Feel the difference: Фестываль AD.NAK! ідзе ў рэгіёны

Фестываль AD.NAK! перарос сябе ў межах МКАД і распачаў серыю рэгіянальных прэзентацый. Шэсце, а дакладней, аўтапрабег фестывалю па краіне стартаваў 13 кастрычніка ў Горадні.
Фестываль AD.NAK! перарос сябе ў межах МКАД і распачаў серыю рэгіянальных прэзентацый. Шэсце, а дакладней, аўтапрабег фестывалю па краіне стартаваў 13 кастрычніка ў Горадні. У гарадскі драматычны тэатр запрошаныя рэкламісты, дызайнеры і вольныя мастакі, якія працуюць у Горадні і Гарадзенскай вобласці. Рэкламны слоган кампаніі “Форд” — партнёра рэгіянальных прэзентацый “Аднак” — “Feel the difference” (Адчуй розніцу) найлепш адлюстроўваў атмасферу сустрэчы.
Сяргей Скараход

Адчуць розніцу паміж першым і другім фестывалямі AD.NAK! дапамог сваёй прэзентацыяй Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by. Рост колькасці заявак у тры (!) разы і ўдзельнікаў у два ўсяго за паўтара года ад старту праекту —сапраўды даволі паказальны факт. І гэта пры тым, што на другі Фестываль прымаліся толькі заяўкі па рэкламнай прадукцыі, створанай цягам апошняга года.

Андрэй Эзерын

Адчуць розніцу паміж класікай рэкламы і рэкламнай сучаснасцю можна было падчас майстар-класа Андрэя Эзерына, кіраўніка камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM. Яго прэзентацыя “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу” засяродзіла ўвагу прысутных на сацыяльных сетках, маладосці, якая вымяраецца ў сучасным свеце не біялагічным узростам, а ўважлівасцю да рэалій, і абяцаннем працягнуць камунікацыю з публікай пасля. Праз акаўнт на фэйсбуку, безумоўна.

Адчуць розніцу ў сучасных “фішках” рэкламы можна было разам з Сяргеем Скараходам і Надзеяй Мурашка, што прадставілі падборку рэкламных работ — пераможцаў сусветных фестываляў.

Адчуць розніцу паміж традыцыйнай культурніцкай дзейнасцю і прасоўваннем культурніцкіх брэндаў маркетынгавымі шляхамі дапамаглі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Атрымаўшы адказы на ўсе пытанні, першая выязная сесія Фестывалю плаўна перайшла да нефармальных зносін пад гукі песні “Пакуль” Алёны Свірыдавай.

Найбліжэйшыя прэзентацыі пройдуць у Магілёве і Берасці.

Глядзіце болей фота тут.

Прэс-служба "Будзьма беларусамі!"