Заўжды адкрытыя да эксперыментаў зоркі малдаўскага року Zdob Si Zdub запісалі беларускую версію свайго хіта «Стоп-мафія» ў перакладзе Сяргея Балахонава, які ператварыў «деньги-дребеденьги» ў «грошы – злыя вошы». У рэпертуары Рамана Ягупава ёсць песні на чатырох мовах, а вось па-беларуску ён спяваў упершыню. Zdob Si Zdub узяў удзел у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», каб данесці вельмі простую думку: трэба берагчы і шанаваць сваю краіну, культуру і мову.
Лідар Zdob Si Zdub Раман Ягупаў любіць прыязджаць у Беларусь і заўжды цікавіцца тым, што ў нас адбываецца. Ён можа сходу назваць з дзясятак айчынных выканаўцаў. Сярод самых шанаваных малдаўскім музыкам – Gods Tower, этна-трыа «Троіца» і «Ляпіс Трубяцкой». З Сяргеем Міхалком Раман дык наогул у сяброўскіх адносінах. Некалі яны зладзілі сумесны выступ у мінскім Палацы спорту, а летась запісалі разам дуэтную песню «Стоп-мафия», якая адкрывае апошні альбом Zdob Si Zdub «Белое вино, красное вино». Песня пра грошы, «якія робяць з чалавека раба» стала адным з хітоў каманды. Менавіта на ёй малдаўскі гурт урэшце спыніў свой выбар, каб запісаць яе беларускамоўны варыянт для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».
«Гэта эксперымент. Па-беларуску мы яшчэ не спявалі, хоць гэтая песня ўжо існуе на чатырох мовах свету. Я пэўны, што кожная мова мае сваю цікавую непаўторную вібрацыю», – кажа Раман Ягупаў.
Працавалі над беларускай «Стоп-мафіяй» музыкі ў няпросты час. Яны якраз перамаглі ў нацыянальным адборы на конкурс «Еўрабачанне», таму знаходзіліся ў пастаянных прома-турах. Але час на студыю ўсё ж знайшлі. Раман кажа, што ён заўжды адгукаецца на цікавыя ідэі ды прапановы. Тэкст песні, перакладзены літаратарам Сяргеем Балахонавым, прыйшоўся яму даспадобы. «Месцамі па-беларуску гучыць нават надта незвычайна, недзе – трошкі смешна. Але галоўнае – гэта пасыл, сэнс. Новы бок песні ў тым, што кожны разумее яе па-свойму, твор заўжды гучыць па-рознаму», – кажа лідар Zdob Si Zdub.
Сяргей Балахонаў падышоў да творчага задання з усёй адказнасцю і да перакладу прыклаў свае заўвагі і тлумачэнні для малдаўскіх музыкаў. Так, ён патлумачыў ужыванне слова «князюлі» як іранічна-грэблівае ўтварэнне ад «князі», у слове «гарэліца» прапанаваў паставіць націск на «і», як у многіх народных песнях, а рэфрэн «деньги, деньги, дребеденьги» ён ператварыў у «грошы, грошы, злыя вошы» на манер народнага выразу «грошы – як вошы».
Zdob Si Zdub узяў удзел у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», каб данесці вельмі простую думку: трэба берагчы і шанаваць сваю краіну, культуру і мову. За 17 гадоў свайго існавання музыкі з Малдовы зрабілі ашаламляльную кар’еру, стаўшы нацыянальнымі героямі. Яны даўно ўжо маглі перабрацца ў іншую краіну, але працягваюць жыць і працаваць у родным Кішынёве. Раман заўжды адказвае журналістам, што не хоча нікуды пераязджаць, бо тут мае карані і тут нарадзіўся. Астатняе не мае значэння. Сваю любоў і пазітыў выканаўца распаўсюджвае на ўвесь свет.
«У Беларусі жывуць людзі, а да людзей у нас людскае стаўленне. Мы за сяброўства, за развіццё і паважнае стаўленне да кожнай культуры і мовы. Уся варажнеча распальваецца праз палітыкаў, праз тэрыторыі і праз рэсурсы», – заяўляе лідар Zdob Si Zdub.
Zdob si Zdub – Стоп-мафія (муз. Міхаіл Гынку, сл. Раман Ягупаў, бел. тэкст – Сяргей Балахонаў)
На ролс-ройсах, самалётах З топ-мадэлькамі ў брыльянтах Рвучы ад улады проста сабе ў зяпы Баксікаў безліч і слодычаў багата.
Ў Куршавелях, бач, князюлі, суперзлодзеі балююць. Есца ім ікрыца, п’ецца гарэліца, кубінская цыгара прывабліва дыміцца.
Грошы, грошы – злыя вошы зробяць, каб ты быў рабом. Чахнуць людзі над баблом і будуюць Вавілон.
На гламуры, ўсё ў ажуры, спрэс ахова ў фарматуры. Ад Версачэ трусікі, ад Кальяна вусікі. Парашок з пакуначка, ў райскі сад прагулачка.
На рулетцы любяць грэцца. твары ў шнарах. Дзе тут дзецца. А як грошай вельмі, вельмі, вельмі многа, удаюць штодзённа бога.
Грошы, грошы – злыя вошы зробяць, каб ты быў рабом. чахнуць людзі над баблом і будуюць Вавілон.