Адам  Станкевіч нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павета, Віленскай  губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і  беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. 
Хлопчык  вельмі рана навучыўся грамаце, і бацькі, заўважыўшы яго цягу да вучобы,  аддалі яго ў царкоўна-прыходскую школу ў в. Баруны, але праз год  перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадскім  вучылішчы ў Ашмянах, а ў 1910 годзе паступіў у Віленскую каталіцкую  духоўную семінарыю, дзе арганізаваў беларускі гурток, у якім разам з  сябрамі-аднадумцамі абмяркоўваў пытанні, звязанныя з беларускім  нацыянальным адраджэннем. З 1914 па 1918 год А. Станкевіч  працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, куды быў  рэкамендаваны як выдатны вучань. У Пецярбургу ён далучыўся да  прагрэсіўнай беларускай моладзі з ліку студэнтаў Пецярбургскага  ўніверсітэта і беларускага гуртка пры духоўнай акадэміі, пазнаёміўся са  многімі дзеячамі, што стаялі ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху.  Напрыканцы 1914 года А. Станкевіч быў пасвячоны ў ксяндзы, а на новы  1915 год у Крэўскім касцёле адправіў сваю першую імшу. 
Па  заканчэнні акадэміі А. Станкевіч, атрымаўшы ступень кандыдата  кананічнага права, пачаў сваю пастырскую дзейнасць: спачатку на  Дзісеншчыне, а з 1919 года ў Віленскім касцёле св. Мікалая. Ён адзін з  першых беларускіх ксяндзоў пачаў ужываць у набажэнствах родную мову. Але  А. Станкевіч быў не толькі беларускім каталіцкім святаром. Ён выдатна  спалучаў сваё духоўнае прызначэнне з актыўнай грамадска-палітычнай і  культурна-асветніцкай працай, што ў яго разуменні складала непарыўнае  цэлае. Яшчэ ў 1917 годзе, калі была заснавана Беларуская хрысціянская  дэмакратычная злучанасць (БХД), ён актыўна ўключыўся ў яе дзейнасць,  спачатку як сябра, а потым і як адзін з яе кіраўнікоў. У 1922 годзе на  выбарах у Польскі сейм сярод тых, хто атрымаў пасольскі мандат быў і  Адам Станкевіч. У якасці пасла ад БХД у сейме беларускі ксёндз на  працягу некалькіх гадоў (да 1928 года) шчыра адстойваў інтарэсы і правы  свайго народа. 
Палітычную  дзейнасць кс. Адам арганічна спалучаў з грамадскай, асветніцкай і  дабрачыннай працай. Так, Станкевіч быў адным з ініцыятараў стварэння  Віленскай беларускай гімназіі, у якой з 1919 па 1933 год выкладаў  рэлігію і лацінскую мову. 
З  1924 па 1926 год А. Станкевіч з’яўляўся старшынёй Таварыства беларускай  школы, адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага інстытута  гаспадаркі і культуры (1926–1936), асноўны напрамак дзейнасці якога быў  звязаны з арганізацыяй сярод беларускага насельніцтва  культурна-асветніцкай і гаспадарчай працы. Па-за  увагай айца Адама не заставаліся тыя, каму асабліва былі патрэбны  дапамога і падтрымка. Ён узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны,  клапаціўся пра дзетак з сіроцкіх прытулкаў.У  1920-я гады плённай была дзейнасць кс. Адама як рэдактара і выдаўца.  Пры яго непасрэдным удзеле была заснавана друкарня імя Ф. Скарыны  (1926–1940), якая адыграла важную ролю ў беларускім адраджэнскім руху,  “Беларускае каталіцкае выдавецтва”. Ён рэдагаваў і выдаваў часопіс  “Хрысціянская думка” (1928–1939), працягваў супрацоўніцтва з газетай  “Крыніца”, бяззменным рэдактарам і выдаўцом якой быў з 1919 па 1922 год,  супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі “Калоссе”, “Шлях моладзі”,  “Сялянская ніва”. Адам  Станкевіч вядомы як аўтар шматлікіх публікацый. І хаця яго першыя  літаратурныя спробы з’явіліся у перыядычным друку яшчэ ў 1913 годзе,  першая грунтоўная праца – кніга “Доктар Францішак Скарына – першы друкар  беларускі (1525 – 1925)” выйшла ў свет у 1925 годзе. Гісторыі  беларускага народа прысвечаны яго працы “Вітаўт Вялікі і беларусы”  (1930), “Кастусь Каліноўскі: “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці  Беларусі” (1933). Пытанням ўжывання роднай мовы ў рэлігійным жыцці і ў  беларускіх школах у мінуўшчыне – працы “Беларуская мова ў школах  Беларусі XVI і XVII ст.” (1928) і “Родная мова ў святынях” (1929).  Гісторыю хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі  аўтар прааналізаваў у грунтоўных даследаваннях “Беларускі хрысціянскі  рух” (1939) і “Хрысціянства і беларускі народ” (1940). 
