"Сеціўныя рэвалюцыянеры" назвалі свае патрабаванні беларускім уладам

Арганізатары "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" 20 верасня распаўсюдзілі спіс патрабаванняў беларускім уладам. "Улічваючы сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, змяніць трэба амаль усё. Толькі выканаўшы патрабаванні народа, штосьці можа змяніцца", - заяўляюць "сеціўныя рэвалюцыянеры".

"Мы патрабуем ад уладаў, каб яны далі людзям магчымасць самім вызначаць сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. Яны павінны зразумець, што мы жывем у адной краіне. Час перастаць жыць у доўг і хлусіць сваім людзям", - гаворыцца ў заяве арганізатараў "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі". Большасць патрабаванняў датычыцца эканамічных пераўтварэнняў у краіне. У прыватнасці "сеціўныя рэвалюцыянеры" патрабуюць ад уладаў забяспечыць недатыкальнасць укладаў і зберажэнняў грамадзян, а таксама не ўводзіць продаж замежнай валюты па дакументах і рэгістрацыю здзелкі куплі-продажу. "Сеціўныя рэвалюцыянеры" таксама патрабуюць увесці льготны або бясплатны праезд на грамадскім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў усёй краіны, а не толькі горада Мінска, а таксама правесці індэксацыю заробкаў, пенсій і дапамог у адпаведнасці з сярэднімі па стане на травень 2010 года (да перадвыбарчага павышэння) і рынкавым курсам беларускага рубля. "Беларусы заслугоўваюць годнага заробку, а не падачак", - гаворыцца ў заяве арганізатараў "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі". "Сеціўныя рэвалюцыянеры" таксама патрабуюць ад уладаў, каб адзіны курс рубля фармаваўся ў адпаведнасці з рынкавым коштам, а эканамічная і палітычная сітуацыя ў краіне абмяркоўвалася ў ходзе адкрытай грамадскай дыскусіі з удзелам айчынных і замежных прадстаўнікоў улады, апазіцыі, экспертаў і эканамістаў. Акрамя таго, яны прапануюць стварыць спецыяльны камітэт па эканамічнай сітуацыі і рэформах, у склад якога павінны ўвайсці вядучыя эканамісты, банкіры, прадстаўнікі бізнэсу, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікі дзяржаўных і незалежных прафсаюзаў. "Падобны камітэт павінен мець рэальныя паўнамоцтвы па ўплыве на бягучую эканамічную сітуацыю ў краіне і распрацаваць пакет рэформаў - старая сістэма не працуе і рэформы неабходныя - гэта відавочна сёння для ўсіх", - гаворыцца ў заяве "сеціўных рэвалюцыянераў". Арганізатары "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" таксама патрабуюць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх апазіцыянераў, а таксама "спыненне рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў". У ліку патрабаванняў - рэальныя дзеянні па выратаванні беларускай мовы. Як паведамляў Тэлеграф, арганізатары "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" вырашылі працягнуць правядзенне акцый маўклівай салідарнасці, якія пачаліся ў чэрвені і затым былі прыпыненыя. Па словах аднаго з арганізатараў, Вячаслава Дыянава, план мерапрыемстваў "распрацоўваўся з улікам вопыту мінулых акцый і антыканстытуцыйных законаў аб масавых мерапрыемствах".

telegraf.by