“Проста дзіву даешся, як далёка і шырока бачыла Ларыса Геніюш са сваёй зэльвенскай хаты. Інфармаванасці Паэткі можа пазайздросціць і чалавек сённяшняй інтэрнэтнай эпохі. А тады ёй пісалі ўсе, хто хацеў ведаць праўду, каму бракавала афіцыйна дазволенай беларушчыны, хто шукаў духоўнага апірышча і знаходзіў яго ў Геніюшаўскім слове”, – пішуць у прадмове да выдання прадстаўнікі выдавецкай ініцыятывы.
Паэт і старшыня Вярхоўнага Савету БССР Максім Танк мог знянацку заехаць у Зэльву і, збіўшы з панталыку раённае кіраўніцтва, спыніць сваю службовую “Волгу” каля хаты Геніюшаў, каб запрасіць апальную паэтку ў лік аўтараў часопіса “Полымя”, а пры патрэбе і дапамагчы Ларысе Антонаўне вырваць моркву ў агародзе. Беспасадны і афіцыйна беспрацоўны Уладзімір Караткевіч мог затрымацца ў Зэльве на цэлы месяц і адрэдагаваць на грамадскіх пачатках рукапіс зборніка “Невадам з Нёмана”. Настаўнік Алесь Белакоз пры спрыянні Ларысы Геніюш папаўняў фонды свайго музэю. Жыхарка Дэтройту (ЗША) Людміла Бакуновіч дасылала паэтцы дэфіцытныя за савецкім часам лекі, а жыхарка Зэльвы Зося Каліноўская дапамагала ёй у побыце. Яны ўсе – дзейныя асобы і героі Геніюшаўскага летапісу.