Кампанія Microsoft абвясціла, што ў новай Windows 8 з’явіцца адразу 14 новых моваў і дыялектаў. Разам з тымі, якія ўжо падтрымлівае Windows 7, лічба дасягне 109. Кіраўнік міжнароднай праграмы Microsoft Ян Гамільтан растлумачыў, што новыя ўбудаваныя моўныя пакеты скіраваныя на ключавыя для карпарацыі маладыя рынкі.
«З Windows 8 мы змянілі нашае ўяўленне пра мову, зрабілі лакальныя мовы прыярытэтам, каб карыстальнікі мелі магчымасць працаваць на любой мове з любога кампутара з усталяванай Windows 8”, – адзначыў Гамільтан.
Усяго ў новую аперацыйную сістэму ўключана 13 новых моваў: панджабі (Пакістан), сіндская (Пакістан), курдская (Ірак), уйгурская (Кітай), беларуская, кіньяруанда (Руанда), тыгранья (Эфіопія), таджыкская, валоф (Сенегал), кічэ (Гватэмала), чэрокі (ЗША), гэльская (Злучанае Каралеўства) і валенсійская (Іспанія). Акрамя таго з’явіцца брытанская версія ангельскай мовы.
Першая дэманстрацыя новай аперацыйнай сістэмы прызначаная ўжо на 29 лютага.
budzma.org паводле myce.com