Мінкульт абвяшчае конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу ў Навагрудку

З горадам Навагрудкам звязана шмат важных падзей і выбітных асоб, якія пакінулі яркі след у гісторыі беларускай зямлі. Менавіта Навагрудку выпаў гонар стаць горадам, які паклаў пачатак наймацнейшай сярэднявечнай дзяржавы Усходняй Еўропы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. І гэтая старонка гісторыі Навагрудка цесна звязана з імем легендарнага князя Міндоўга.
Міндоўг - заснавальнік і першы кіраўнік Вялікага княства Літоўскага, у якім была рэалізавана адна з гістарычных форм дзяржаўнасці на беларускіх землях. У сярэдзіне ХІІІ ст. Міндоўг аб’яднаў пад сваёй уладай літоўскія плямёны і беларускія княствы Верхняга Панямоння (Навагрудак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім). Дзейнасць Міндоўга цесна звязана з Навагрудкам. Гэты горад з’яўляўся палітычным цэнтрам, адной з галоўных рэзідэнцый Міндоўга.
У значнай ступені менавіта людскія і матэрыяльныя рэсурсы Навагрудка садзейнічалі паспяховаму правядзенню дадзенай палітыкі. Знаходжанне ў Навагрудку пры Міндоўге і яго пераемніках палітычнага цэнтра Вялікага княства Літоўскага садзейнічала яго эканамічнаму росту, забяспечвала яго высокі статус сярод гарадоў ВКЛ.
Стварэнне помніка князю Міндоўгу ў Наваградку – адным з самых старажытных культурна-гістарычных цэнтраў Беларусі, стане значнай падзеяй у культурным жыцці краіны, а таксама яркім сведчаннем шматвяковай гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’явіла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу ў Навагрудку. Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза легендарнага князя Міндоўга, асоба якога сімвалізуе глыбокія гістарычныя традыцыі існавання беларускай дзяржаўнасці.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўстанова адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”.Заяўка для прыняцця ўдзелу ў конкурсе падаецца ў Міністэрства культуры па 10 лютага 2012 г. уключна. Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі 10 лютага 2012 г. не пазней 17.00 гадзін у галерэю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Конкурсныя матэрыялы будуць разгледжаны журы не пазней 1 сакавіка 2012 г. Пераможца конкурсу атрымлівае права на стварэнне помніка.

TUT.BY