Чаму беларусы з еўрапейскіміі дыпломамі не вяртаюцца дадому?

“Уцечка мазгоў" адбываецца ў Беларусі яшчэ і таму, што выпускнікоў замежных ВНУ ўтрымліваюць ад вяртання перашкоды, створаныя айчыннай сістэмай адукацыі. Пры ўсім імкненні дзяржавы ўвайсці ў Балонскі працэс да гэтага часу існуе праблема прызнання еўрапейскіх дыпломаў.

Ніхто не ведае, колькі беларусаў вучыцца за мяжой Адны беларусы атрымліваюць на чужыне другую вышэйшую адукацыю, іншыя займаюцца па бакалаўрскай праграмах, трэція - адпраўляюцца за мяжу, каб атрымаць ступень магістра. Але іх ніхто не лічыў. - Што тычыцца маладых людзей, якія навучаюцца ў іншых краінах, то больш за ўсё іх вучыцца ў расійскіх ВНУ. Але дакладную колькасць сказаць не можам. Па некаторых ацэнках, іх каля 10 тысяч, - заявіў падчас анлайн-канферэнцый на сайце Белтэлерадыёкампаніі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Вучацца беларусы не толькі ў Расіі, але і ў Германіі, Польшчы і, вядома ж, у Літве ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ). Паводле інфармацыі прарэктара ЕГУ па акадэмічных пытаннях, прафесара акадэмічнага дэпартамента гісторыі Аляксандра Калбаска, вялікая частка магістрантаў і 1 200 студэнтаў завочнікаў вучацца ва універсітэце без адрыву ад беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх яны працуюць. Каля паловы бакалаўраў, якія навучаліся на стацыянары, вярнуліся ў Беларусь. Яшчэ чвэрць працягваюць навучанне ў магістратуры ЕГУ. Дадзеных пра тое, як складаецца лёс беларускіх выпускнікоў іншых замежных ВНУ, няма. Безумоўна, маладыя людзі імкнуцца атрымаць еўрапейскі дыплом часцей за ўсё з мэтай працаваць у Еўропе, дзе з беларускім дакументам аб вышэйшай адукацыі рабіць, як правіла, няма чаго. Аднак многія з тых, хто вучыўся за мяжой, хацелі б вярнуцца дадому. Але для атрымання работы ў Беларусі, неабходна прайсці працэдуру прызнання дыплома. Як прызнаць ў Беларусі еўрапейскі дыплом? У Беларусі працэдуру прызнання і ўсталявання эквівалентнасці замежных дакументаў аб адукацыі ажыццяўляе аддзел экспертыз і прызнанняў дакументаў «Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы» (РІВШ). Калі дыплом прызнаецца, яго ўладальнік мае ўсе правы, якімі карыстаецца ўладальнік адпаведнага дакумента аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікам акадэмічнага прызнання дакументаў з'яўляецца доступ уладальніка дакумента да наступнай ступені (узроўню) адукацыi або магчымасць працягнуць навучанне на тым жа ўзроўні (у выпадку няскончанай адукацыі). Вынікам прафесійнага прызнання, адпаведна, доступ да прафесійнай дзейнасці. Прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце РІВШ, член Нацыянальнай групы экспертаў па пытаннях рэформы вышэйшай адукацыі Ігар Цітовіч адзначае, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі імкнецца да адпаведнасці прынцыпам Балонскай мадэлі адукацыі. На круглым стале, арганізаваным асветніцкім установай “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” сумесна з “Офісам за дэмакратычную Беларусь" (Брусель, Бельгія), спецыяліст таксама паведаміў, што ў Беларусі самая простая схема прызнання еўрапейскіх дыпломаў. - У нас гэта робіцца хутка і бясплатна. А ў многіх краінах працэдура пацвярджэння дыпломаў абыходзіцца ў суму каля 100 даляраў, - падкрэсліў Ігар Цітовіч. Аднак, па словах удзельнікаў круглага стала, у Беларусі не заўсёды прызнаюцца дыпломы бакалаўраў, атрыманыя ў краінах ЕС. Напрыклад, праблемы ўзнікаюць з прызнаннем дыпломаў бакалаўраў, якія скончылі курс ЕГУ "Культурная спадчына і турызм". Гэта звязана з тым, у ЕГУ на названай спецыяльнасці вучацца чатыры гады, а ў Беларусі - пяць гадоў. - Згодна з працэдурай прызнання, калі разыходжанне ў акадэмічных гадзінах у праграме замежнага і беларускага ВНУ па той ці іншай спецыяльнасці складае менш за 20%, неабходна давучвацца ў Беларусі. 