Няхай не ўсе даплывуць … Бо ж суседзі ў свой час акунуліся, перацярпелі, і тыя, хто даплыў, даўно на другім беразе, на сонейку эканамічнага дабрабыту грэюцца.
Праблема толькі ў тым, што сама гісторыя фармавання сучаснай беларускай эканомікі, шмат у чым адрозная ад суседзяў, раскідала на дне гэтага віра мноства цвёрдых і вострых камянёў, пра якія напалоханыя дэфіцытам і ссумаваныя па прыватнай ініцыятыве грамадзяне пакуль што лічаць за лепшае не прыгадваць.
Калі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсімі зацікаўленымі бакамі актыўна абмяркоўвалася тэма беларускай дзяржаўнасці, «бацькі-заснавальнікі» як з Рады БНР, так і з Белнацкама апелявалі да этнаграфічных даследаванняў Яўхіма Карскага, паводле якіх усходняя мяжа рассялення беларусаў праходзіла пад Ржэвам і Бранскам. Бацькі-заснавальнікі паводзіліся сціпла — зыходзячы з этнаграфіі, можна было смела патрабаваць яшчэ і «заморскія тэрыторыі». Згодна з, напрыклад, вышуканнямі расійскага вучонага М. Кавалеўскага, на мяжы стагоддзяў чатыры пятыя насельніцтва Усурыйскага краю складалі выхадцы з усходніх раёнаў Беларусі.
Прычынай таму была, зразумела, не прага да авантурных прыгод на маньчжурскай мяжы, проста беларускія землі да 60-х гадоў дваццатага стагоддзя былі ўстойліва няздатнымі пракарміць насельніцтва, якое расло.
Са скасавання ў 1861 годзе прыгоннага права для беларусаў пачаліся сто гадоў эміграцыі. Многія з сялян, хто атрымаў «волю без зямлі», былі вымушаныя шукаць сродкі да існавання ўдалечыні ад дома, і наступную палову стагоддзя Паўночна-Заходні край калаціла сапраўдная «перасяленчая ліхаманка». Хаця царскі ўрад перашкаджаў адтоку праваслаўных з земляў былой Рэчы Паспалітай, сяляне цэлымі сёламі падавалі прашэнні аб перасяленні, адпраўляліся ў Сібір самавольна альбо папаўнялі шэрагі завадскіх рабочых у прамысловых цэнтрах. Даходзіла нават да своеасаблівых «забастовак» — каб атрымаць дазвол на ад’езд, людзі адмаўляліся засяваць палі і палілі ўласныя хаты.Беларусы сяліліся асяродкамі ля Енісея, масава прыязджалі на шахты Данбаса і нават адпраўляліся ў Амерыку. Усяго да пачатку Першай сусветнай вайны ў пошуках лепшай долі беларускія землі пакінула ад аднаго да паўтара мільёна чалавек.
Пік працоўнай эміграцыі прыпаў на гады Сталыпінскай рэформы. Дарэформенная архаічная сялянская абшчына была, па сутнасці, спосабам калектыўнага выжывання і арыентавалася на сумеснае валоданне зямлёй і падтрымку ўсіх сваіх чальцоў, ажно да апошняга сіраты. Гэта, з пункту гледжання таварнай вытворчасці, вядома, было жудасна неэфектыўна. У эпоху, калі аснову экспарту складалі прадукты сельскай гаспадаркі, такі стан рэчаў ставіў тлусты крыж на марах расійскай эліты жыць «як у цывілізаваным свеце». Тарпедаваўшая абшчыну, Сталыпінская рэформа прыцягнула ў сельскую гаспадарку інвестыцыі, істотна павялічыла экспарт, але вось па частцы выжывання паўсталі праблемы. Прапанова на рынку наёмнай працы шматкроць перавысіла попыт. Пачалася хваля міграцый.
