Дэбютны альбом гурта Pawa выкладзены для вольнага спампоўвання на сайце www.budzma.org. Аднайменны альбом — першая ў Беларусі сапраўдная сярэднявечная дыскатэка, выдадзеная на кружэлцы. Дэбютны лонгплэй калектыву ўдала спалучыў мадэрновыя рытмы з гучаннем старажытных аўтэнтычных інструментаў. Зроблены з душой, альбом атрымаўся яскравым і сучасным, а беларускія меламаны атрымалі яшчэ больш добрай музыкі.
Юрась Панкевіч, кіраўнік Testamentum Terrae, расказвае пра з’яўленне праекту: “Pawa — гэта сумесны праект музыкаў гурта Testamentum Terrae і музыкі Мікіты Седзянкова. У супольным праекце Мікіта выступае пад псеўданімам Niko_s, а музыкі калектыву застаюцца самімі сабой, вернымі “сваёй” этнічнай справе. Нам заўжды хацелася зайграць сучасную музыку з электроннымі рытмамі і пачуць старыя песні і мелодыі на новы манер.
Фактычна гэта новы гурт, які будзе мець назву PAWA і граць электронную музыку, заснаваную на беларускім фолку. Фолк-дыска, калі хочаце. Першы альбом прадставіў сучасныя апрацоўкі васьмі кампазіцый з альбома гурта Testamentum Terrae «Англеза». Мелодыі выкананыя ў арганічным яднанні гучання этнічных беларускіх і сучасных электронных інструментаў. Мы спадзяемся, што нашае жаданне граць у больш шырокіх музычных стылях будзе даспадобы слухачу”.
У 2011 годзе ў айчынным шоу-бізнэсе спалучэнне этнікі з сучаснымі электроннымі «фішкамі» становіцца трэндавым. Менавіта ў гэтым кірунку працуюць Akana-NHS, Стары Ольса, новы праект Русі — Shuma, з гастрольнымі турамі па краінах СНД ездзіць, не страчваючы актуальнасці, фолк-мадэрнавы “Палац”. Беларускі культурніцкі сайт www.budzma.org не мог застацца ў баку ад тэндэнцыі. Далучайцеся да нашай дыскатэкі і запрашайце сваіх сяброў на танцпляц беларускага фолк-дыска!
Спампаваць дэбютны альбом гурта Pawa можна ТУТ.