Прафесар Міхаіл Цікоцкі адзначыў 90-гадовы юбілей

Выдатны беларускі мовазнавец і журналіст, доктар філалагічных навук Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі — чалавек рускі па паходжанні, але беларус — па духу.

Выдатны беларускі мовазнавец і журналіст, доктар філалагічных навук Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі — чалавек рускі па паходжанні, але беларус — па духу.

Аднойчы ўдакладніла ў прафесара: вашы карані ў Пецярбургу? Ён адказаў досыць рэзка: "Гэта няважна! Хоць карані мае сапраўды расійскія, душой я беларус. І словам — беларус!" Невыпадкова ўсё жыццё ён вывучае сугучнасць слоў жывых сваёй РОДНАЙ беларускай мовы.

Ён нарадзіўся ў сям'і Яўгена Карлавіча Цікоцкага — вядомага кампазітара, народнага артыста СССР, аднаго з заснавальнікаў прафесійнай музычнай творчасці ў Беларусі. Па бацькавым шляху не пайшоў, бо з дзяцінства была велізарная цікавасць да слова, яшчэ хлапчуком пісаў вершы і нават паэмы.

Ён скончыў школу ў 1941 годзе, на 22 чэрвеня быў прызначаны выпускны баль. Але... свой "чорны баль" распачала вайна. Два гады — у акупацыі. У 1943-м удалося звязацца з партызанамі: Любанскі раён, востраў Зыслаў. Потым на самалёце сям'ю вядомага кампазітара Цікоцкага пераправілі ў Маскву. Адтуль пайшоў на фронт. Ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. Дайшоў да Кёнігсберга. Быў паранены... Сярод шматлікіх узнагарод самыя дарагія — два медалі "За адвагу". Узнагароды гэтыя даваліся толькі за баявыя дзеянні...

Пасля вайны паступіў на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Вучыўся і паралельна працаваў у газеце "Савецкі селянін", потым у "Калгаснай праўдзе", супрацоўнічаў з "Вожыкам".

Міхаіл Цікоцкі — у ліку заснавальнікаў школы беларускай стылістыкі, аўтар прац па вывучэнні мовы нашых класікаў — Я. Коласа, Я. Купалы, К. Чорнага, М. Лужаніна, У. Караткевіча, І. Мележа... Грунтоўна займаўся стылістыкай публіцыстычных жанраў.

Больш як паўвека прафесар Міхаіл Цікоцкі выкладаў на факультэце журналістыкі БДУ. Не адно пакаленне журналістаў з удзячнасцю ўспамінае яго ўнікальныя моўныя ўрокі.

Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі ўзнагароджаны знакам "Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта". Днямі гэтую ганаровую ўзнагароду прафесару ўручылі дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік і загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Віктар Іўчанкаў.

23 лютага ў Інстытуце журналістыкі пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Жыццём і словам прысягаючы...", прысвечаная 90-годдзю доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Яўгенавіча Цікоцкага.

 

Таццяна Падаляк, Звязда