Сама па сабе міграцыя людзей з адной часткі вялікай краіны ў іншую яе частку не з’яўляецца праблемай. Калі б не некаторыя нюансы. Дзядуля Ленін, які ўважліва сачыў за сітуацыяй, у працах, датычных тэмы «перасяленства», з’едліва адзначаў: з заходніх і цэнтральных губерняў высяляюцца ў асноўным «сераднякі», што ўзмацняе расслаенне і рост беднасці ў еўрапейскай Расіі. На новым месцы гэтыя сераднякі часта губляюць гаспадарку, аказваюцца ў становішчы парабкаў, прапарцыйна павялічваючы беднасць яшчэ і на ўсходзе. Узрослая маса збяднелых і «обратников», якія пакідаюць Сібір, напаўняе люмпенізаваным сялянствам гарады. Кажучы сучаснай мовай, Уладзімір Ільіч адзначаў размыванне сярэдняга класу і рост беднасці — як у раёнах высялення, так і на новым месцы.
Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны гэты ж марксісцкі тэзіс аб апераджальным росце «адноснага перанасялення» бліскуча ілюстравалі Заходнія Украіна і Беларусь. Сутнасць тэзы палягае ў тым, што з развіццём крызісу масавая працоўная міграцыя не паляпшае становішча тых, што засталіся ў краіне, па прынцыпе «баба з возу — кабыле лягчэй», а наадварот — пагаршае і патрабуе далейшай міграцыі. Следам за змяншэннем насельніцтва сціскаецца ўнутраны рынак тавараў і паслуг, памяншаецца патрэба ў працоўнай сіле. І колькі б людзей не з’ехала, беднасць і беспрацоўе ўсё роўна аказваюцца на крок наперадзе. А вось буйны капітал у такой абстаноўцы адчувае сябе нармальна, бо дадаткова ўзбагачаецца, паглынаючы збяднелы дробны і сярэдні бізнес. Маркс апісаў гэты эфект на прыкладзе Ірландыі ў ХІХ стагоддзі, якая за пяцьдзясят гадоў «сціснулася» з васьмі мільёнаў да чатырох і пры гэтым так і не адолела голад.
Усходнія «Крэсы» міжваеннай Польшчы, хаця і не ў ірландскіх маштабах, дэманстравалі тую ж тэндэнцыю. За няпоўныя два дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай 2.0 свае дамы пакінула яшчэ чвэрць мільёна беларусаў. Пры гэтым у беларускіх ваяводствах колькасць працоўных месцаў у прамысловасці няўхільна зніжалася, а колькасць беспрацоўных расла.
Па другі бок мяжы, у БССР, беспрацоўе атрымалася пераадолець, аднак, нягледзячы на высілкі савецкай улады па частцы індустрыялізацыі, даць рады дэмаграфічнаму ціску беларускай вёскі не атрымоўвалася яшчэ дзесяцігоддзі. І ў 30-я, і ў 50-я гады Савецкая Беларусь па-ранейшаму дэманстравала шакавальнае адмоўнае сальда міграцыі. За першыя паўстагоддзя савецкай улады Беларусь пакінула прыкладна гэтулькі ж жыхароў, колькі за апошнія паўстагоддзя ўлады імперскай — больш за мільён.
Аднак СССР прытрымліваўся прынцыпу «раўнамернага развіцця рэгіёнаў» — размяшчэнне шматлікіх прадпрыемстваў у тым ці іншым рэгіёне часцяком тлумачылася менавіта дэмаграфічным фактарам — калі дзесьці расло насельніцтва, яно павінна было атрымаць магчымасць працаваць па месцы жыхарства. Таму ў пасляваенныя пяцігодкі савецкі ўрад інвеставаў сродкі менавіта ў развіццё ў БССР працаёмкіх вытворчасцяў машынабудавання і лёгкай прамысловасці. Дзякуючы гэтаму да сярэдзіны 60-х сітуацыю атрымалася пераламаць карэнным чынам. Нягледзячы на тое што ў гэты час у Беларусі адбываецца масавы зыход сельскіх жыхароў у гарады, новыя прадпрыемствы літаральна як губка ўсмоктваюць у сябе лішкі працоўнай сілы, і пачынаючы з 1965 года перад беларускай прамысловасцю паўстае іншая праблема — недахоп працоўных рук для далейшага росту.
