Як Беларусь сустракае Год кнігі

Як вядома, бягучы год афіцыйна абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. У самай сціслай расшыфроўцы гэта значыць, што з помпай будуць адзначаны ўсе магчымыя юбілеі класікаў, пройдзе мноства кніжных выстаў... А вось што перападзе радавым чытачам і тым замежнікам, якія хочуць даведацца пра нашу Айчыну больш?

Як вядома, бягучы год афіцыйна абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. У самай сціслай расшыфроўцы гэта значыць, што з помпай будуць адзначаны ўсе магчымыя юбілеі класікаў, пройдзе мноства кніжных выстаў...

А вось што перападзе радавым чытачам і тым замежнікам, якія хочуць даведацца пра нашу Айчыну больш?

Беларуская бібліятэка ёсць. А кнігі?

Помпа будзе, а вось астатняе... Мы вырашылі здзейсніць адмысловы рэйд па сталічных кнігарнях. Ён пакінуў, мякка кажучы, ніякаватае ўражанне. Нават у цэнтральнай кніжнай краме на цэнтральным праспекце Мінска літаратуры беларускіх аўтараў, на беларускай мове або проста пра Беларусь адведзены сціплы закутак, сумешчаны з сувенірным аддзелам. Калі, безумоўна, не адносіць да беларускай літаратуры такую паліграфічную прадукцыю, як насценныя календары з выявамі Мінска з розных ракурсаў і маляўнічымі краявідамі краіны, зборнікі правілаў дарожнага руху і шматлікія даведнікі, карты ды атласы, сярод якіх, напрыклад, знаходка для шпіёна — карта распрацоўкі карысных выкапняў у Беларусі. Хлусіць не будзем — выбраць у падарунак сябру-турысту тут ёсць што: ад недарагіх сімпатычных беларуска- і англамоўных паштовачак (7—15 тысяч рублёў) да шыкоўнага — у скураной вокладцы з золатам — альбома "Скарбы Беларусі" (350 тысяч рублёў) або выдатнага па якасці і выкананні альбома "Чарнобыль" (240 тысяч рублёў). Багата фотаальбомаў на розныя густы: прырода, помнікі архітэктуры, палацы і храмы, гарады і людзі... Хапае таксама агітацыйна-прапагандысцкіх шэдэўраў кшталту "Рэспубліка Беларусь. Час дзеянняў і пераўтварэнняў" і "Мы дзеці твае, Беларусь". А вось мастацкія выданні класікаў і сучаснікаў занялі добра калі два стэлажы і не вытрымліваюць канкурэнцыі не тое што з маляўнічай "сувеніркай", а і са зборнікамі фэнтэзі ды жаночымі дэтэктывамі. Не дзіўна, што найчасцей у гэтым аддзеле пакупнікі запытваюць... драўляныя і металічныя сувеніры-магніцікі з сімволікай беларускіх гарадоў. За гадзіну, праведзеную ў кнігарні, толькі двое наведвальнікаў замовілі "аповесці Караткевіча на беларускай мове" і "які-небудзь альбом". Такую ж карціну можна ўбачыць і ў іншых буйных кнігарнях — большасць стэндаў беларускіх выдавецтваў выглядаюць экскурсіяй у савецкія часы, кнігі сучаснікаў губляюцца на фоне кідкіх вокладак Уліцкай, Пялевіна, Муракамі, а ў аддзелах для турыстаў наведвальніка "дабіваюць" залачоныя абрэзы бясконцых фотаальбомаў "Мая Любаншчына", "Зямля сілы. Белавежская пушча" ды выявы дзяржаўнага герба "з гіБсу пад пазалоту". Складваецца ўстойлівае адчуванне, што ў Год кнігі чытаць нам і няма чаго... У маім уласным інтэрнэт-апытанні (37 чалавек) у "Фэйсбуку" і "Вконтакте" "Якія беларускія кнігі вы параілі б пачытаць суайчыннікам?" найчасцей называліся творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна і Максіма Багдановіча, радзей называліся Якуб Колас, Уладзімір Арлоў, а таксама даследчыкі Павел Шпілеўскі і