаныя больш паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся.

Гэта не зборнік невядомых твораў Васіля Быкава ў звычайным разуменні — гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, напісаныя больш паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся: аповесць, апавяданне, прыпавесці, кінасцэнарый па аповесці «Сотнікаў», а таксама незавершаная аўтабіяграфія.

Тут жа прадстаўлены пераклад на рускую мову аповесці «Апошні баец», які дазваляе выявіць зробленыя падчас першапублікацыі ў 1958 г. у газеце «Чырвоная змена» скарачэнні і такім чынам узнавіць раннюю рэдакцыю першай аповесці В. Быкава. Значную частку кнігі складаюць незавершаныя творы і запісы з нататнікаў, якія сам пісьменнік называў «голымі ідэямі» і якія даюць пэўнае ўяўленне пра «творчую кухню» Быкава ў гарадзенскі перыяд і пра тую велізарную працу, якая папярэднічала таму, што пасля крытыка назвала «быкаўскай аповесцю».

Выданне грунтуецца выключна на матэрыялах, якія захоўваюцца ў гарадзенскім архіве пісьменніка ў яго малодшага сына В. В. Быкава. На іх падставе можна не толькі дадаць нешта новае да пачатку літаратурнага шляху Васіля Быкава, але і прасачыць яго творчую эвалюцыю ў перыяд з другой паловы 1950-х і да пачатку 1970-х гг. У гэтым архіве — перадгісторыя і самы пачатак вялікай Быкаўскай эпапеі.