«Будзьма!» выдала першыя візы ў «Краіну цмокаў» + фота

Адмысловы «Цмок-тур», зладжаны грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», адбыўся 1 сакавіка ў сталічнай Галерэі «Ў». Госці маглі трапіць у культурную вандроўку толькі па запрашальніку-візе ў «Краіну цмокаў».
Адмысловы «Цмок-тур», зладжаны грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», адбыўся 1 сакавіка 2012 года ў сталічнай Галерэі «Ў». Госці маглі трапіць у культурную вандроўку толькі па запрашальніку-візе ў «Краіну цмокаў». Галоўнай падзеяй вечара стала прэзентацыя турыстычнага сімвала Беларусі, распрацаванага на падставе вобразаў старадаўняга беларускага цмока.У межах «тура» прайшла таксама і выстава дзіцячых малюнкаў, створаных падчас конкурсу ад мінскай кампаніі «Тэхналогія». Разынкай імпрэзы стаў новы ролік “Краіна Цмокаў. Малюем разам” .

Глядзець ролік “Краіна Цмокаў. Малюем разам”

У здымках роліка прынялі ўдзел: Ганна Хітрык, Валерыя Валодзька, Аляксандр Памідораў, Андрусь Такінданг, Сяргей Скараход і іншыя. Фота з працэсу здымак можна паглядзець тут.

Новы сімвал — частка камунікацыйнага праекту кампаніі, які спрыяе фармаванню сучаснага культурніцкага коду і візуальнай прасторы Беларусі на падставе нацыянальнага, беларусацэнтрычнага падыходу. Каментуе Алена Макоўская, каардынатар «Будзьма беларусамі!»: «У нашым грамадстве назіраецца значная цікавасць да брэндынгу краіны, распрацоўкі сімволікі гарадоў, раённых цэнтраў, мястэчак. Мы прапанавалі ў якасці турыстычнага сімвала краіны цмока, якога лічым вельмі харызматычным персанажам айчынай міфалогіі. Пакуль у беларускага «калегі» шатландскай Нэсі няма ўласнага імя, але гэта справа часу».

Праект пачаўся ў кастрычніку 2011 года, калі журналіст Зміцер Навіцкі выправіўся шукаць цмока на Палессе. Пазней гісторыю і характар міфалагічнай істоты абмяркоўвалі ў студыі TUT.BY, на старонках часопіса «Большой», на папулярных моладзевых інтэрнэт-парталах, у сацыяльных сетках. У канцы мінулага года «Будзьма!» павіншавала сваіх сяброў і партнёраў адмысловай паштоўкаў-цізерам, зробленай ў выглядзе яйка цмока вядомым мастаком Міхалам Анемпадыставым. Значны ўклад зрабіла і Юлія Рудзіцкая (рэжысёр анімацыйнага фільма «Будзьма беларусамі!»), якая у межах праекту стварыла некалькі арыгінальных вобразаў цмока. Менавіта на іх падставе была праведзеная галасаванка на рэсурсах budzma.org і TUT.BY і абраны, на думку чытачоў, найлепшы.

«Будзьма беларусамі!» працягне «цмок-туры» і пасля 1 сакавіка. Плануецца спецыяльная праграма для кіраўнікоў турфірмаў, уладальнікаў агарасядзібаў, а таксама для журналістаў і блогераў, прадстаўнікоў культурніцкіх установаў.

Падчас імпрэзы Алена Макоўская таксама адзначыла: «На нашу думку, варта істотна пашыраць кола зацікаўленых у пошуку новых цікавых сімвалаў і багатых вобразаў, якія адпавядаюць беларускай ментальнасці і грунтуюцца на айчынных традыцыях і гісторыі. Гэта датычыць не толькі турызму, але і самых розных сфераў дзейнасці. Напрыклад, спецыялісты сведчаць, што айчынным вытворцам-экспарцёрам сёння востра не хапае яскравых беларускіх назваў для сваёй прадукцыі, каб вылучыцца з агульнай масы і падкрэсліць якасць маркі «Зроблена ў Беларусі».

Для прасоўвання праекту ў межах фестывалю журналістыкі «Твой стыль» кампанія «Будзьма беларусамі!» заснавала намінацыю «Краіна цмокаў. Старыя-новыя сімвалы Беларусі». Найлепшы журналісцкі матэрыял па тэме будзе ўзнагароджаны 25-27 траўня ў Гродне.

Пашпартны кантроль пры ўваходзе

Распачаў вечарыну Андрусь Такінданг з гуртом "Рэха"

Каардантар Грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" Алена Макоўская

Каардантар Грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская

Марыя Кавальчук,кампанія "Тэхналогія"

Зміцер Навіцкі

Руся з праектам "Шума"

budzma.org