Маргарыта Аляшкевіч: Дзевяць прычынаў не любіць беларускую літаратуру

Беларуская літаратура ўяўляецца наборам стэрэатыпаў. Суайчыннікі, якія чытаюць пад адукацыйным прымусам, маюць прыблізна такі набор: вёска, вайна, купалаколас, апісанні прыроды, нудоцце, незразумелая мова. Выкладчыкі, крытыкі ды іншыя дасведчаныя кампаны граюцца са сваімі кубікамі, напрыклад, такімі: фальклор, цнота, разбэшчанасць і сервільнасць.
Расказваю, натуральна, пра тое, што мне па скуры драпае найбольш. Мерылася высветліць, адкуль бяруцца стэрэатыпы й як іх пазбавіцца — як той казаў, смачны жабе гарэх, ды зубоў Бог не даў. Таму проста лічу да дзевяці.

Нудоцце

Невясёлая старонкаНаша Беларусь:Людзі — Янка ды Сымонка,Птушкі — дрозд ды гусь.Янка Купала (“З песень аб сваёй старонцы”)

Вацлаў Ластоўскі амаль сто гадоў таму дакараў нашых пісьменнікаў за аднастайны перапеў адных і тых жа тэмаў і вобразаў. І што? Бытта ў ваду глядзеў — даперапяваліся. Цяпер, калі інфармацыі так шмат, глузды камбінуюць яе пэўнымі блокамі, падобнае да падобнага, у адну скрыначку — і цэтлік зверху. А ўсё рэдкае, незвычайнае, адзінкавае й негабарытнае, што не лезе ў стандартны модуль, выкідаецца са свядомасці. Вось, скажам, Янка ды Сымонка. Дзеля сваёй цікаўнай натуры павыпісвала імёны герояў “вясковай” прозы сярэдзіны мінулага стагоддзя: Фэлька, Стасюк, Юлік, Лявон, Андрэй, Рыгор, Зыгмусь, Юрась, Язэп, Мацвей, Хведар (Тодар), Тарас, Астап, Віктар, Гаронім, Фабіян, Тамаш, Кузьма, Раман, Халімон, Міхал (з варыяцыямі), Барыс, Марцін, Улас, Мікіта, Яўхім, Якуб, Юзік, Антоні, Ксандр, Павел, Пятрусь, Габрусь, Кастусь, Змітракі самых розных разводаў… Гэта толькі пра “людзей”, а ёсць жа яшчэ кабеты.

Тое, што адбываецца паміж героямі, таксама ўкладаецца ў кампактныя скрынкі. Спакойнае працоўнае жыццё вёскі, сямейна-амурныя турботы, потым катаклізм — калектывізацыя ці вайна, раскрыццё характараў. Слабая дынаміка сюжэту, вядомыя калізіі, аднолькавыя імёны — як тут не пераблытаць, не зляпіць усю літаратуру ў адзін камяк. Ну ці ў некалькі камякоў — паводле часавых перыядаў або тэматычных дамінантаў.

Возьмем, да прыкладу, майго ўлюбёнца Лукаша Калюгу. Вельмі самабытны празаік, каларытны — аж зямлёй ды здорам, здаецца, тхне. Самы буйны ягоны твор — аповесць “Ні госць ні гаспадар”: герой павучыўся ў мястэчку, вярнуўся на вёску, нудзіцца, ходзіць на моладзевыя гулянкі, ладзіць суполку, хату-чытальню й тэатр. Шыкоўныя замалёўкі вясковага жыцця, неацэнныя гастранамічныя ды этнаграфічныя звесткі — але дзе, елкі кашлатыя, інтрыга? Дзе, увогуле, дзеянне? Якую гісторыю хоча расказаць аўтар?

Ці яшчэ адна зацемка: ёсць у ранняга Коласа твор “Нёманаў дар”. Там два хлопцы не могуць падзяліць лапік зямлі й дзеўку. Станоўчы герой — Васіль, дзеўка — Ганна. Нічога не нагадвае?

Альбо вось: у “Соках цаліны” Цішкі Гартнага, першай спробе пралетарскага рамана, Зося кахае галоту-Рыгора, а бацькі сілком выдаюць за багацея Васіля — Мележ дый годзе, толькі імёны змяніліся. Нават не ўсе. Між іншым, гераіня “першай спробы беларускага рамана” — “Золата” Ядвігіна Ш. — таксама Зося. Ну хто ж тут разбярэ?

