Што гэта — клопат пра сучасныя патрэбы "сярэднестатыстычнага" беларуса ці адчайная спроба заткнуць дзіркі яго сямейнага бюджэту?
"Тут і цяпер" паспрабавала разабрацца ў гэтым (у рэшце рэшт, гаворка ідзе пра нашы з вамі кроўныя грошы).
УВАГА!
У 574 790 рублёў павінны ўвайсці асноўныя неабходныя выдаткі, памер якіх для нас таксама клапатліва зацвердзіў Савет Міністраў:
— прадукты харчавання 58,4% (335 677 рублёў для сярэднедушавога БПМ),
— прадметы гардэроба 17,1% (98 289 рублёў),
— плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі 9,0% (51 731 рубель),
— бытавыя і транспартныя паслугі 4,6% (26 440 рублёў),
— тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння 4,5% (25 865 рублёў),
— узносы і плацяжы 4,1% (23 566 рублёў),
— прадметы першай неабходнасці, санітарыі, лекі 2,3% (13 220 рублёў).
Адметная дэталь: артыкулы выдаткаў разлічаны ў цэнах... верасня гэтага года.
Апрануцца па мінімуме
— Колькі-колькі на адзенне выходзіць? 98 тысяч? Ды мая жонка ў месяц толькі на шкарпэткі і калготкі больш траціць! — абурыўся ўладальнік гандлёвай кропкі на адным з рэчавых кірмашоў Мінска, індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Шыбека.
У вітрыне яго кіёска — легінсы па 50 тысяч за пару, гетры па 30, цёплыя гольфы ад 15 тысяч. А вось знайсці што-небудзь больш істотнае з адзення і абутку на згаданую суму праблематычна. Па вялікім рахунку, на кірмашы і на ўвесь БПМ ледзь-ледзь атрымаецца зрабіць адно з двух: або апрануцца (купіць як быццам зімовую куртку альбо цёплыя джынсы і швэдар), або абуцца (у боты фасону "бывай, маладосць" коштам да 250 тысяч ці ў шэдэўры кітайскага легпраму — на сезон, затое танна, да 400 тысяч). У адказ на просьбу паказаць "што-небудзь да 100 тысяч" прадаўцы спачатку губляліся, а потым з дзіцячым імпэтам корпаліся ў глыбінях кіёскаў. У выніку ў патрэбнай цэнавай катэгорыі былі знойдзены: мужчынская кашуля невядомага паходжання, вязаныя пальчаткі, камплект жаночай бялізны, дзіцячыя валёнкі, парасон, летні сарафан і гумавыя боты. Але ўсё гэта, мякка кажучы, не вельмі якаснае.
Працяг артыкула чытайце тут