Культурнай сталіцай Беларусі ў 2012 годзе стане Нясвіж

Культурнай сталіцай Беларусі ў 2012 годзе стане Нясвіж. Такое рашэнне было прынята 28 верасня на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выбіраючы культурную сталіцу Беларусі 2012 года, члены калегіі ставілі мэту прастымуляваць горад да стварэння максімальна развітой культурнай і турыстычнай інфраструктуры, якая на працягу наступных дзесяцігоддзяў будзе працаваць на карысць горада і краіны, заявіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. "Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" павінна рабіць даступнымі дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх гарадоў і рэгіёнаў краіны. На працягу года культурную сталіцу наведваюць прафесійныя танцавальныя, музычныя, харэаграфічныя калектывы, актывізуецца дзейнасць рэгіянальных устаноў культуры і мясцовых улад, плюс рэальны эканамічны эфект як вынік ажыўлення культурнага жыцця. Напрыклад, за 2010 год прыток турыстаў у Полацк, які меў на той момант статус культурнай сталіцы, вырас на 20 працэнтаў у параўнанні з 2009 годам. У выніку рэалізацыі наступных праектаў увага турыстаў да культурных сталіц будзе толькі ўзрастаць, лічыць міністр. У той жа час ён асабліва падкрэсліў, што галоўная мэта акцыі - укласці ў сэрцы і душы людзей патрэбнасць у культурнай самаадукацыі. Размова ідзе не столькі аб развіцці інфраструктуры, колькі аб людскіх душах, сказаў Павел Латушка.

БЕЛТА