Светапогляд творцы фарміраваўся ў час глухой ізаляцыйнай атмасферы сацрэалізму, метад якога тады лічыўся адзіна правільным, а вартасць твора вызначалася тым, наколькі ён дапамагае будаваць камунізм... Ужо ў пару вучобы мастак заяўляў пратэст супраць ідэалагічных ланцугоў. Пра гэта сведчаць яго раннія студэнцкія працы “На лесапавале” (1967), “Смаленне чорнага кабана” (1969), “Людзі і машыны” (1971).
Цяперашняя выстава называецца “ЛОГІКА РУБЕРОЙДУ”. На першы погляд, нязвыклае спалучэнне гэтых слоў не дае разгадкі іх патаемнага сэнсу. Як тлумачыць мастак, руберойд -- першая частка слова рубе з лацінскай мовы азначае -- чырвоны, ройд -- від. Гэта ізаляцыйны будаўнічы матэрыял, які маскіруецца пад чорны ці карычневы колер, унутры якога закладзена чырвань. Логіка руберойду -- аніякай логікі. Там, дзе чорны, -- ён чырвоны, дзе чырвоны -- на самай справе чорны, як глухая беспрасветная ноч. Чорная дзірка ў касмічнай прасторы...
Алесь Маrа лічыць, што прадметам мастацтва можа быць усё. Якасць твора залежыць ад таленту і закладзенай энергетыкі аўтара. Выстава мае рэтраспектыўны характар. На сваім творчым шляху мастак перадусім імкнуўся, спасцігаючы новыя формы, выказаць найперш тое, што яго хвалюе. Ён лічыць, што творца ў першую чаргу павінен быць свабодным, без кантролю над сабой ані з якога боку. Ягоны нонканфармізм не ўсім даспадобы, некаторыя яго могуць абвінавачваць у залішняй палітызаванасці. У сваіх палотнах Аляксей Марачкін не абмінае вострых вуглоў нашага суіснавання, не разглядае мастацтва як утульнае мяккае крэсла дзеля камфорту.
На юбілейнай выставе прадстаўлены творы графічнага цыклу “Дзеячы гісторыі і культуры Беларусі”, інсталяцыя “Прасніцы размаўляюць”, маляваныя дываны, створаныя пад уплывам народна-ўжытковага мастацтва, пейзажы, партрэты, шматфігурныя кампазіцыі.
Адкрыццё выставы -- 9 лістапада 2011 г. а 18-й гадзіне ў ВУП “Рэспубліканская мастацкая галерэя” ГА “Беларускі саюз мастакоў” (Палац мастацтва, вул.Казлова, 3, г.Мінск). Выстава працуе з 9 па 20 лістапада з 11.00 да 19.00 штодня, акрамя панядзелка.