Праект “5 музеяў за 5 тыдняў” працягваецца ў Мінску

Упершыню ў Беларусі рэалізуецца ўнікальны праект, які аб’яднаў 5 літаратурных музеяў сталіцы – “5 музеяў за 5 тыдняў”. Дадзены праект праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У акцыі прымаюць удзел літаратурныя музеі Пятруся Броўкі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Музей гісторыі беларускай літаратуры, паведамляе прэсс-служба Міністэрства культуры.
“5 музеяў за 5 тыдняў” – гэта сямейнае падарожжа, якое падрыхтавана з мэтай стварэння займальных і пазнавальных маршрутаў для зацікаўленых падарожнікаў, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў і дарослых.
Кожны з пяці музеяў-удзельнікаў распрацаваў тэматычныя даведнікі па экспазіцыях. Сямейныя падарожжы праводзяцца з 17 верасня па 19 лістапада 2011 года па суботах, а ў Літаратурным музеі Пятруся Броўкі па пятніцах з 23 верасня па 18 лістапада 2011 года.
Праект ажыццяўляецца ў незвычайным фармаце: самастойнае падарожжа з інтэрактыўным даведнікам, які распрацаваны асобна ў кожным музеі. Выканаць заданні з даведніка наведвальнікам дапаможа музейная экспазіцыя. Падчас гульні трэба ўважліва прыглядацца да экспанатаў, чытаць надпісы да іх, шукаць адказы на пастаўленыя пытанні.

Каб прыняць удзел у праграме, трэба ў кожным музеі набыць білет падарожніка. Сямейную вандроўку можна пачаць з любога музея, далейшы парадак наведвання свабодны і вызначаецца пажаданнямі сям’і.

У першым музеі можна бясплатна атрымаць гульнёвы пашпарт і карту, з якімі можна наведваць астатнія музеі, а таксама гульнёвы даведнік.

Пасля праходжання маршрута ў кожным музеі наведвальнік атрымае невялікі падарунак, а ў апошнім музеі ўдзельнікі падарожжа ўзнагароджваюцца дыпломам. Па заканчэнні праекта будзе разыграны галоўны прыз.

Аналагічны праект “8 музеяў за 8 дзён”, які быў адзначаны спецыяльным прызам міжнароднага фестывалю “Інтэрмузей”, праводзіцца ў Маскве кожны год.