Таварыства аховы помнікаў: выратуем Зыбіцкую разам!

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да грамадскасці з заклікам «Выратуем Зыбіцкую разам!». Таварыства настойвае на правядзенні грамадскага абмеркавання рэканструкцыі мінскай вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай).

Зыбіцкая (Гандлёвая)«Усе, каму баліць за гісторыка-культурную спадчыну Беларусі! Давайце аб’яднаемся і зробім супольныя намаганні, каб выратаваць адзін з унікальных куткоў гістарычнага цэнтра Мінска — правы бок вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай). Пытанне аб забудове тэрыторыі паўстала даўно. Ні адзін з прадстаўленых праектаў не адпавядаў і не адпавядае заканадаўству і дзеючым методыкам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны», — гаворыцца ў звароце таварыства. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у інтэрв’ю Naviny.by, падкрэсліў, што ў мінулым годзе Таварыствам аховы помнікаў быў распрацаваны эскізны праект рэгенерацыі дадзенай тэрыторыі, якім прадугледжана аднаўленне страчаных гістарычнай планіровачнай структуры, будынкаў і збудаванняў, гістарычнага ландшафту. «Высокі прафесіяналізм даследчыкаў і распрацоўшчыкаў эскізнай прапановы ГА БДТАПГК быў падцверджаны і ў гэтым годзе перамогай у намінацыі «Рэстаўрацыя, рэканструкцыя і аднаўленне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны» на міжнародным архітэктурным конкурсе «Леанарда 2011», — падкрэсліў Астаповіч. Праект-пераможца быў увогуле адзіным беларускім на «Леанарда», намінацый жа на конкурсе было сем. Але, нягледзячы на высокія адзнакі, праектная прапанова была праігнаравана на афіцыйным узроўні, а Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўзгадніла праект афіцыйны (распрацоўшчык - «Мінскпраект»), хаця і прапанавала дапрацаваць яго згодна з нацыянальнымі нарматыўнымі, міжнароднымі метадычнымі дакументамі, улічыць прапановы Таварыства. Са слоў Астаповіча, ужо знайшліся інвестары, - дарэчы, з Расіі. Такім чынам над Зыбіцкай (Гандлёвай) навісла пагроза. Фактычна пачалося праектаванне з боку «Мінскпраекта» і «Грамадзянпраекта»; эскізная прапанова, якая, паводле Астаповіча, не адпавядае аніводнаму крытэрыю правядзення прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, у верасні ўзгоднена для далейшай працы Навукова-метадычнай радай. «І, як вынік, неўзабаве будзе страчана гэтая ці не апошняя пляцоўка гістарычнага цэнтра, дзе працы можна было б выканаць бездакорна, а вынікам ганарылася б уся Беларусь і яе грамадзяне», — гаворыць старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Астаповіч лічыць, что застаецца адзіны шанц — аб’яднацца: «Таму заклікаем абараніць кавалачак гістарычнага цэнтра Мінска разам. Гэта можна зрабіць праз грамадскае абмеркаванне, якое прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687, якая прадпісвае працэдуру такіх абмеркаванняў, у тым ліку праектаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, і якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у вобласці архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці». Таварыства прапануе грамадзянам накірощваць на адрас Мінгарвыканкама (220050, пр. Незалежнасці, 8, г. Мінск) адпаведныя лісты, узор можна спампаваць адсюль.  Такім чынам Таварыства хоча прымусіць чыноўнікаў выканаць заканадаўства і правесці грамадскае абмеркаванне па Зыбіцкай. Астаповіч разлічвае на тое, што мінчане не будуць абыякавымі. Паводле ягоных звестак, такия лісты ўжо напісалі некалькі вядомых у Беларусі людзей, а таксама старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. «Для нас важная гэтая маральная падтрымка. Калі грамадскасць не падтрымае ідэю правядзення грамадскага абмеркавання ці падчас такога абмеркавання дадуць згоду на афіцыйны праект, паўстане пытанне — для каго тут працаваць. Тады застанецца толькі сказаць: мы вартыя свайго лёсу», — падкрэслівае Астаповіч. naviny.by