Яго  пяру належаць нарысы “Францішак Багушэвіч: яго жыццё і творчасць. У  30-я ўгодкі смерці (1900 – 1930)” (1930), “Казімір Сваяк: нарыс аб  ягонай ідэалогіі” (1931), “Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця  і працы” (1935), “З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка: У дзесятыя  ўгодкі яго смерці (1926 – 1936)” (1936), “Міхал Забэйда-Суміцкі і  беларуская народная песня” (1938) і іншыя. У 1938 годзе А.Станкевіч быў высланы на 5 годоў польскімі ўладамі ў Слонім. Восенню  1939 года вярнуўся ў Вільню, працаваў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай  прагімназіі, выкладаў там рэлігію і гісторыю. Пасля перадачы Вільні і  Віленшчыны Літве ўзначаліў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты  “Крыніца”. У 1940 годзе беларуская культурная грамадскасць  шырока адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Гэтай  падзеі былі прысвечаны шматлікія публікацыі ў заходнебеларускім друку  (напрыклад, асобны юбілейны нумар газеты “Крыніца”), а таксама і ў  польскіх і літоўскіх перыядычных выданнях. 
У  час Вялікай Айчыннай вайны, як і мае быць святару, ён праводзіў  набажэнствы ў касцёле, бласлаўляў маладых, хрысціў немаўлят і, як мог,  падтрымліваў сваіх суайчыннікаў у нялёгкіх для іх выпрабаваннях, што  прынесла фашысцкая акупацыя. Разам з супрацоўнікамі Беларускага музея  імя І. Луцкевіча ратаваў найбольш каштоўныя музейныя экспанаты. У  снежні 1944 года А.Станкевіч быў арыштаваны органами НКУС, але  неўзабаве адпушчаны. У гэты час, прадчуваючы новы арышт, ён складае так  званае завяшчанне пад назвай “Моя апошняя воля”. Нават  у такіх не спрыяльных умовах ён не спыняе літаратурнай дзейнасці –  распачынае сваю апошнюю грунтоўную працу “Гісторыя Беларусі  (сістэматычны нарыс)”, якую, на жаль, так і не паспеў завершыць. У  красавіку 1949 года новы арышт Адама Станкевіча прынёс для яго спачатку  зняволенне, якое ён адбываў на Лукішках, а 31.08.1949 года і прысуд  Асобай нарады пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР – 25 гадоў  пазбаўлення волі з высылкай за межы Беларусі ў “Азерлаг” Тайшэцкага  раёна Іркуцкай вобласці. Там, у снежні таго ж 1949 года, беларускі  святар, асветнік, грамадска-палітычны дзеяч Адам Станкевіч, ці як яго  часцей называлі, айцец Адам, скончыў свой зямны шлях. На  радзіме, на магіле Антаніны Станкевіч – маці Адама Станкевіча –  ўдзячныя беларусы паставілі скромны помнік свайму пастыру-заступніку са  словамі: “…Вечная яму чэсць і слава…”. 
Рукапісны архіў Адама Вінцэтавіча Станкевіча захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі у асабістым фондзе пад нумарам 4 і складаецца з 125 адзінак захавання.  Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марыя Ліс, навуковыя супрацоўнікі  аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі.
Аляксей Вайткун, TUT.BY
													