Захар Шыбека: «Спачатку трэба пабудаваць Беларусь у галовах!»

Вядомы беларускі гісторык Захар Шыбека распавядае пра тое, чым могуць прывабіць турыстаў маленькія беларускія гарады, пра ўмовы адраджэння былой славы мястэчак і іх гісторыка-архітэктурнай спадчыны і неабходнасць кансалідацыі беларускага грамадства.

Вядомы беларускі гісторык Захар Шыбека, адзін з найлепшых знаўцаў Мінска і гарадской цывілізацыі наогул, апошнім часам актыўна распрацоўвае новую тэму і збірае матэрыял для сваёй новай кнігі. Доктара гістарычных навук, прафесара Захара Шыбеку зацікавіў багаты гісторыка-культурны, а разам з тым і турыстычны патэнцыял былых беларускіх мястэчак часоў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Мы размаўляем з гісторыкам пра тое, чым могуць прывабіць турыстаў маленькія беларускія гарады, пра ўмовы адраджэння былой славы мястэчак і іх гісторыка-архітэктурнай спадчыны і неабходнасць кансалідацыі беларускага грамадства.

– Вас ведаюць як аднаго з лепшых спецыялістаў па гісторыі Мінска. Адкуль узялася цікавасць да зусім іншай тэмы – турыстычнага патэнцыялу беларускіх мястэчак?

– Пра сталіцу я напісаў ужо амаль усё, што мог. Той час, калі я пісаў пра дарэвалюцыйны Мінск, я ўзгадваю з налётам замілавання: гэта была такая светлая, радасная кніжка! Бо пісаў я пра стваральныя працэсы, якія адбываліся якраз у такую залатую пару ў гісторыі – напрыканцы XIX стагоддзя і да Першай сусветнай вайны. А калі я зноў вяртаўся да тэмы Мінска пазней, дык толькі дзеля таго, каб напісаць, як гэты Мінск, створаны сто і больш гадоў таму назад, потым разбураўся ў гады вайны і пасля вайны савецкімі ўладамі ў ходзе рэканструкцыі горада. І як ён працягвае разбурацца сучаснымі ўладамі. Калі казаць увогуле пра Беларусь, дык не менш важная для нас тая гісторыя, якая канцэнтравалася па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, у маленькіх гарадах, мястэчках. Я зразумеў, што адраджэнне былых мястэчак, прыцягненне ўвагі да гэтай тэмы надзвычай важна – для кансалідацыі нашага грамадства на падмурку зацікаўленасці да гісторыі, для выжывання маленькіх гарадкоў. Працэс адраджэння культурнай спадчыны мястэчак ідзе такім шляхам: краязнаўцы, турыстычныя кампаніі пакрысе назапашваюць матэрыялы па кожным горадзе, асабліва па тых мястэчках, якія сталі сёння раённымі цэнтрамі. А вось навуковай працы абагульняючага плана, асэнсавання гісторыі, да гэтага часу няма, і я вырашыў гэтай справай заняцца. Бо веданне гісторыі важна і для нас саміх, і для стварэння турыстычнага прадукта, які прывабіць нашых гасцей, замежных турыстаў. Калі мы будзем канцэнтравацца толькі на сталіцы, некаторыя нюансы нашай культуры застануцца па-за ўвагай, а гэта недапушчальна! Прыйшоў час нарэшце асэнсаваць, зразумець, што такое маленькі гарадок у нашым жыцці, і гэта асабліва важна яшчэ таму, што сёння ўсе ўцякаюць да сталіцы, а нашы маленькія гарадкі – не толькі вёскі – пусцеюць. Пачуццё гонару за сваю маленькую радзіму, за сваё мястэчка ці гарадок можа стаць фактарам, які затрымае людзей на месцы і падштурхне да таго, каб адрадзіць былую славу мястэчак замест таго, каб уцякаць з іх.

