Leon Gurvitch Project: «З Беларуссю ў сэрцы» (mp3)

Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» сусветна вядомы джазавы калектыў Leon Gurvitch Project запісаў свой першы аўтарскі твор па-беларуску «Акіян у цішы», перакладзены Алесем Камоцкім.
Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» сусветна вядомы джазавы калектыў Leon Gurvitch Project запісаў свой першы аўтарскі твор па-беларуску «Акіян у цішы», перакладзены Алесем Камоцкім. Заснавальнік гурта, піяніст Леон Гурвіч, з’ехаў з роднага Мінска ў 22 гады. Ён дасягнуў вядомасці на радзіме і стаў сапраўднай славутасцю ў Нямеччыне, стварыўшы саўндтрэк да стужкі ўладальніка «Оскара» Мэнахема Голана і запісаўшы сумесны альбом з уладальнікам «Грэмі» Фрэнкам Лонданам.

Leon Gurvitch Project – Акіян у цішы (mp3)

Джазмэн з Нямеччыны з радасцю адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2». «Мне падаецца цікавай ідэя падтрымкі беларускай культуры з боку музыкаў. Да ўсяго, мне прыйшлася даспадобы нетрадыцыйная канцэпцыя гэтага праекту і яго рэалізацыя вядомымі музыкамі, якія пэўным чынам звязаныя з беларускай зямлёй», — зазначыў піяніст, кампазітар, аранжыроўшчык і аўтар больш чым 300 музычных твораў.

Леон нарадзіўся ў Мінску ў 1979 годзе і зрабіў імклівую музычную кар’еру. Ён вучыўся ў дзяржаўным музычным ліцэі і Акадэміі музыкі. Ужо з 14 гадоў ён акампанаваў вядучым беларускім акторам у спектаклі «Perpetuum Mobile» Рускага драматычнага тэатра. У 19 гадоў ён ужо выкладаў у дзяржаўнай музычнай школе, у 20 — стварыў «Мінскі джазавы аркестр», які даваў канцэрты ў Акадэміі музыкі. Але малады музыка адчуў, што ў гэтых межах яму цесна. У 2000 годзе ён утварыў яшчэ адзін калектыў — Leon Gurvitch Jazz-Project, з якім вырашыў увасабляць у жыццё ўласныя ўяўленні пра музыку, спалучыўшы джаз і фолк. З уласным калектывам супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і часта выступаў на прыёмах у амбасадах Нямеччыны, Ізраіля, ЗША.

У 2001 годзе Леон прымае рашэнне з’ехаць у Гамбург, дзе працягвае працаваць са сваім джазавым праектам. У гэтым жа годзе мінскі музыка напісаў саўндтрэк да фільма «Death Game», спрадусаванага ўладальнікам «Оскара» Мэнахемам Голанам, а пасля яшчэ была супраца з сусветна вядомым рэжысёрам Петэрам Цадэкам. Гурт Гурвіча мае пастаянныя запрашэнні на самыя прэстыжныя еўрапейскія джаз-фестывалі, ездзіць у туры па Нямеччыне, Швейцарыі, Нідэрландах ды іншых краінах, робіць сумесныя праграмы са знакавымі джаз-персонамі, такімі як Пол Бродзі і Уладзімір Чакасін. У 2008 годзе праект Леона Гурвіча пачаў супрацу з Фрэнкам Лонданам, славутым джазавым трубачом з Нью-Ёрка, уладальнікам «Грэмі» (2007), а летась запісаў з ім сумесны дыск «Eldorado» на вядомым нямецкім лэйбле «Morgenland». Пры гэтым Леон яшчэ паспявае даваць майстар-класы, выкладаць у кансерваторыі імя Брамса і тэатральнай школе Stage School, да ўсяго, пяць гадоў ён кіраваў царкоўным хорам, тры гады быў дырыжорам міжнароднага філарманічнага аркестра Гамбурга, а потым кіраваў аркестрам Брамса…

Як прызнаецца Леон, нават пры такой шчыльнай працы ў Нямеччыне на свае карані ён не забываўся. Адзін з яго музычных праектаў «Live Painting — Jazz – Improvisation» аб’яднаў музыкаў з Беларусі, якія жывуць у Нямеччыне. Для гэтага праекту была запісаная кампазіцыя «Божая радунька»: «Захацелася паімправізаваць на народную тэму, атрымаўся творчы эксперымент, дзе сышліся акустычныя інструменты з электронікай», — з захапленнем расказвае музыка. У сваю канцэртную праграму ён перыядычна ўключае песні, звязаныя з беларускай тэматыкай, як «Варыяцыі на беларускія тэмы», «Я табун сцерагу», тую ж «Божую радуньку».

Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Леон упершыню ўзяўся за выкананне аўтарскага твора на роднай мове: «Я адгукнуўся на пажаданне ініцыятараў праекту адысці ад фальклору ды прадставіць беларускую музыку ў сучасным выглядзе, таму вырашыў узяць кампазіцыю “Infinite Ocean”, якую я стварыў ужо ў Гамбургу, у 2004 годзе. Часта выконваю яе на еўрапейскіх джазавых фестывалях, і мне здалося, што яна цудоўна загучыць па-беларуску». Арыгінальны тэкст да гэтага твора напісала джазавая спявачка Іна Высоцкая, якая доўгі час саліруе ў Leon Gurvitch Project. Яна ж яе і выканала.

Дзякуючы аўтару беларускага тэксту Алесю Камоцкаму, кампазіцыя загучала на беларускай мове. «Мне вельмі імпануе такая музыка і творчасць Леона ў прыватнасці. Памятаю яго яшчэ па мінскіх часах, нават быў на яго апошнім беларускім канцэрце ў філармоніі. І тэкст перакладаўся вельмі лёгка, бо музыка ў тым дапамагала», — кажа Алесь.

Адмыслова для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» запіс «Акіяна ў цішы» быў зроблены на сольным канцэрце Leon Gurvitch Project у тэатры «Pollitbüro» ў Гамбургу 14 траўня 2010 года.

Апошні свой канцэрт у Мінску Леон Гурвіч даў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў далёкім 2001 годзе, але сувязь з радзімай падтрымлівае праз сваіх сяброў і калегаў. Часам з Мінска яму перадаюць прыемныя навіны, калі яго твор гучыць у эфіры беларускага радыё ці трапляе на джазавую складанку. Леон спадзяецца, што ў будучыні сыграе яшчэ вялікі сольны канцэрт у родным Мінску.

Leon Gurvitch Project – Акіян у цішы

(муз. Леон Гурвіч, сл. Іна Высоцкая, бел. тэкст – Алесь Камоцкі)

Акіян у цішы самотных сноў.

Месяц пракладае светлы шлях.

Рушу праз пустэчу да цябе.

Неба,

вецер дай,

хвалі ўзняць

пара.

Прагну шторму,

Бо ён

адзін

паскорыць рух

мой.

Ды ці ж ты патрапіш зразумець мой свет?

І мой шлях.

Дзе чарговы крок

вышэй за мінулы…

Як палёт

Туды, дзе варта быць,

Туды, дзе на нас

чакае воля.

Подых твой у сэрца мне

Полымем шлях прабіў,

спаліўшы ноч…

Мары любяць той агонь,

грэюцца і вабяць

У сваю вышыню.

Над мітуснёй

узляцець,

не глядзець на зямлю,

Неба дасягнуць,

У вочы яму зірнуць,

і знайсці цябе

Наперад разам быць,

забыцца на ўсё –

Тут толькі ты і я.

budzma.org