“Вянок беларускі” пачнецца з Рыгора Барадуліна

Напачатку Года кнігі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” разам з выдавецтвам “Юніпак” вырашылі заснаваць новую літаратурную падсерыю “Вянок беларускі”, пачне якую паэтычны зборнік выбраных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Напачатку Года кнігі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” разам з выдавецтвам “Юніпак” вырашылі заснаваць новую літаратурную падсерыю “Вянок беларускі”, пачне якую паэтычны зборнік выбраных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Пра праект “Вянок беларускі” мы гутарым з аўтарам ідэі Валерам Дубоўскім.

— Спадар Валер, як да вас прыйшла ідэя праекту, і чаму вырашылі пачаць менавіта з кнігі Рыгора Барудуліна?

— Як беларус даўно адчуваў няёмкасць: чаму не маю на сваіх кніжных паліцах “выбранага з выбранага” нашага геніяльнага паэта і сучасніка Рыгора Барадуліна? Чаму і тыя беларусы, для каго роднае слова, беларуская мова — існыя праявы нацыянальнага характару, таксама гэтага не маюць? Невялікага па фармаце і ёмістага па энергетыцы тома, які ў сённяшнім шпаркім,  на злом галавы, часе можна разгарнуць на любой старонцы і атрымаць натхненне, заспакаенне, вялікае духоўнае свята, эстэтычную асалоду, інтэлектуальную спатолю. Нагбом глынуць народнай дасціпнасці і элітарнай паэтычнай філасофіі, якую спасцігаць і спасцігаць.

Чаму, пытаю сябе, ты, выдавец, не выдаў, не распачаў нешта падобнае? Скажам, серыю “Вянок беларускі”.

Пасля станоўчага рашэння сумневу не было: пачынаць трэба з Барадуліна, якога лічу першым сярод першых.

Сто гадоў, што мінулі пасля вялікага пачатку, – Купалы, Коласа, Багдановіча – наканавалі менавіта Рыгору Барадуліну ўзняць беларускае мастацкае слова на вышэйшы ўзровень, і не толькі ў межах краіны. Божы дар паэта, яго чалавечыя якасці, шырокая, і не толькі філалагічная, адукаванасць дазволілі яму зрабіць гэта.

У першую кнігу “Вянка беларускага” ўвойдуць каля 100 вершаў (магчыма, і не толькі вершаў) народнага паэта. Гэта будуць найбольш знакамітыя, лепшыя творы з агромністай скарбніцы мудраслоўя дзядзькі Рыгора.

Дарэчы, мэта зрабіць выданне сціслым і затрымала яго падрыхтоўку да друку. Вельмі цяжкая і адказная справа — якасна выбраць лепшае з такога вялізнага творчага набытку. Дзеля паскарэння працы і давялося звярнуцца па дапамогу да літаратараў, грамадскасці.

—  Якога чакаеце плёну ад такога выдання?

Па-першае, яно будзе. І яно можа падштурхнуць чытачоў, выдаўцоў, пісьменніцкія саюзы да разумення, што нам усім трэба складваць высілкі, як гэта робяць армяне, яўрэі, палякі, украінцы, рускія, немцы. Збіраць інтэлектуальны плён нацыі. Зберагаць і пашыраць сваю мову, літаратуру.

Гэтае выданне можа зачапіць добрыя струны ўладных душ, каб памысліць над бюджэтам, дзяржаўнымі заказамі для ўсіх выдаўцоў — дзяржаўных і недзяржаўных.

—  Што плануецца пасля выдання кнігі Барудуліна?

Пасля выхаду ў свет кнігі Рыгора Барадуліна, на маю думку, трэба было б выдаць выбранае з выбранага іншых выбітных сучасных творцаў: Уладзіміра Арлова, Генадзя Бураўкіна , Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько – Майсюка, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава... Гэта, безумоўна, не ўвесь пералік.

З творцаў, што ўжо пайшлі ад нас, назаву Яўгенію Янішчыц, Анатоля Сербантовіча, Анатоля Сыса, Рыгора Семашкевіча. Па вялікім рахунку, не стае падобных выданняў і больш шырока вядомых нашых класікаў.

Адзін выдавец ці адно выдавецтва такі праект не пацягне. Трэба звярнуцца да свайго ж досведу мінулых гадоў. У 1990 годзе да 500-годдзя Францыска Скарыны рознымі беларускімі выдавецтвамі у рамках спецыяльнай праграмы было выдадзена шмат грунтоўных, па-мастацку зробленых кніг пра нацыянальнага першадрукара. Дарэчы, у 2017 годзе зноў выключная дата — 500 гадоў беларускага кнігадрукавання.

Давайце разам друкаваць лепшае, што створана  нашымі літаратарамі розных часоў.

***

Каб найбольш аб’ектыўна адабраць 100 найлепшых твораў Рыгора Барадуліна, якія ўвойдуць у зборнік, арганізатары звяртаюцца па дапамогу і да грамадскасці. Будзем вельмі ўдзячныя, калі Вы цягам двух месяцаў дашлеце свой спіс дзесяці найлепшых, на Вашую думку, вершаў Рыгора Іванавіча на e-mail: vyanok.b@gmail.com. Таксама чакаем Вашых прапановаў наконт аўтараў наступных кніг «Вянка беларускага».

Прэсавая служба СБП