Сюжэтаў можа быць усяго чатыры, як налічыў Борхес. Матываў ды актантаў можа быць лічаная колькасць, як давялі структуралісты. Нават імёны герояў могуць паўтарацца, прытым у межах аднаго твора, як у Маркеса. Але хоць ты дробным лістом перад чытачамі рассыпся — нудоцце гэтая вашая беларуская літаратура, дый годзе. Літаратура неталенавітая? Ды быццам не зусім каб. Выкладаюць няправільна? Ну дык свае галовы быццам бы ёсць, каб чытаць і разбірацца…

Вёска

Зямля й права на ёй гаспадарыць — вельмі файныя тэмы. Нам і дасюль ёсць пра што тут пагаварыць, у тым ліку ў светапоглядным і агульнадзяржаўным маштабе. Але кожнаму асобнаму чалавеку мала справы да дзяржаўных клопатаў, яму б меншую кашульку — ды бліжэй да цела. Чаму выфранчаны Купала ў віленскай кавярні піша пра цёмную вёску й лапці на нагах? Усе грошы на каву пайшлі, а на гамашы не хапіла? Не, гэта хутчэй ахматаўскае — там яго народ няшчасны быў. Зыходзячы з гэтае логікі, сённяшні народны геній павінен пісаць іншыя песні жальбы — пра аднапакаёўкі, у якіх жывуць і грызуцца тры пакаленні й сабачка, пра грабеж ЖЭСаў і гвалт у цёмных дварах спальнікаў. Не ўся зямля й наша месца на ёй, не пачэсны фальксваген-пасат (©Анка Упала) між народамі й нават не ўласны надзел сярод пустак-балот, а трохпакаёўка па лініі метро. І пажадана ў дарунак.

Але што гэта: “Зноў пра вёску!..” — плачуцца студэнты над кожным новым шэдэўрам ХХ стагоддзя. Такое адчуванне, што “вёска” — гэта нафтавае радовішча, на якое пашчасціла натрапіць беларускай літаратуры. Нафту цягнулі-цягнулі, усю выцягнулі — і зямля з грукатам правалілася ва ўтвораныя пустоты. І цяпер, калі ў студэнтаў на заліку пытаюць, пра што “Вёска” А. Федарэнкі, тыя без сумненняў адказваюць: “Пра калектывізацыю”. Нават не падумаюць чытаць.

Я іх разумею. Стэрэатыпная вёска — гэта крыўда (панамі сялян, заможнымі бедных, камуністымі некамуністых etc.), нястача, бруд, цяжкая фізічная праца, дробныя інтарэсы, прыземленыя зацікаўленні, немудрагелісты адпачынак у карчомцы, на прызбе ці на печы. Не надта прывабна.

Што рабіць: выкінуць наплеш усю літаратуру пра вёску ці неяк прыстасаваць да сённяшніх патрэбаў?

У вёсцы столькі нявыкарыстаных магчымасцяў — ды хоць бы для турызму, калі ўжо не казаць пафасных словаў пра ўсталяванне адмысловай ідэнтычнасці й нацыянальную годнасць. Саламяныя стрэхі, паганскія замовы, куваткі — чым болей мы ведаем пра колішні вясковы побыт, тым болей можам — банальна — на ім зарабіць. Шмат дранікаў у аднаго турыста не запхнеш. А калі замест дранікаў прапанаваць цэлае меню з бацвіннем ды піўною поліўкай, з верашчакай, капыткамі, паўгускамі, рысам з шафранам, ну й малмазіяй ці іншай якой акавітай…

Дахі гонтай крыць нямодна — лепей сонечнымі батарэямі. Таму варта было б перакуліць навучальныя праграмы з ног на галаву й пачаць з таго, што дзеці ведаюць, бачаць вакол сябе. Дзяўчаткам на першым курсе даваць не “Прысягу над крывавымі разорамі” (над чым-чым?), а “Лета” Югасі Каляды. Хлопцам — не “Сымона-музыку”, а “Любіць ноч — права пацукоў” ці, ну не ведаю, “Ваніты” Сяргея Календы (калі праўда, што чытача трэба спярша ўразіць — даць па пысе, схапіць за каўнер, — дык сама тое будзе).