Пятру Міронавічу Машэраву пашанцавала ўзначальваць рэспубліку менавіта ў той перыяд, калі тэрыторыя, якая раней страціла ад вымушанай працоўнай міграцыі не менш людзей, чым ад апошняй сусветнай вайны, атрымала ўсе ўмовы для камфортнага развіцця. Любы юны д’Артаньян з глыбінкі з гэтых часоў мог атрымаць у вялікім горадзе працу, стол і ў перспектыве — кватэру. «Тлустыя гады» Савецкай Беларусі, якія доўжыліся да канца васьмідзясятых, павялічылі насельніцтва рэспублікі з 8,5 мільёна чалавек да амаль дзесяці, спарадзілі ледзь не культ Машэрава і славутую культуру «сена на асфальце» — гараджан, якія адной нагой засталіся ў вёсцы. Пазней не вельмі ўсвядомленае адчуванне, што гэты скачок якасці жыцця звязаны менавіта з прамысловымі інвестыцыямі, будзе давацца ў знакі не заўсёды лагічнай, але адчайнай барацьбой урадаў Кебіча і Лукашэнкі за захаванне і рэанімацыю менавіта буйных прадпрыемстваў.
Незалежная Беларусь, вядома, не магла дазволіць сабе савецкіх маштабаў інвестыцый у вытворчасць, і былыя «гіганты індустрыі» паступова дэградавалі, ператвараючыся ва, умоўна кажучы, сучасны аналаг сялянскай абшчыны. Калектыўнае выжыванне і нейкая занятасць сталі галоўнай, а часам і адзінай, мэтай іх існавання. Латанне ж гэтага рэзервуара, напоўненага яшчэ ў шасцідзясятыя «залішняй» у рынкавых умовах рабочай сілай, ператварылася ледзь не ў асноўны занятак дзейнай улады. Палітыка планавання і манеўравання працоўнымі рэсурсамі была замененая на простую кансервацыю статус-кво. Цяпер мы назіраем, як паток знешніх і тым больш ўнутраных рэсурсаў для такога латання вычарпаўся, відаць, канчаткова. Беларусь апынулася перад неабходнасцю пераўтварэнняў.
Пры гэтым момант для пераўтварэнняў, мякка кажучы, не самы ўдалы. Эксперыментальна даказана, што працаёмкая вытворчасць ва ўмовах рынкавай эканомікі пераязджае туды, дзе праца таннейшая — у бедныя, перанаселеныя краіны поўдня, а паколькі ў Беларусі вялікая доля працаёмкай вытворчасці, беспрацоўе абяцае быць каласальным. Фінансавыя і іпатэчныя піраміды, якія дазвалялі нарошчваць спажыванне і раздзімаць сферу паслуг (як, напрыклад, у краінах Прыбалтыкі) злізаў языком сусветны фінансавы крызіс. А буйныя мегаполісы Еўропы і Расіі, што традыцыйна ўцягваюць у сябе рабочую сілу з ускраін, самі пакутуюць ад рэцэсіі, беспрацоўя ды і без таго масавага наплыву мігрантаў. Таму праблема, куды падзець «лішніх людзей», стаіць перад Беларуссю нават больш востра, чым перад краінамі, якія зазналі «шокавую тэрапію» на пачатку дзевяностых.
Улічваючы складанасць сітуацыі, любы разумны пакет рэформаў для Беларусі непазбежна павінен быў бы ўключаць у сябе вельмі дасканалы комплекс мер па стабілізацыі рынку працы. Аднак праблема ў тым, што забеспячэнне занятасці не з’яўляецца прыярытэтам ні для знешняга інвестара, ні для міжнародных фінансавых структур і па вялікім рахунку патрэбнае перш за ўсё самім беларусам. І ў сітуацыі, калі на фоне фрустрацыі насельніцтва і разгубленасці ўлады эканамічныя рэформы ў рэспубліцы ажыццяўляюцца пад дзеяннем знешніх штуршкоў, гэтая праблема стабільна выпадае з поля зроку.
Таму калі выхад з эканамічнага крызісу ў бліжэйшы час не стане справай усяго беларускага грамадства зверху да нізу, можа стацца так, што шлях лібералізацыі прывядзе Беларусь на парог дзевятнаццатага стагоддзя.