
Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” стаў пераможцам фестывалю One Short Film Fest у намінацыі “Анімацыя”. Згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце фестывалю, фільм-пераможца цяпер паедзе на міжнародныя фестывалі — партнёры One Short Film Fest: METRES (Цвер, РФ), АРТ-Кино (Масква, РФ), Манхэтэнскі фестываль (NY, USA) і Kurzfilmtage Winterthur (Цюрых, Швейцарыя).

Кінафестываль ONE SHORT FILM FEST прайшоў у Беларусі другі раз. У фестывалі ўзялі ўдзел кароткаметражныя фільмы ў чатырох намінацыях:
- Гульнявое кіно
- Дакументальнае кіно
- Арт-хаўс
- Анімацыя
Пераможцамі сталі стужкі «Чалавек на зямлі» (дакументальны фільм) «Добрай раніцы, зорны свет!» (арт-хаўс) і «Irrelative» (гульнявое кіно).
Мультыплікацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" выйшаў на маніторы краіны і цэлага свету ў межах супольнага праекту культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" і партала TUT.BY – "БудзьмаTUT". Першая спроба паказаць за пяць хвілінаў тысячагадовую гісторыю Беларусі сабрала за гэты час амаль мільён праглядаў на розных рэсурсах у сеціве. 28 траўня споўніцца год з моманту першай дэманстрацыі анімацыйнага фільма, які ўжо стаў прэцэдэнтам у сучаснай беларускай культуры.