У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце вялікая рэформа — зачыняюцца сем педагагічных спецыяльнасцяў. Дзіўным чынам атрымалася, што на чатырох з іх рыхтавалі менавіта філолагаў беларускай мовы. Пры гэтым набор на спецыяльнасці, па якіх рыхтуюцца выключна рускамоўныя філолагі, не скарочаны.
У прыватнасці, у наступным годзе ў БДПУ вырашылі адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях “Беларуская мова і літаратура”, “Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова”, “Беларуская мова і літаратура. Ангельская мова”, а таксама спецыялістаў у беларускамоўнай журналістыцы. Акрамя гэтага, ва ўніверсітэце прыпыняюць навучанне гісторыкаў-географаў.
Цяпер галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны будзе рыхтаваць настаўнікаў беларускай мовы толькі па двух спецыяльнасцях. Рускай мове будуць навучаць на трох спецыяльнасцях, дзьве з якіх звязаныя для прэстыжнасці яшчэ і з кітайскай і італійскай мовамі.
Замест гісторыкаў і філолагаў у БДПУ будуць рыхтаваць біёлагаў і лагапедаў — менавіта такія спецыяльнасці адчыняцца ў 2012 годзе ва ўніверсітэце.
“План прыёму застаўся прыблізна на ўзроўні 2011 года”, — заявіў Interfax.by адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Якавенка. У 2012 годзе, паводле яго словаў, на дзённую форму навучання возьмуць каля 2630 чалавек (915 на бюджэт і 1715 платнае).
Магілёўскі ўніверсітэт таксама пазбаўляецца ад беларускай
Выпадак з БДПУ — не адзіны. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова нядаўна абвясціў, што збіраецца адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў. У лік зачыненых трапіла і спецыяльнасць з профільнай беларускай мовай.
Як піша “Народная Воля”, сёлета не будзе прыёму студэнтаў на “беларускую і рускую мовы”, “гісторыю рэлігіязнаўства”, “пачатковую адукацыю і выяўленчае мастацтва”.
З рэкамэндацыі Мінадукацыі, магілёўскі ўніверсітэт таксама плануе скараціць колькасць бюджэтных месцаў для эканамістаў, юрыстаў, журналістаў і настаўнікаў фізкультуры.
Беларускамоўныя філолагі непатрэбныя?
Дык чаму ж тады ўніверсітэты адмаўляюцца ад набору на спецыяльнасці, звязаныя менавіта з беларускай мовай?
Нядаўна Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ скараціць набор на педагагічныя спецыяльнасці на 14%. Гэтым можна патлумачыць агульны трэнд на адмову ад прыёму будучых выкладчыкаў. Але аналіз папулярнасці настаўніцкіх спецыяльнасцяў дае несуцяшальную карціну.
У тым самым педагагічным ўніверсітэце ўступная кампанія мінулага года на факультэце беларускай і рускай філалогіі скончылася фактычным правалам. Не знайшлося жадаючых вучыцца на пяці бясплатных месцах па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова” і чатырох чалавек на бюджэт для спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура”. Дарэчы, менавіта ад набору на гэтыя спецыяльнасці сёлета адмаўляюцца ў БДПУ.
Не лепей сітуацыя і ў іншых ВНУ краіны. Напрыклад, у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце: там на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (ангельская)” філалагічнага факультэту ў 2011 ніводзін абітурыент так дакументы і не падаў. Вучыцца на выкладчыка ніхто не пажадаў, і 9 бюджэтных месцаў засталіся вольнымі. Верагодна, у 2012 годзе БрДУ таксама адмовіцца ад набору на гэту спецыяльнасць.