У сакавіку ў тэставым рэжыме з’явіцца беларускамоўны канал "Беларусь-3"

Белтэлерадыёкампанія плануе ў сярэдзіне сакавіка 2012 года ў тэставым рэжыме запусціць канал беларускай культуры "Беларусь-3". Аб гэтым паведаміў сёння на справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў старшыня асацыяцыі Генадзь Давыдзька, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Чакаецца, што ўжо ў кастрычніку ён увойдзе ў абавязковы пакет кабельных аператараў. Гэта беларускамоўны тэлеканал, дзе будзе прадстаўлена лепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубліраваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плана, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў. Яго стварэнне плануецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

"Гэта тая ніша, якая цяпер не запоўнена. З запускам "Беларусь-3" канал "Беларусь-2" стане канчаткова спартыўна-забаўляльным, а "Беларусь-1" - універсальным каналам. У перспектыве ў абавязковы пакет кабельных аператараў увойдзе яшчэ і кругласутачны інфармацыйна-аналітычны канал "Беларусь24", - растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА Генадзь Давыдзька. На яго думку, беларуская нацыянальная культура, творчыя саюзы маюць патрэбу ў папулярызацыі, і тэлеканал "Беларусь-3" будзе гэтаму садзейнічаць.

БЕЛТА