Паспрабуй свае сілы, малады пісьменнік!

Саюз беларускіх пісьменнікаў нагадвае, што працягваецца конкурс маладых пісьменнікаў “Экслібрыс”. Свае паэтычныя ці празаічныя творы альбо пераклады вы можаце дасылаць на адрас sbp@lit-bel.org, абавязкова (!) пазначыўшы тэмай ліста “Экслібрыс”.

Дэдлайн — 1 траўня. Творы, дасланыя пазней за гэтую дату, разглядацца аргакамітэтам конкурсу не будуць.

У лісце напішыце сваё імя, прозвішча, дату нараджэння, нумары тэлефонаў, па якіх з вамі можна звязацца, ды e-mail.

На конкурс ужо даслана багата заявак, не прапусціце магчымасць паспрабаваць свае сілы і вы!

Вось адказы арганізатараў на папулярныя пытанні ўдзельнікаў:

На якой мове мусяць быць творы?

Да ўдзелу прымаюцца ўласныя творы маладых пісьменнікаў на беларускай і рускай мовах, а таксама пераклады з замежных моў на беларускую, твораў беларускіх пісьменнікаў — на рускую.

Ці можна ўдзельнічаць ў некалькіх намінацыях?

Можна.

Якім мусіць быць аб’ём конкурснага тэксту?

Любы.

Ці можна дасылаць на конкурс тэксты, якія ўжо недзе друкаваліся?

Не варта. На конкурс дасылайце свае новыя тэксты.

Хто можа прыняць удзел у конкурсе?

Аўтар альбо перакладчык да 35 гадоў.

Конкурс “Экслібрыс”  прысвечаны класікам беларускай літаратуры, юбілеі якіх адзначаюцца ў 2012 годзе.  У 2012-м споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма, 130 — Якуба Коласа і Янкі Купалы, 125 — Алеся Гаруна і  Цішкі Гартнага, 100 — Максіма Танка, 95 — Янкі Брыля, 75 споўнілася Міхасю Стральцову...

Па сканчэнні конкурсу пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” пачне працаваць Школа маладых літаратараў, выкладаць у якой будуць таксама і замежныя аўтары.

Прэсавая служба СБП