Лідар каманды Сяргей Бабунец меркаваў, што будзе нескладана, улічваючы падабенства беларускай і расійскай моваў. Але хутка прызнаў сваю памылку і быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».
“Смысловые галлюцинации” – “Апошні дзень Зямлі”
Музыкі са «Смысловых галлюцинаций» неаднаразова гаварылі пра сваю адкрытасць эксперыментам. Пра гэта сведчаць хаця б іх сайд-праекты, а таксама дуэты з іншымі выканаўцамі, шматлікія рэміксы, зробленыя на іх песні. Былі і моўныя эксперыменты. Так, іх хіт «Вечно молодой» пераспявалі ўжо па-ўкраінску і па-ангельску. Але, як сведчыць Сяргей Бабунец, яны самі ніколі не эксперыментавалі з іншай мовай.
«Ідэя заспяваць па-беларуску мне падалася цікавай. Меркаваў, што будзе нескладана, улічваючы некаторае падабенства нашых моваў. Прынамсі, лягчэй, чым заспяваць, да прыкладу, па-ангельску, — кажа лідар “Смысловых галлюцинаций”. Але потым музыку давялося прызнаць памылку: калі яму даслалі пераклад, праспяваць па-беларуску з першага разу ў яго не атрымалася. «Прызнаюся, што быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце. Але дасланыя варыянты літаратурнага перакладу з каментарамі , наспяваны па-беларуску тэкст ды іншыя дапаможныя матэрыялы зрабілі сваю справу. Давялося літаральна завучыць інтанацыі і вымаўленне, і ўсё ўрэшце атрымалася», — расказвае Сяргей. Ён выявіўся сапраўдным перфекцыяністам. Калі гурт ужо адаслаў прымальна запісаны беларускамоўны варыянт, музыка папрасіў дадатковых кансультацый, пасля якіх вырашыў перапісаць трэк наноў. «Шчыра кажучы, трохі хвалююся з нагоды таго, як успрымуць вынік носьбіты мовы. Я сапраўды настолькі шмат разоў напяваў беларускі тэкст, што некалькі разоў на канцэртах ледзьве не зблытаў яго з арыгіналам», — прызнаецца Сяргей.
«Смысловые галлюцинации» вырашылі пераспяваць па-беларуску свой новы хіт «Апошні дзень Зямлі» са свежага альбома «Сделано в темноте». Пераасэнсаваць па-беларуску яго ўзяўся Уладзь Лянкевіч: “Ведаеце, калі я вучыўся ў школе, то з усіх шапікаў гучала «Зачем топтать мою любовь», і яны падаваліся такімі далёкімі замежнымі музыкамі, а сёння амаль той самы я сяджу і перакладаю іх песню. Песню гурта, чыя музыка, сярод іншага, гучала ў культавым фільме майго дзяцінства — «Брат-2″. Адным словам, прыемна, што тыя самыя, вядомыя з таго часу «Смысловые галюцинации» спяваюць новыя песні, і спяваюць іх нават па-беларуску, і з маёй дапамогай”.
«У мяне былі незвычайныя эмоцыі падчас запісу, бо я разумеў, што спяваю на замежнай мове. А для мяне гэта сапраўды незвычайна», — дзеліцца эмоцыямі Сяргей Бабунец, якому пераклад прыйшоўся даспадобы. Праўда, ён зазначае, што спачатку яму падалося, нібыта па-беларуску ягоны тэкст гучыць трошкі смешна, але пасля глыбейшага асэнсавання анічога смешнага не засталося. «Беларускія словы абсалютна спалучыліся з настроем песні. У іх усё тая ж усясветная туга».
«Смысловые галлюцинации» — частыя і жаданыя госці ў Беларусі. Дарэчы, дырэктар гурта і суаўтар песняў Алег Гененфельд мае беларускія карані. У Пінску нарадзіліся яго бабуля і маці. Музыкі лічаць нашу краіну выспай маральнага дабрабыту. Паводле іх прызнання, тут ім давялося сустрэць людзей з такімі якасцямі, як дабрыня, чуллівасць і адказнасць. «Гэтым на ўсёй постсавецкай прасторы ў такой ступені хіба толькі беларусы і могуць пахваліцца. Захоўвайце іх, калі ласка!» — заклікае Сяргей Бабунец, які, між іншым, з’яўляецца старшынём камісіі па культуры і мастацтве ў Грамадскай палаце Свярдлоўскай вобласці.
“Смысловые галлюцинации” – “Апошні дзень Зямлі” (сл. Алег Гененфельд, Сяргей Бабунец, муз. Сяргей Бабунец, бел. тэкст – Уладзь Лянкевіч)
Калі стане няважна сваё і чужое, Калі на Зямлі застанецца нас двое, Надыдзе самы апошні ў свеце ўзыход, Мы знікнем з табой на многія тысячы год.
Прыпеў: Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет, Не памрэ святло, не загіне свет. Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет, Ў маіх вачах не загіне свет.
У фінале апошняя песня і тытры, Скончыўся фільм нечакана і прыкра. Мы на планеце двое астатніх людзей – Нам больш не сустрэць анікога, ніколі, нідзе.