Куратар праекту Алена Шаліма прадставіла Джона і яго працы:
«Джон Кунстадтэр – амерыканскі дыпламат у адстаўцы, які працаваў у Беларусі ў якасці намесніка амбасадара ў 2000–2001 г. Ён займаецца фатаграфіяй амаль сорак гадоў і дзесяць з іх трымае ў аб’ектыве Беларусь, дакладней, нашых суайчыннікаў і іх простае жыццё.
Я бачыла, як спадар Джон здымае: ён размаўляе з людзьмі, не выкарыстоўвае тэлеаб’ектываў, не здымае “з засады”. Яго маленькі фотаапарат не прыцягвае шмат увагі. Людзі давяраюць яму, яны адчуваюць яго цікавасць і шчырую павагу да іх. Такіх фатографаў нам у клубе не хапае.
Знаёмства з Джонам выклікала ў маёй душы процілеглыя пачуцці – гонар і сорам. Гонар за сваю прыгожую радзіму і яе простых жыхароў і сорам, што мы не робім таго, што робіць ён».
Сам жа Джон Кунстадтэр выказаўся вельмі лаканічна:
«Калі вы будзеце глядзець на гэтыя партрэты, прашу вас думаць не пра тое, каго вы бачыце, а пра тое, хто глядзіць з гэтых фатаграфій на вас.
Фатограф працуе не з секундамі, а з мікрасекундамі, але шукае пазачасавы момант.
Я вельмі шаную гэтых людзей. Калі я здымаю вашых бабулечак, я на каленах не толькі таму, каб ракурс быў правільны, а і таму, што яны бачылі, але нягледзячы на гэта, перадаюць вашыя бясцэнныя традыцыі сваім дзецям і ўнукам: на полі, у хаце, у царкве, у касцёле.
Калі я бачу беларускія твары, то бачу і амерыканскія. Хто пабудаваў нашу нацыю? Людзі з гэтага рэгіёна, якія масава эмігравалі. Мая ўдзячнасць да іх – бязмежная».
А вядомы беларускі фатограф Юрый Васільеў правёў паралелі з трыма выставамі той жа тэматыкі, што праходзяць зараз у Мінску:
«Лепшага часу для выставы прыдумаць было немагчыма, таму што цяпер у Мінску працуюць чатыры выставы, прысвечаныя Палессю. У сувязі з гэтым прыходзіць шмат розных думак і параўнанняў. Але, напэўна, самай блізкай з іх можна назваць выставу Зоф’і Хамянтоўскай. Тут паралеляў шмат: па-першае, яны здымаюць людзей не хаваючыся, выклікаючы на шчырасць.
Фатаграфія – мастацтва страчанай натуры. Калі вы цяпер не знялі, то потым гэта ўжо зняць немагчыма, як нельга ўвайсці ў адну раку двойчы.
Гэта нават не сацыяльная фатаграфія, а фатаграфія зрэзу нашага часу. Радасна, што Беларусь як краіна, як народ, як нацыя прыцягвае людзей, якія робяць яе цікавай усяму свету».
Старшыня Народнага фотаклуба «Мiнск» Яўген Казюля таксама падзяліўся сваімі разважаннямі:
«Што характэрна, Джон не толькі фатаграфуе, але і актыўна дэманструе фота, чым нагадвае нам самім, што ёсць такая нацыя, што ёсць такі народ. І нібы заклікае нас саміх, фатографаў, звярнуць увагу на гэты бок жыцця беларусаў».
Антон Астаповіч падзякаваў Джону, свайму даўняму знаёмаму, з якім яны неаднойчы вандравалі, і расказаў, як заўсёды, цікавую гісторыю:
«З некаторымі нашымі знаёмымі мы «за вочы» Джона называем «Леечнік» (ён здымае стужкавым фотаапаратам Leica). Праца са стужкавым фотаапаратам сапраўды змушае да пэўнай развагі, трэба спачатку падумаць, а потым націснуць на «гашэтку».
Адзін з персанажаў яго фотаздымкаў з 2000-га года Алесь Камоцкі праспяваў самую «фатаграфічную» сваю восеньскую песню:
…На змену былым спадзяванням,
Прыгожая і апантаная,
Надзвычай звычайна прыйшла.
У канцы Джону ўвогуле прапанавалі змяніць імя на адпаведнае беларускае – Ясь. Ну й пайшлі жартаваць: «Яго пасля гэтага назад у Амерыку не пусцяць». «Не, у Амерыку пусцяць, а з Беларусі не выпусцяць». Імпрэза больш нагадвала сяброўскую сустрэчу, чым прэзентацыю праекту. А “свой чалавек” Джон зусім расчуліўся:
«Хачу падзякаваць усім, з кім я пазнаёміўся, за тое, што вы – чалавекі. Быць чалавекам – складаная справа не толькі на Беларусі. Беларусы – моцная нацыя. Дзякуй вам за гэта».
Пазнаёміцца з выставай можна ў аўторак і чацвер з 18:00 да 20:00 з 13 да 27 кастрычніка.
Зарына Кандрацьева, Budzma.org