Ток-шоу “Культурная афіша Гродна: змест, эфект і адметнасці” прайшло ў Гродна

Афлайнавае ток-шоу, арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, адбылося 8 снежня ў Гродна. Яно прайшло пад назвай “Культурная афіша Гродна: змест, эфект і адметнасці» і было прысвечанае пытанням культурнага жыцця горада.

Удзел у ток-шоу ўзялі вядомыя музыкі і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі бізнэс-структур і духавенства, супрацоўнікі радыё, тэлебачання і палацаў культуры Гродна.

Ток-шоу завяршыла першую серыю адкрытых пляцовак для грамадскай дыскусіі ў рэгіёнах, якая мела месца ў канцы лістапада — пачатку снежня ў трох абласных цэнтрах Беларусі.

Раней рэгіянальныя ток-шоу адбыліся ў Магілёве (25 лістапада) і Берасці (1 снежня).

Тэма кожнай сустрэчы была абраная адпаведна рэаліям і праблемам рэгіёна, але агульным быў іх фармат — адкрытасць для людзей розных плыняў і поглядаў на праблемы культуры.

Вечар распачаўся пад гукі гурта “Воображаемые люди”, падчас паўакустычнага выступу якога сабралася публіка.

“Ад нашчадкаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, — па-філасофску распачаў сустрэчу яе вядоўца, артыст Гарадзенскага абласнога тэатра лялек Аляксандр Енджэеўскі.

Аляксандр Енджэеўскі

Тэму спадчыны і мовы працягнуў уладальнік службы таксі Віктар Хоцім, які шчыра прызнаўся, што ў рэкламных мэтах карыстаецца выключна рускай мовай.

Прынамсі, пакуль…

Акрамя пытанняў моўных вельмі хвалюючымі ёсць для рэгіёну пытанні турызму.

Прадстаўнік сферы агратурызму Васіль Калач расказаў пра праблемы Гарадзеншчыны турыстычнай, галоўнай з якіх назваў стан інфраструктуры. Пастар Дзмітры Малюкевіч падкрэсліў, што галоўнае для беларусаў у пытаннях культуры — “не баяцца быць беларусамі”.

Спектр закранутых у гэты вечар праблем быў незвычайна шырокім: ад беларускамоўных класаў да моладзевых субкультур.

Паказаная пад канец відэаапытанка людзей на вуліцах Горадні наглядна прадэманстравала, як мала айчынных выканаўцаў ведаюць жыхары горада.

Адной з галоўных высноваў вечара стала тое, што беларуская культура стэрэатыпна ўспрымаецца як выключна фальклорна-сялянская, і таму варта падтрымліваць і развіваць яе сучасныя формы.

budzma.org