IMG_7053

– Людзі ўцякаюць у Мінск па эканамічных прычынах...

– Так, але веданне гісторыі можа мець і эканамічны эфект: наяўнасць багатай гісторыка-культурнай спадчыны мае уплыў на развіццё турызма ў рэгіёне. Я спадзяюся, што мая праца таксама адыграе сваю ролю, што я змагу звярнуць увагу людзей да іх каранёў, да тых маленькіх гарадкоў, дзе яны нарадзіліся, і паказаць, што ў іх і сёння можна жыць. Ці хаця б выкарыстоўваць колішнія мястэчкі ў якасці спальных гарадкоў. Ведаючы пра мінулае, лёгка ганарыцца тым, што жывеш у слаўным горадзе, які калісьці належаў, скажам, славутаму ваеначальніку Канстанціну Астрожскаму, як Косава, ці ў Глыбокім, дзе нарадзіўся наш знакаміты палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі. Ці ў мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, дзе нарадзіўся вялікі яўрэйскі дзеяч Эліэзер Бэн-Ягуда, які адрадзіў сучасную яўрэйскую мову – іўрыт.

– Вы неаднойчы казалі пра тое, што настальгія – падмурак для турызма. Сёння настальгію даволі ўдала выкарыстоўваюць на сельскіх сядзібах, узнаўляючы побыт продкаў. Як можна выкарыстоўваць настальгію на карысць турызму ў мястэчках?

IMG_4910

Руiны замка ў Косава

– Агратурызм – плынь, якая сёння ў нас актыўна развіваецца, падтрымліваецаа дзяржавай, але сельскі турызм сам па сабе, без пазнавальнага турызма – не грае. Так, у нас добрая прырода, прыгожыя дзяўчаты, але гэтага недастаткова. Каб зацікавіць і мясцовых турыстаў, і замежных, трэба агратурызм звязваць з пазнавальным турызмам, веданнем гісторыі мястэчка, расповедам пра тую спадчыну, якая ў нас засталася. Аднавіць нейкае старажытнае замчышча ці палац, храм, ці нават звычайны панскі маёнтак – гэта складана і патрабуе вялікіх сродкаў. Ёсць спосаб аднаўлення спадчыны больш просты і танны, але тым не менш эфектыўны – адра­джаць памяць пра знакамітых людзей, якія паходзяць з тых ці іншых мясцін. І вось тут, я думаю, цалкам магчыма выкарыстоўваць настальгію і пачуццё гонару за тое, што ты з’яўляешся земляком знакамітых людзей. На маю думку, турыстычныя арганізацыі павінны знаходзіцца ў цесным кантакце з мясцовымі краязнаўцамі, з мясцовымі грамадскімі аргані­зацыямі. У гэтых праектах па ўзнаўленню памяці славутых зем­ля­коў павінны ўдзельнічаць і дзяр­жаўныя, і недзяржаўныя структуры, апазіцыйныя – якая розніца, калі гэта аб’ядноўвае людзей агульнай справай? Наадварот, гэта кансалідуе грамадства.

– Што канкрэтна могуць зрабіць краязнаўцы, грамадскія актывісты, зацікаўленыя асобы, каб адрадзіць былую славу мястэчак?

– Трэба пачынаць з малога: неяк дабівацца, каб на мясцовым, раённым узроўні вывешваць хаця б шыльды: «У гэтым доме жыў…» ці «Тут нарадзіўся…» Яшчэ адзін шлях – перайменаванне вуліц: у такіх мястэчках вуліцы павінны насіць імёны славутых землякоў. Можна звяртацца да мясцовых краязнаўцаў, каб яны, выкарыстоўваючы назапашаны матэрыял, пісалі кнігі пра гэтых знакамітых асоб. Ну, і самы шыкоўны ход – адкрыццё музеяў у гонар гэтых людзей на іх радзіме. Стварэнне музея – гэта ўсё ж такі не адраджэнне цэлых архітэктурных комплексаў. Можна звярнуццца за падтрымкай да сваякоў, спадкаемцаў славутай асобы, калі яны засталіся. А калі гэтая асоба – дзеяч польскай, яўрэйскай, рускай культуры, можна знайсці спонсара за мяжой, звярнуцца ў адпаведнае пасольства. Гэты крок дапаможа прыцягнуць інвестыцыі, якія нам патрэбныя, – інвестыцыі ў турыстычную дзейнасць і ў кансалідацыю нашага грамадства.