20% акадэмічных гадзін - гэта практычна цэлы год навучання, - тлумачыць Ігар Цітовіч. Калі чалавек не давучваецца, адукацыя лічыцца няпоўнай вышэйшай, а ўладальнікі дыпломаў ВНУ ЕС маюць праблемы з працаўладкаваннем у Беларусі. Атрымліваецца, што па той бок мяжы гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, а па гэты - не. Паводле інфармацыі Ігара Цітовіча, у Беларусі не прызнаецца не больш за 10% дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, якія падаюцца для разгляду. Што тычыцца ЕГУ, то сярод дыпломаў гэтай ВНУ, па словах прадстаўніка РІВШ, не прызнаюцца толькі адзінкі. Бакалаўраў дыскрымінуюць? Некалькі гадоў таму акадэмік Анатоль Рубінаў, якога лічаць шэрым кардыналам беларускай адукацыі, наогул называў бакалаўраў недавучкамі. Цяпер жа Балонскі працэс, часткай тэхнічнага боку якога з'яўляецца двухступенчатая вышэйшуя адукацыя, стаў неабходны беларускім уладам. Перш за ўсё, з-за таго, што такім чынам Мінадукацыі плануе значна павялічыць колькасць замежных студэнтаў у Беларусі, і адпаведна, даходы ад экспарту адукацыйных паслуг. У такім выпадку цалкам заканамерным здаецца пытанне прафесара Уладзіміра Дунаева: - Калі мы пяройдзем на чатырохгадовую падрыхтоўку спецыялістаў, што тады можна будзе сказаць пра нашых выпускнікоў? Яны будуць беларускімі недавучкамі? У філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага універсітэта ў Мінску, дзе выкладае эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч, рыхтуюць студэнтаў на падставе прынцыпаў двухступенчатай адукацыі. Бо Расія ўжо ўвайшла ў Балонскі працэс. - У нашым ВНУ рыхтуюць бакалаўраў. На практыцы высвятляецца, што пры ўсіх расейска-беларускіх пагадненнях нашы выпускнікі, грамадзяне Беларусі, не могуць атрымаць працу, неканкурэнтаздольныя на рынку працы нашай краіны, - эксперт расцэньвае гэтую з'яву як дыскрымінацыю. Што трэба рабіць для змены сітуацыі? - Як мінімум, павінен быць перагледжаны артыкул Кодэкса аб адукацыі, які сцвярджае першую прыступку вышэйшай адукацыі пад назвай «спецыяліст», - кажа Святлана Мацкевіч. - У сістэму вышэйшай адукацыі на заканадаўчым узроўні неабходна ўвесці ступень бакалаўра. Тады вышэйшая адукацыя будзе дапасаваная да сістэмаў іншых краінаў Балонскага працэсу. Незалежныя эксперты перакананыя: перш чым звяртацца да Еўропы з просьбай прызнаць беларускую адукацыю, варта зрабіць палітычныя крокі для прызнання еўрапейскіх адукацыйных каштоўнасцяў. - Такім чынам, будзе вырашана праблема прызнання дыпломаў і будуць прадастаўлены шанцы тым спецыялістам, якія маюць еўрапейскую адукацыю і з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, - лічыць Святлана Мацкевіч. - Гэта будзе спрыяць таму, каб яны вярталіся і актыўна ўключаліся ў эканоміку краіны. Важна, каб гэты чалавечы рэсурс і яго патэнцыял выкарыстоўваўся ў вырашэнні крызісных праблем. Прыватны бізнес зацікаўлены ў ведах, набытых за мяжой У кадравых агенцтвах падкрэсліваюць, што пакуль праблема працаўладкавання для выпускнікоў еўрапейскіх ВНУ без пацверджання дыпломаў існуе ў дзяржаўным сектары. Прыватныя кампаніі выбіраюць супрацоўнікаў па сваім меркаванні. У гэтых арганізацыях спецыялісты з еўрапейскім дыпломам вітаюцца і могуць займаць высокія пасады і дэманстраваць кар'ерны рост. - Як правіла, сур'ёзны прыватны бізнес зацікаўлены ў ведах, кампетэнцыі і вопыце, набытых за мяжой, у прыўнясенні іх ва ўласны бізнес для яго развіцця, - сказалі «Заўтра тваёй краіны» ў адным з кадравых агенцтваў. - Разам з тым, у выпадку, калі вакансія мае на ўвазе працу ў сферы бухгалтэрыі або юрыспрудэнцыі, трэба мець на ўвазе, што суіскальнік працоўнага месца павінен арыентавацца ў беларускіх законах. У любым выпадку замежны вопыт можа быць заўсёды адаптаваны да нашых рэалій.

Віктар Лістападаў,  Заўтра тваёй краіны