Абвешчаны конкурс на стварэнне помніка Міндоўгу

Міністэрства культуры Беларусі па ўзгадненню з Гродзенскім аблвыканкамам аб'явіла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу (заснавальніку і першаму князю Вялікага Княства Літоўскага) у Навагрудку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Мінкультуры Ганна Смольская.

Паводле слоў прэс-сакратара, мэтай конкурсу з'яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза легендарнага князя. Кампазіцыйнае і пластычнае рашэнні помніка павінны быць вытрыманы ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва. Удзельнічаць у конкурсе могуць прафесійныя скульптары. Заяўкі можна падаваць да 10 лютага 2012 года ўключна. Матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі не пазней за 17.00 у галерэю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Эскізныя праекты будуць разгледжаны журы ад 1 сакавіка 2012 года. Пераможца атрымае права на стварэнне помніка Міндоўгу ў Навагрудку. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

БЕЛТА