IMG_1992

Помнiк Адаму Мiцкевiчу ў Навагрудку

На жаль, такіх персанальных музеяў у нас небагата. Дзейнічае музей Марка Шагала ў Віцебску. Існуе музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку… А вось у маленькіх гарадках, якія сталі раённымі цэнтрамі, амаль нідзе няма. Я, вядома, не заклікаю ствараць музеі, прысвечаныя такім асобам як Сувораў, хоць акурат такі музей і дзейнічае ў Кобрыне. Якую ролю адыграў у нашай гісторыі гэты чалавек? Атрымліваецца, што гэта музей не нашага нацыянальнага героя, а нават, можна сказаць, антыгероя.

– Усё залежыць ад таго, якая ідэалогія пануе ў грамадстве...

– У гэтым i ёсць наша вялікая праблема: мы яшчэ не стварылі для сябе такой агульнай Беларусі, якая была б прыймальная для ўсіх: адны ствараюць прасавецкую, прарасійскую Беларусь, нейкую правінцыю Расіі, іншыя ствараюць празаходнюю Беларусь ці польскую правінцыю… Нам усім патрэбна свая Беларусь, незалежная, якая аб’яднае ўсіх, якая з’яўляецца спадкаемцай Полацкага, Тураўскага княстваў, Вялікага княства Літоўскага, за якую змагаліся Канстанцін Каліноўскі, Антон ды Іван Луцкевічы і г.д. Адсутнасць такой канцэпцыі стрымлівае намаганні грамадства ў тым ліку і па развіццю турыстычнай дзейнасці, таму што не  кожная ідэя знаходзіць паразуменне і падтрымку. Трэба шукаць у такім выпадку нейкія кампрамісныя фігуры, якія змогуць аб’яднаць усіх, але пры гэтым усё ж прытрымлівацца нейкай этнацэнтрычнай арыентацыі – разглядаць Беларусь як самадастатковую краіну і беларусаў як самастойны суб’ект гісторыі. Вось так трэба, а не зноў і зноў адчуваць сябе правінцыяламі ці «малодшымі братамі», быццам бы мы народ незразумелы, недарэчны, цёмны, з каўтуном у галаве. У нас ёсць чым ганарыцца, і гісторыя нашых мястэчкаў акурат ілюструе багацце нашай гісторыі. У грамадстве склалася ўяўленне пра мястэчка як пра сукупнасць, комплекснае паселішча розных народаў, у якіх канцэнтраваліся не толькі яўрэі, але і беларускія сяляне, быў і польскі этнас, і галоўнае, што мястэчкі былі сваеасаблівымі цэнтрамі польскіх маёнткаў. Ці ў самім мястэчку, ці побач з ім быў маёнтак, і там канцэнтраваліся скарбы нашых продкаў. Бо кім насамрэч былі гэтыя «польскія» паны? Па этнічным паходжаннi – беларусы, але спаланізаваныя, якія прынялі каталіцкую веру. Яны ператваралі свае маёнткі ў сапраўдныя музеі. У маёнтках размяшчаліся і карцінныя галерэі, і архівы, і музейныя зборы, і багатая мэбля. Дый самі палацы як архітэктурныя творы ўяўлялі сабой вялікую культурную каштоўнасць. Мястэчкі трэба разглядаць у комплексе і не саромецца ўшаноўваць памяць сваіх шляхетных суайчыннікаў. Чаму б нам, напрыклад, не стварыць музей роду Храптовічаў у Шчорсах, музеі Радзівілаў ці Сапегаў у іх колішніх маёнтках? Такіх музеяў не існуе, бо, паводле бальшавіцкай ідэалогіі, магнаты былі эксплуататарамі, а значыць, не вартыя нашай увагі. Сёння мы маем магчымасць зірнуць на гэтых людзей з іншага пункту гледжання. Цяпер, калі ідзе фарміраванне рыначных адносін, прыклады паспяховай эканамічнай дзейнасці на Беларусі маюць вялікае значэнне.

