“Крамбамбуля”: Беларусь – у Эўропу!

У новы год – з новымі зьдзяйсьненьнямі! Нарэшце выйшаў доўгачаканы і шматанансаваны альбом гурта “Крамбамбуля”. Ён мае назву “Драбадзі-драбада”.

Гэта дванаццаць трэкаў – пераасэнсаваныя й пераапрацаваныя эўрапейскія фольк-хіты.

Гэта дзьве плыткі : на адной – вышэйпамянёныя фольк-хіты на мовах арыгіналу, на другой – яны ж, але перакладзеныя лідарам “Крамбамбулі” Лявонам Вольскім на беларускую мову.

Гэта віртуальнае падарожжа па розных эўрапейскіх краінах – славянскіх (Польшча, Славакія, Харватыя) і ня вельмі (Нямеччына, Швэцыя, Францыя, Італія…).  Слухаеш песьні – і нібыта тэлепартуесься на зялёныя ірляндзкія пагоркі ці то апынаесься ў белакаменным харвацкім прыморскім мястэчку.

Гэта Эўропа. Да бліжэйшае краіны Эўразьвязу, быццам бы, толькі 170 км. Дзьве гадзіны – і ты там. А, зь іншага боку – гэта настолькі далёка – візы, чэргі па іх, запаўненьне анкетаў… Дый як пакажуць па афіцыйнай тэлевізіі гэную Эўропу – страшна ехаць… Дык вось ня бойцеся! Нічога там няма страшнага. Паслухайце “Драбадзі-драбада”, выбірайце краіну – і наперад!

Гэта Беларусь. А Беларусь – гэта Эўропа. Што б хто ні казаў. Таму на альбоме – тры беларускія фольк-хіты.

Гэта імпэт, напор, добры настрой, танцы да ўпаду, адчайная весялосьць і (даруйце гэтае заежджанае слова) пазытыў.

Гэта драйв і шалёная энэргія поп-панку. Ну, а як яшчэ?

Гэта “Драбадзі-драбада”. А што такое “драбадзі-драбада” вядома, хіба што музыкам і ўсім тым, хто спрыяў выхаду гэтага альбому. Паслухайце кружэлку, і вы, без аніякага сумневу інтуітыўна зразумееце сэнс гэтых цудоўных таямнічых словаў!

P.S. «Крамбамбуля» папярэджвае, што афіцыйна ў інтэрнэт альбом выкладацца ў бліжэйшы час ня будзе. Набыць дыск можна будзе ў дыскарнях «Містэрыя гуку», супэрмаркетах і на OZ.BY.

budzma.org