За званне “народны паэт” Рыгор Барадулін атрымлівае 12 долараў да пенсіі

Сёння ў Беларусі жывуць два Народныя паэты Беларусі – Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. Рыгор Іванавіч атрымаў званне у 1992 годзе. За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі ніхто з сучасных беларускіх паэтаў “народным” не стаў. Няўжо няма вартых? Высвятляе “Заўтра тваёй краіны”.

Перш наперш, што думае пра гэта сам беларускі паэт, які апошнім атрымаў званне народнага?

-- Разумееце, разваліўся Савецкі Саюз, развалілася сістэма, і ўсё стала фармальным. Ну народны ты, міжнародны ці прыгарадны паэт, якая розніца?.. Усё фармальна, -- лічыць Рыгор Барадулін.

-- Значыць, справа не ў творчых вартасцях? Ёсць нейкая іншая прычына?

-- Адназначна ёсць. І гэта прычына – дзяржава. Яны хочуць – даюць, не хочуць – не даюць.

Папрасіўшы прабачэння за нетактоўнае пытанне, цікаўлюся памерам пенсіі Народнага паэта Беларусі .

-- Ну якая можа быць пенсія? Звычайная, як ва ўсіх. За званне толькі тысяч 100 даплочваюць , -- адказвае Рыгор Барадулін .

Па праўдзе кажучы, не адразу паверыў у “такую” даплату – мусіў правяраць. Сапраўды, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 318 ад 23.08.1996 г. усім, хто мае званне “народны” выплочваецца даплата ў памеры трох базавых велічынь. А гэтая самая велічыня складае 35 тысяч рублёў (апошні раз Савет Міністраў павялічваў яе ў 2007 годзе). Такім чынам, атрымоўваецца даплата ў памеры 105 тысяч рублёў штомесяц.

У што застаецца верыць “апошняму з магікан” пры такой “пашане”?

-- Думаю, што ўсё (Беларусь і б еларушчына) ідзе на дно. Шкада , -- гаворыць Рыгор Барадулін . -- Шкада, што закрываюць беларускамоўныя, перш за ўсё дзіцячыя, газеты. Вельмі страшна: яшчэ два пакаленні пратрымаць без беларускай мовы на тэлебачанні, без беларускамоўнай прэсы – усё знікне. Сумна разумець напрыканцы свайго жыцця, што ўсё, што ты рабіў, – марна. Аднак веру: беларусы такая нацыя, што колькі нас ні тапі, мы ўсё адно будзем.

А вось старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў менш аптымістычны:

-- Улада да ўсяго беларускага ставіцца так, як ёй выгадна. А гэта значыць – ніяк. Згаданыя тут паэты – сябры недзяржаўнага саюза пісьменнікаў, а ўладзе нявыгадна мець такіх народных. Тыя ж пісьменнікі, што ў іншым саюзе, відаць, проста няздатныя напісаць нешта такое, за што можна атрымаць званне народнага паэта. Я наогул да ўсіх дзяржаўных узнагарод стаўлюся скептычна. Самая лепшая ўзнагарода – чалавечая памяць.

Пасля гэтых слоў адразу ўзгадалася, як апошні народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін развітваўся са мною. Падзякаваўшы Рыгору Іванавічу за размову, я пачуў: “Дзякуй. Дзякуй за ўвагу. Дзякуй, што памятаеце”.

Дарэчы, прэтэндаваць на званне Народнага паэта Беларусі можна толькі пасля таго, як міне не менш за пяць гадоў пасля атрымання звання “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”. А для гэтага, у сваю чаргу, трэба адпрацаваць на ніве культуры больш за 15 год. Атрымоўваецца, што чалавек, які аддаў 20 гадоў свайго жыцця беларускай культуры, у рэшце рэшт “заслугоўвае” даплаты ў 105 тысяч рублёў у месяц. Па 5250 рублёў за кожны год працы.

zautra.by