Мінкультуры лічыць важнейшай задачай прадстаўленне дасягненняў нацыянальнай культуры за мяжой

Міністэрства культуры Беларусі лічыць адной з важнейшых задач прадстаўленне дасягненняў нацыянальнай культуры за мяжой. Аб гэтым паведаміў 12 студзеня міністр культуры Павел Латушка на сустрэчы з прадстаўнікамі пасольстваў замежных краін і кіраўніцтвам акрэдытаваных у Беларусі культурных цэнтраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, ведамства плануе працягнуць удзел у міжнародных форумах выяўленчага мастацтва, адкрываць нацыянальныя павільёны на буйнейшых культурных мерапрыемствах. Акрамя таго, будзе павышацца якасць, канкурэнтаздольнасць і інвестыцыйная прывабнасць прафесійнай адукацыі ў сферы культуры, будзе развівацца экспарт адукацыйных паслуг, атрымаюць падтрымку творчыя дэбюты і наватарскія праекты творчай моладзі. Павел Латушка нагадаў, што 2012 год аб'яўлены ў Беларусі Годам кнігі. Мінкультуры будзе актыўна падтрымліваць айчынную літаратуру і прадоўжыць займацца праблемамі чытання, удзеліць увагу ўвекавечванню памяці знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў. Так, у 2012 годзе важнейшымі мерапрыемствамі ў гэтай сферы стануць святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзя Максіма Танка, 140-годдзя мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, 125-годдзя выхадца з Беларусі Марка Шагала, 120-годдзя харавога дырыжора, кампазітара Рыгора Шырмы, 1150-годдзя з часу першай узгадкі пра Полацк. На працягу года таксама плануецца правесці ХХІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", рэалізаваць праект "Культурная сталіца Беларусі - Нясвіж", арганізаваць першую Усебеларускую выстаўку сучаснага мастацтва ў Мінску, Першы беларускі музейны форум у Гродне, другую Нацыянальную тэатральную прэмію і другую Нацыянальную музычную прэмію, ХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лiстапад", завяршыць другую чаргу работ у Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі (Магілёўская вобласць). Важнейшай падзеяй года стане адкрыццё пасля рэстаўрацыі ўнікальнага аб'екта, унесенага ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, палацавага комплексу ў Нясвіжы. "Мы разлічваем, што ў вырашэнні гэтых і іншых пытанняў развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва Міністэрства культуры будзе знаходзіць падтрымку і разуменне з боку дыпламатычных прадстаўніцтваў вашых краін, - сказаў Павел Латушка, звяртаючыся да прадстаўнікоў пасольстваў і кіраўніцтва культурных цэнтраў замежных краін. - Спадзяюся і ў далейшым на вашу падтрымку і садзейнічанне ў рэалізацыі будучых сумесных праектаў". Павел Латушка таксама праінфармаваў, што на працягу 2011 года ведамствам падрыхтаваны і падпісаны міжурадавае пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з Італіяй, якое ўступіла ў сілу ў снежні мінулага года, міжведамасныя дакументы аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Арменіі і Таджыкістана. На стадыі падрыхтоўкі знаходзяцца праекты дакументаў аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Кітая, Польшчы, Латвіі, Катара, Сербіі. Міністэрствам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі працягваецца акцыя па перадачы бібліятэкам іншых краін калекцый сучасных айчынных выданняў - па 100 лепшых кніг перададзена ў нацыянальныя бібліятэкі Расіі, Азербайджана, ЗША, Літвы, Украіны.

БЕЛТА