Зацверджаная праграма святкавання 1150-годдзя Полацка

Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і святкаванні 1150-годдзя Полацка на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Анатолем Тозікам на паседжанні 8 лютага разгледзеў і зацвердзіў праграму і фармат святкавання памятнай даты.

Таксама на паседжанні зацверджаны склад рэжысёрска-пастановачнай групы, у якую ўвайшлі вядомыя спецыялісты ў сферы культуры, разгледжаныя варыянты сувенірнай і друкаванай прадукцыі, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні горада. Распрацавана некалькі новых турыстычных маршрутаў, вырабляецца тэматычная сацыяльная рэклама, вядзецца работа па прыцягненні да святкавання круглай даты спонсараў.

У плане будучых мерапрыемстваў — правядзенне міжнародных навукова-практычных канферэнцый, праваслаўных канферэнцый з удзелам прадстаўнікоў гарадоў трох Святых Сафій (Ноўгарада, Кіева і Полацка), фестывалю праваслаўнай творчасці, міжнароднага фестывалю опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі, выставы фатаграфіі і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кірмашу рамёстваў. Спецыяльна для гасцей будзе працаваць Горад майстроў.

Урачыстасці з нагоды 1150-годдзя Полацка стартуюць увечары 25 траўня і працягнуцца па 5 чэрвеня. На цырымонію плануецца запрасіць замежных гасцей, дыпламатычны корпус, прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў Полацка.

Як паведамлялася, ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012–2013 гадоў.

У штаб-кватэры гэтай міжнароднай арганізацыі ў Парыжы ў кастрычніку 2012 пройдзе выстава. Пачалася падрыхтоўка да экспазіцыі, у якую будуць уключаныя фатаграфіі, якія расказваюць аб мінулым і сучаснасці Полацка. Таксама пры фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА ў Полацку пройдзе навукова-практычная міжнародная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі».

Першая сталіца Беларусі, горад Полацк быў пабудаваны на адным з маршрутаў вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», пры ўпадзенні ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну. У Полацку зарадзілася беларуская дзяржаўнасць і культура, тут з’явіліся на свет Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі. Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» за датай 862 год. Горад стаў цэнтрам Полацкага княства, якім правіла самастойная дынастыя. Адно з самых старажытных усходнеславянскіх княстваў праіснавала больш за тры стагоддзі.

БЕЛТА