Людміла Дучыц. Зрэшты, былі таксама варыянты "канстытуцыю Беларусі" і "вершы Быкава", а адзін з удзельнікаў апытання ўвогуле разрадзіўся вершаванай эпіграмай: "Дачытаў я да канца "Вам — заданне" Чаргінца. Аўтар, маю прапанову: Стаў "Канец" пасля назовы! "Здрабнелі сёння аўтары" "Сучасная літаратура знаходзіцца не ў самых спрыяльных умовах, у многім з-за таго, што мала хто сёння чытае ўплывовых людзей і тых, хто прымае важныя рашэнні, — разважае паэт Андрэй Скарынкін, член Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы, намеснік старшыні секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі — З іншага боку, не кожны аўтар, нават таленавіты, можа надрукавацца. І гэта залежыць ад розных прычын — пачынаючы ад густу рэдактара выдавецтва да пэўных палітычных абставін. Ну і, шчыра кажучы, яркіх, прыкметных кніг, такіх, якія можна назваць сапраўднай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, асабіста мне апошнім часам не траплялася. Магчыма, я дрэнна шукаў, але часта было так: на просьбу "пакажыце беларускіх аўтараў" прадаўцы ў кнігарні прыносілі кнігі, выдадзеныя ў нашай краіне, але не беларускіх, а сучасных расійскіх пісьменнікаў і паэтаў. На мой погляд, здрабнелі сёння аўтары. Вось, напрыклад, летась мае вершы ажно двойчы надрукавалі ў расійскім "Сучасніку", але ж гэта не таму, што я такі геніяльны, а таму, што вельмі нізкі ўзровень многіх сучасных паэтаў у Расіі. Што ўжо казаць пра нашу краіну! Нам трэба яшчэ расці і расці, каб не замыкацца ў сваім местачковым наваколлі". "Чытаць ёсць каго і што!" Паэт, перакладчык і эсэіст, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Скобла прытрымліваецца іншага меркавання: чытаць заўсёды ёсць каго і што, калі самому не паленавацца, пашукаць годныя кнігі і скласці ўласную бібліятэку. — Шмат дзе (прынамсі, у раённых гарадах) кнігарні зачыняюцца або скарачаюцца да мале-е-е-нечкага аддзела ва ўнівермагу. Таму справа ратавання "тапельцаў" — справа рук саміх "тапельцаў". Збірайце ўласную бібліятэку, — кажа ён. — У мяне на кніжных паліцах месца няшмат, і там знаходзіцца толькі тое, што варта чытаць і перачытваць, да чаго рука цягнецца штодня. З гэтага спісу назаву 10 кніг, якія раіў бы прачытаць кожнаму беларусу, хоць насамрэч можна назваць такіх кніг і 100, але ж густы ва ўсіх нас розныя. Таму абмяжуемся, што называецца, выбраным з выбранага. "Ладдзя роспачы" Уладзіміра Караткевіча, кніжка прозы "Цэнтр Еўропы" і кніжка паэзіі "Плошча" Уладзіміра Някляева, паэтычны зборнік Міхася Стральцова "Мой свеце ясны" (на маю думку, гэта адзін з самых гарманічных беларускіх паэтаў). Што яшчэ? Двухтомнік Ларысы Геніюш, зборнік Леаніда Дранько-Майсюка "Гаспода" , апавяданні Янкі Брыля, паэзія Барадуліна — "Евангелле ад Мамы", раман нашай сучасніцы Наталкі Бабінай "Рыбін горад" (шкада, што дагэтуль у нас не знойдзецца свайго Эміра Кустурыцы, які мог бы экранізаваць гэты твор; у яе такая тэмпаральная проза: за адну хвіліну адбываецца адразу 10 падзей, і гэта было б вельмі цікава сучаснаму гледачу). А пад нумарам адзін — "Вянок" Максіма Багдановіча, нядаўна ў пяты ці шосты раз перавыдадзены, але ад таго не менш актуальны зборнік, прыдатны для розных часоў, розных інтарэсаў, рознага ўзроўню ведання мовы і адукацыі чытачоў. Чаму раю менавіта такі набор? У