– Якія рысы ўласцівыя мястэчку, па якіх прыкметах чалавек можа пазнаць, што знаходзіцца менавіта ў беларускім мястэчку?

– Беларускія мястэчкі – тыповыя паселішчы пераходнага гарадскога тыпу паміж горадам і вёскай. Яны прэзентавалі нашу драўляную цывілізацыю – былі маленькія, аднапавярховыя і раскіданыя ў прасторы. Камяніц у мястэчку было мала – часцей за ўсё храмы ды самі панскія маёнткі. Актыўная забудова камяніцамі пачалася толькі ў канцы XIX стагоддзя. А ўзніклі мястэчкі ў XVI стагоддзі, калі пачалі ўзмацняцца сувязі Беларусі з Захадам. Наша краіна пастаўляла ў Заходнюю Еўропу збожжа і лес. Мястэчкі з’явіліся  менавіта як кропкі гандлёвай камунікацыі. Сюды сцягвалiся збожжа і лес, якія накіроўваліся потым ў буйныя гарады, а пазней – у парты, адкуль гэта вывозілася ў Галандыю. З Галандыі беларускае збожжа рассыпалася па ўсёй Еўропе! А мачтавы лес служыў матэрыялам для будаўніцтва караблёў англійскага флота, самага магутнага ў XVII стагоддзі.

Паселішчы такога тыпу былі характэрныя для ўсёй тагачасай Еўропы. У Германіі такіх мястэчак было пад 3 тысячы, у Італіі – 7 тысяч, яшчэ больш – у Францыі. У Беларусі ў самы росквіт налічвалася каля 600 мястэчак. Таму нашы мястэчкі можна і трэба разглядаць як тое, што яднала беларускія землі з Заходняй Еўропай. У Маскоўскай дзяржаве мястэчак не было: у аграрнай краіне не было патрэбы ў такіх рыначных вузлах.

IMG_2581

Вяндлярня ў Шчорсах

Мястэчкі вылучаліся яшчэ і тым, што былі паселішчамі вольных лю­дзей. Хоць паселішчы і лічыліся панскімі, тым не менш паміж маёнткам і жыхарамі мястэчка існаваў эфектыўны падзел працы. Беларускія сяляне займаліся сельскай гаспадаркай – яны кармілі местачкоўцаў. Яўрэі займаліся гандлем і рамёствамі, забяспечвалі местачкоўцаў і акругу таннымі рамесніцкімі вырабамі. Сярод рамеснікаў, вядома, былі і беларусы. Паны, носьбіты пераважна польскай культуры, уносілі ў агульную «скарбонку» інтэлектуальны капітал. У гэтых людзей быў час для заняткаў, развіцця культуры і навукі. Гэта мадэль тыповага беларускага мястэчка працягвала працаваць і значна пазней, ужо пад Расіяй, пакуль не былі праведзеныя чыгункі. Са з’яўленнем чыгункі эканамічная роля мястэчак стала змяншацца.

Я разглядаю мястэчка як свае­асаблівую песню ў выкананні розных народаў. Гэта было шматгалоссе – этнічнае, культурнае, канфесійнае, і людзі жылі ў згодзе, а верацярпімасць была натуральнай, традыцыйнай. Пазней гэтая амаль што ідэальная мадэль пачала разбурацца – спачатку царскай Расіяй, а пасля – бальшавікамі.