Што больш знаёма й жадана школьнікам — грэбля ці ноўтбук, вязьмо ці фоцік? То ж бо то. Нашмат цікавей чытаць, калі можаш пераўвасобіцца ў герояў, калі пазнаеш рэаліі і, перапрашаю, словы. Таму ў нейкім сэнсе “Палеская хроніка” Марыйкі Мартысевіч лепшая ад мележаўскай. Яна лепей наладжвае кантакт.

А калі кантакт наладжаны, калі чытач прызнаў беларускую літаратуру сваёй — от тады ўжо можна спакваля падводзіць да думкі, што была калісьці вёска, і была яна о-го-го якая. І ўсе ў Строчыцы: мацаць саламяную страху ды аплятаць бульбяную кішку. Ці дранікі, Бог з вамі. А на дэсерт — “Рыбін горад” Наталкі Бабінай — смаката!

Купалаколас

Яшчэ можна прапаноўваць курс беларускай літаратуры як альтэрнатыўную службу. Хаця ў выбары паміж кірзачамі й Цішкам Гартным я б раіла першае.

Для маладога байца будзе зубадрабільнае выпрабаванне. Спярша вывучаецца старажытны перыяд — ад ХІ да ХVІІ стагоддзя. І гэта нонсэнс, бо навучэнцы не ведаюць ані мовы — стараславянскай/старабеларускай, ані рэаліяў стварэння гэтай літаратуры. Калі ўжо Бахцін бедаваў, што не можа прачытаць сярэднявечную літаратуру з пазіцыяў тагачасных людзей, дык дзе ўжо нашым курсантам. Чым большая часавая й культурная адлегласць — тым больш намаганняў для разумення тэксту. (Усе гэтыя хронікі… “Слова пра паход Ігаравы” на першым курсе… У першым класе музычнай школкі граюць эцюды й сабачы вальс, а не экспромт-фантазію Шапэна).

Затым ідзе ХІХ стагоддзе. Жарсці, прывіды, прыгоды — вельмі, вельмі добрае чытво. Але па-польску. І доўга будзе даходзіць, што гэта сапраўды нашая культура. Прынамсі, да таго часу, пакуль у старасвецкіх маёнтках застаюцца “палацы спорту”, сармацкі партрэт ляжыць у чужых запасніках, а Крэва наведнікі расцягваюць на сувеніры.

Потым альтэрнатыўшчыкаў чакае вірлівая мяжа стагоддзяў — і бах! Бедныя хаткі, таполі, бярозкі, усюды панурыя людзі (М. Багдановіч). Палацы папалілі, цмокаў з’елі, вярнуліся ў дзікасць і ўсталявалі вялізны татэмны слуп з тварамі вусатых дзядзькаў. Вянчае стод выява парнага боства Купалаколаса: адзін твар глядзіць на захад, другі — на ўсход. Але для сусветнага валадарання трэба яшчэ двух — Багдановіч і Гарэцкі цудоўна дапаўняюць айчынны тэтраморф.

20—50-я гады з рэпрэсіямі й вайною, водгулле савецкага шасцідзясятніцтва, шчыраванне філолагаў у 70-я, галоснасць і перабудова, шалёныя дзевяностыя й зацятыя нулявыя, рознае вызначэнне панятку “сучасная” для літаратуры, павелічэнне спісаў чытання за кошт рэабілітаваных аўтараў і вернутых эмігрантаў — усё гэта мізарнее ў цені Купалаколаса. І тут справа не столькі ў таленце рэальных Івана Дамінікавіча й Канстанціна Міхалыча, колькі ў механізмах тварэння міфу.

Чаму на вокладках школьных падручнікаў цвяток радзімы васілька? Прапаную для разнастайнасці прапісаць там бульбяную квецень і каларадскага жука, адразу жыццёвая драматургія з’явіцца.

Пакуль тое, праграмы й падручнікі застаюцца, а курсанты вышываюць шпаргалкай на анучы: НЗ ад Ко, ТУТ ад Ку.

Чытаць далей