гэтых кнігах я знаходжу і эстэтычную асалоду, і нацыянальны аптымізм, і гарманічнае гучанне слова. Тым жа, хто жадае сабраць творы ўлюбёных аўтараў у хатняй бібліятэцы, але не мае ў кішэні "залатога запасу", Міхась Скобла раіць не абмінаць букіністычныя крамы. Менавіта там можна прыдбаць рэдкія выданні або, напрыклад, зборнік Караткевіча па цане 2-3 боханаў хлеба. Лічбы не цешаць За 9 месяцаў 2011 года, паводле звестак Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, айчынныя выдавецтвы выпусцілі 8090 найменняў кніг агульным накладам 31,5 тысячы асобнікаў. У параўнанні з 2010 годам колькасць найменняў кніг павялічылася на 0,4%, затое наклад паменшыўся на 17,2%. Для параўнання: ва Украіне колькасць найменняў кніжнай прадукцыі ў 2011 годзе зменшылася на 4,5%, а наклад вырас на 8%; у Расіі колькасць найменняў павялічылася на 4,1%, агульны ж наклад зменшыўся на 3,5%. Паказаць можам, расказаць — не? — Што б вы параілі пачытаць і прыхапіць з сабой замежніку, які наведаўся ў Беларусь? І ці ёсць у нас увогуле выбар "літаратуры для турыстаў"? — спыталася "Тут і цяпер" у галоўнага рэдактара газеты "Турызм і адпачынак" Ліліі Кобзік. — Паколькі цяпер вельмі развіты тэхналогіі, тая ж інтэрнэт-навігацыя, то мы ўжо істотна адсталі ад часу з выпускам кніжнай прадукцыі для турыстаў. У свой час у Беларусі не хапала добрых якасных даведнікаў, атласаў, а цяпер мы з іх выпускам ужо спазніліся. На мой погляд, Беларусь добра асэнсавана візуальна: у нас шмат мастакоў і фотамастакоў, такіх, прыкладам, як Сяргей Плыткевіч. Адпаведна, выдатна рэалізаваны мастацкі бок прадстаўлення Беларусі, у адрозненне ад вербальнага, магчыма, ідэалагічнага. Не хапае такіх рэчаў, як я бачыла калісьці ў Будапешце, — класных турыстычных даведнікаў, дзе ў простай, даступнай форме падаецца праўда пра горад і краіну: цэны, гатэлі, рэстараны, крамы... Наогул, добры турызм заўсёды прадстаўлены ў простых схемах. Прыкладам, аўдыягіды — калі ты не "прыліпаеш" да экскурсавода, як гэта адбываецца ў нас, а атрымліваеш маленькі навушнічак і, слухаючы голас экскурсавода, глядзіш на тое, што табе больш цікава, можаш адысці ад групы разам з дзецьмі і г.д. У нас такога дагэтуль няма. З'яўляюцца новыя традыцыі, нават абрады, "фішкі", модныя трэнды — зноў жа, трэба падмацаваць усё гэта азнаямляльнай літаратурай, якой у нас таксама няма. Шмат прадстаўнічай літаратуры высокай якасці, падарункавай і сувенірнай прадукцыі, але відавочна недастаткова ўтылітарнай, карыснай для турыста на час знаходжання ў краіне. Тым не менш замежнікам ёсць што павезці з сабой з Беларусі. Я раіла б звярнуць увагу на альбомы "Нечаканая Беларусь" і "Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы", "Праваслаўныя і каталіцкія храмы", даведнік "Мінск за адзін дзень". А колькі яшчэ такіх альбомаў можна было б выпусціць! У тым ліку і такім чынам эфектыўна папулярызаваць Беларусь у свеце. Да ведама Самае дарагое выданне са знойдзеных у сталічных кнігарнях — "Зямля сілы. Белавежская пушча" на беларускай і англійскай мовах, у скураной вокладцы з пазалачоным абрэзам — каштуе 434 тысячы рублёў. Самая дарагая кніга ў свеце — знакаміты "Кодэкс Лестэра" Леанарда да Вінчы, напісаны ў 1506 годзе люстэркавым шрыфтам — набыта на аўкцыёне Білам Гейтсам за 30,4 млн долараў.

svabodaby.net