Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны распаўсюдзіла заяву з нагоды закрыцця адзінай беларускамоўнай дзіцячай газеты “Раніца” . ТБМ заклікае грамадзян Беларусі звяртацца да ураду краіны з патрабаваннем аднавіць выхад газеты.
Тэкст заявы:
Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што па загадзе чыноўнікаў спыніла сваё існаванне адзіная беларускамоўная дзіцячая газета “Раніца”. Гэта выданне на працягу 82 гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак. Не іначай як здзекам выглядае абяцанне чыноўнікаў зрабіць з “Раніцы” маленькі штомесячны дадатак да рускамоўнай газеты.
У сувязі з гэтым мы заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўрада з патрабаваннем аднавіць выхад газеты “Раніца” і аб’явіць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.
Прынята 14 кастрычніка 2011 г.