Алёна Свірыдава: «Я не вагалася ні хвіліны, ці спяваць па-беларуску» (mp3)

Заслужаная артыстка Расіі ўпершыню ў сваёй кар’еры заспявала па-беларуску. Спявачка перазапісала для праекту "Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2″ адзін са сваіх апошніх хітоў «Пока» з альбома «Сирена, или 12 историй, рассказанных на рассвете» ў перакладзе Андрэя Хадановіча.
Заслужаная артыстка Расіі ўпершыню ў сваёй кар’еры заспявала па-беларуску. Спявачка перазапісала для праекту "Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2″ адзін са сваіх апошніх хітоў «Пока» з альбома «Сирена, или 12 историй, рассказанных на рассвете» ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Да такой ідэі Алёна паставілася з вялікай прыязнасцю: «Я не вагалася ні хвіліны, бо сама па сабе прапанова цікавая, а калі ўлічыць, што я доўгі час жыла ў Беларусі, дык і пагатоў».

Алёна — не беларуска з паходжання. Яна нарадзілася ў Керчы і, паводле яе прызнання, у ёй змяшаныя расійская і чвэрць украінскай крыві. Але ў Мінску яна пражыла значную частку свайго жыцця. Тут у яе было першае каханне, тут яна напісала свае першыя песні.

У Мінску Алёна скончыла музычную школу, а потым паступіла на музычна-педагагічны факультэт Педагагічнага інстытута. Першыя свае песні яна напісала, калі ёй было за 20. У той час у яе ўжо была сям’я, нарадзіўся сын. «Я жахліва засумавала па чымсьці няздзейсненым і села пісаць вершы дэпрэсіўнага зместу ды чытаць адпаведныя кнігі. Пра каханне і смерць. Я тады грала на гітары ды пяяла тужлівыя песенькі. Дома разумення не знайшла. Закахалася ды пайшла да былога артыста тэатра і непрызнанага генія. Ён маляваў, пісаў вершы і прозу, прыдумляў спектаклі, карацей, разумеў мяне. Я натхнілася і пачала пісаць песні. Яму надта падабалася. Я натхнілася яшчэ болей і запісала некалькі песняў на беларускім радыё. Іх пачалі круціць. Я адчула сябе артысткай», — згадвае Алёна Свірыдава ў сваёй біяграфіі.

Спявачка пачынала сваю кар’еру ў складзе беларускага дыксіленду Авеніра Вайнштэйна, працавала канцэртмайстрам ды акторкай у Нацыянальным драматычным тэатры імя Горкага, а потым усур’ёз занялася музычнай кар’ерай. У 1993 годзе ў Мінск прыехаў Багдан Цітамір, і Свірыдава выступала са сваёй праграмай перад ім. Гэта быў першы сольны выхад артысткі. Дзяўчыну заўважыў дырэктар Цітаміра і паклікаў яе ў Маскву. Алёна неяк прызналася, што па першым часе вельмі няёмка пачувалася ў расійскай сталіцы. Калі яна казала, што прыехала з Мінска, то часам сутыкалася з грэблівай рэакцыяй. Праўда, сітуацыя змянілася імгненна, калі спявачка дасягнула поспеху. Пасля выхаду кліпа «Никто-никогда» (1993) і запісу дэбютнага дыска «Розовый фламинго» (1994) Свірыдава стала зоркай на ўсёй постсавецкай прасторы і неўзабаве атрымала званне заслужанай артысткі Расіі.

«Я люблю Беларусь, лічу Мінск еўрапейскім горадам і мне падабаецца туды прыязджаць. Там засталося шмат маіх сяброў», — прызнаецца Алёна. Некалі яна шчыра радавалася поспеху гурта «Крама», калі той узяў галоўны прыз на маскоўскім фестывалі «Поколение-1994», але праз колькі гадоў са скрухаю заявіла ў адным з інтэрв’ю: «Думала, што яны стануць нацыянальнымі героямі, а ў выніку не адбылося анічога. Нікому няма да гэтага справы, бо ў нас (у беларусаў — заўв.аўт.) на першым месцы штодзённыя клопаты».

Сама Алёна з вялікай прыязнасцю паставілася да прапановы ўпершыню пераспяваць адзін са сваіх хітоў па-беларуску. «Не вагалася ні хвіліны. Бо сама па сабе прапанова цікавая, а калі ўлічыць, што я доўгі час жыла ў Беларусі, дык і пагатоў». Для пераспеву быў абраны адзін з апошніх хітоў сьпявачкі «Пока» з альбома «Сирена, или 12 историй, рассказанных на рассвете» (2008). Песню ўзяўся пераасэнсаваць Андрэй Хадановіч. «Для мяне гэта быў самы нечаканы досвед, бо я ніколі яшчэ не перакладаў таго, што завуць эстрадай, — прызнаецца ён. — Але гэты тэкст мне спадабаўся. Ясна, празрыста, какетліва, настраёва апавядаецца гісторыя кахання. Я прасякнуўся вялікай сімпатыяй да лірычнай гераіні. У самім жа тэксце давялося шмат чаго памяняць, каб ён загучаў на беларускай мове, але я імкнуўся пакінуць настрой, уласцівы арыгіналу».

Сама Алёна кажа, што вынікам задаволеная: «Безумоўна, яна загучала па-новаму, і гэты варыянт мне падабаецца не менш за арыгінал, хоць дзеля гэтага давялося трохі патрэніравацца. Выканала беларускі тэкст я толькі дубля з дзясятага. Уражанні ад гэтай працы засталіся выключна пазітыўныя».

Алёна Свірыдава — Пакуль

(муз. і сл. Алёны Свірыдавай, бел. тэкст — Андрэй Хадановіч)

Пакуль, пакуль,

Гэты боль невядома адкуль.

Пакуль, пакуль,

Так было заўжды і паўсюль.

Расстаемся, гаворачы

Словы без горычы,

На-на-на-на-на…

Прыпеў:

Вось і ўсё, маё золатка,

Нам з табой было соладка,

Як гарэла да золку нам

Белай ночы святло.

Не вярнуць, што не вернецца,

Ты не Бог, я не верніца,

І цяпер цяжка верыцца,

Што каханне было.

Пакуль, пакуль,

Зразумей і рэчы спакуй.

Пакуль, пакуль

Не пішы лістоў мне адтуль.

Ўсё, што трэба, пачула я,

Справы мінулыя,

На-на-на-на-на…

Пакуль, пакуль,

На маім тэрмометры нуль.

Быў час, калі

Мы з табой у нябёсах жылі.

Будуць новыя радасці,

Дзякуй. Пара ісці,

На-на-на-на-на…

Вось і ўсё… было соладка

Нам з табой… Пакуль… Пакуль…

Спампаваць песню можна ТУТ.

budzma.org