“Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”: зоркі ў падтрымку беларускай мовы

Кампанія “Будзьма беларусамі!” і музычны партал “Тузін Гітоў” прадставілі аўдыё-дыск “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2”. “Перазагрузка-2” – працяг паспяховага праекту, што быў прадстаўлены шырокай публіцы ў 2009 годзе. Два гады таму вядомыя небеларускамоўныя выканаўцы з Беларусі пераспявалі свае хіты на роднай мове. Да ўдзелу ў другой частцы былі запрошаныя замежныя выканаўцы розных стыляў, кожны з якіх сам вырашыў, які са сваіх хітоў пераасэнсуе на беларускай мове.

15 снежня адбылася ўрачыстая прэзентацыя аўдыё-дыску з удзелам яго арганізатараў і Алега Скрыпкі. Спецыяльным падарункам для гасцей стала этна-дыскатэка з удзелам лідара гурта «Воплі Відаплясава», які выступіў з адмысловым ді-джэйскім сэтам.

Каардынатар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская адзначае: “Мэта нашага сёлетняга праекту – павышэнне прэстыжу беларускай мовы. У Беларусь модныя тэндэнцыі прыходзяць найчасцей звонку, таму мы звярнуліся да зорак Заходняй і Усходняй Еўропы, каб яны праспявалі свае хіты па-беларуску. “Перазагрузка-2” сталася яшчэ і творчым эксперыментам, калі творцы з іншых краінаў адкрывалі нашу мову для сябе, а разам з тым і для сваіх слухачоў. Нам прыемна чуць на хвалях ФМ-станцый Беларусі творы з першай “Перазагрузкі”, мы ўпэўненыя, што “Перазагрузка-2” будзе мець поспех і па-за межамі краіны”.

Удзельнікамі складанкі “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2” сталі “Воплі Відаплясава”, Oleg Jagger, “Мумій Троль”, Dreamgale, 5diez, Макс Лорэнс, Марыя Тарасевіч, Аляксандр Рыбак, “Смысловые галлюцинации”, Leon Gurvitch Project, Zdob si Zdub і Алёна Свірыдава. Значны ўнёсак у праект зрабіў і кожны з не менш зорнага складу перакладчыкаў. Алесь Камоцкі, Сяргей Балахонаў, Глеб Лабадзенка, Уладзь Лянкевіч і Андрэй Хадановіч сталі надзейнымі праваднікамі музыкаў у свет беларускай мовы.

Сяргей Будкін, аўтар ідэі праекту, рэдактар партала Tuzin.fm: “Праект паказаў, наколькі багатая наша мова. Прычым паказана тое праз цэлае суквецце жанраў – тут ёсць якасны поп ды чуллівы эрэнбі, чароўны джаз і жорсткая альтэрнатыва... “Перазагрузка” – гэта яшчэ і спроба ўвесці ў беларускі кантэкст тых, хто там проста абавязаны прысутнічаць. Ну і, натуральна, “Перазагрузка” – гэта глабальная акцыя ў падтрымку нашай культуры. Ад рэалізацыі такіх праектаў робіцца трошкі цяплей на душы”.

Прэм’еры песняў ўдзельнікаў праекту “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2” прайшлі ўвосень на сайтах “Тузін Гітоў” (www.tuzin.fm) і “Будзьма беларусамі!” (www.budzma.org). Ад пачатку праект меў шырокі грамадскі і медыйны рэзананс. Яшчэ да афіцыйнага выдання песні праекту спампавалі і праслухалі больш за 50 тыс. чалавек з Беларусі і па-за яе межамі.

budzma.org