– Ці захаваліся тыповыя рысы мястэчкаў на Беларусі?

– Некаторыя мястэчкі, асабліва на захадзе Беларусі, здолелі захаваць сваю планіровачную структуру. І асабліва там, дзе будаваліся фабрыкі, заводы, філіялы, – вось там сапраўды захавалася старая планіроўка, часткова – старыя будынкі, храмы, ратушы, якія можна ўзнавіць. Дарэчы, зусім не варта будаваць панэльныя дамы, якія там абсалютна не да месца, лепей – двух-трохпавярховыя катэджыкі. Няхай сабе і з сучасных матэрыялаў, але захоўваючы архітэктурную традыцыю і стыль. Гэта дапамагло б ператвараць нашы былыя мястэчкі ў прывабныя для жыцця месцы. Яны сапраўды могуць вабіць – чыстым паветрам, адсутнасцю мітусні, турыстычнай інфраструктурай. Іх можна выкарыстоўваць як спальныя раёны, дзе можна адпачываць. Гэ­ты патэнцыял нашых мястэчак зусім не вы­ка­рыстоўваецца. Мя­с­тэчкі маглі б стаць цудоўнай альтэрнаты­вай аграгарадкам, пры­вабіць і як месцам жыхарства, і помнікамі на­шага мінулага. Бо аграгарадкі – гэта вёскі часам на голым месцы, дзе ўсе домікі падобныя адзін да аднаго. Гэта па сутнасці казармы! Вось раней у Расіі былі ваенныя паселішчы – дык і тут мы бачым нешта падобнае. Гэта прымітыўны падыход да жыллёвай праблемы: абы дах над галавой быў. Дарэчы, аграгарадкі будуюцца з разлікам на пэўную колькасць насельніцтва, але гэтая колькасць непазбежна скарачаецца. Людзі сцякаюцца ў вялікія гарады.

2007.05

Царква ў Глыбокiм

– Якія ўмовы неабходныя для адраджэння мястэчак?

– Ёсць меркаванне, што нашы землі пусцеюць, што іх займаюць перасяленцы, кітайцы, напрык­лад. Мы можам кантраляваць свае землі, не будаваць нікому не патрэбныя аграгарадкі, а прыватызаваць зямлю. Нашы тэрыторыі можна эфектыўна кантраляваць пры дапамозе нашага ж нацыянальнага капітала! Калі б гэта зямля належала прыватным асобам – фермерам, нашым памешчыкам, яна б не была нічыйнай, не стаяла б пустэчай. Яна б належала народу, з яе наш народ атрымліваў бы прыбытак, вось тады яна сапраўды знаходзілася б пад кантролем. Вось у чым сутнасць, а не ў тым, што мы прымусім наша насельніцтва выехаць са сталіцы, з гарадоў у аграгарадкі. Адна з праблем адраджэння спадчыны і развіцця турызму – тое, што мы не маем такіх фундатараў, спонсараў, якія былі калісьці на гэтай зямлі. Тых памешчыкаў, якіх мы вывелі, знішчылі, трэба цяпер аднаўляць. Калі б такому гаспадару аддалі маёнтак, які быў побач з мястэчкам, ён бы аднавіў і маёнтак, і мястэчка, і яго гісторыю, і памяць пра славутых асоб. Адкуль дзяржава возьме сродкі на аднаўленне 600 мястэчкаў?! Без прыватнага капіталу немагчыма аднавіць і захаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну. Галоўная праблема ў тым, што ў нас няма імкнення пабудаваць адзіную Беларусь для ўсіх. Гэтую адзіную Беларусь спачатку трэба пабудаваць у нашых галовах. І тады ўсё ў нашым жыцці пой­дзе значна прасцей, і не толькі ў горадабудаўніцтве ці турызме...

Людміла Дрык,фота Сяргея Плыткевіча, tio.by