Максу Лорэнсу сарвала дах

Папулярны R&B-выканаўца, якога параўноўваюць з Тымберлейкам і Sisqo, упершыню ў сваёй сольнай кар’еры заспяваў па-беларуску. Для праекта «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Макс Лорэнс выканаў песню «Зрывае дах» — беларускую версію свайго дэбютнага сінгла «Схожу с ума», які прынёс яму шырокую вядомасць у Расіі ды Украіне. Аўтарам беларускага тэксту стаў паэт Глеб Лабадзенка.
Папулярны R&B-выканаўца, якога параўноўваюць з Тымберлейкам і Sisqo, упершыню ў сваёй сольнай кар’еры заспяваў па-беларуску. Для праекта «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Макс Лорэнс выканаў песню «Зрывае дах» — беларускую версію свайго дэбютнага сінгла «Схожу с ума», які прынёс яму шырокую вядомасць у Расіі ды Украіне. Аўтарам беларускага тэксту стаў паэт Глеб Лабадзенка.

Макс Лорэнс – Зрывае Дах

«Рэдка здараецца момант, калі можна зрабіць нешта новае там, дзе не чакаеш. Як, напрыклад, зрабіць наноў сваю песню, якая, здавалася б, ужо пройдзены этап. А тут раптам з’явілася магчымасць яе пераасэнсаваць! Канечне, я толькі за!» — адказаў Макс на прапанову перазапісаць па-беларуску свой першы сінгл — песню «Схожу с ума», якая прынесла яму шырокую вядомасць ва Украіне і Расіі.

Сцэнічная кар’ера гомельскага хлопчыка Максіма Сапацькова пачалася яшчэ з конкурсаў «Усе мы родам з дзяцінства» і «Зорная ростань». У 20 гадоў, ужо як саліст аркестра Гомельскай абласной філармоніі, ён скарыў «Славянскі базар», але неўзабаве з эстрады сышоў. Выканаўца ўзяў творчы псеўданім Макс Лорэнс і пачаў супрацу з Сярогам, з якім і выправіўся скараць расійскі шоу-бізнэс. Разам яны запісалі парачку песняў, якія сталі мегахітамі, як «Возле дома твоего» і «Лебединая» з саўндтрэкау да стужкі «Бой с тенью». У 2008 годзе Макс актыўна заняўся сольнай кар’ерай, трапіў у фінал расійскага адбору на «Еўрабачанне», стаў адным з самых запатрабаваных артыстаў у начных клубах Масквы і Кіева, агучыў адну з роляў дыснееўскага мюзікла «High School Musical-2». Макса тады часта называлі расійскім Тымберлейкам за яго манеру выканання і стыль, а на «Новой волне-2009» у Юрмале ён атрымаў тытул «Самага сэксуальнага ўдзельніка конкурсу». Сам выканаўца кажа, што арыентыр у падачы ды аранжыроўках мусіць быць заўжды на заходні ўзор, але вось выконваць песні варта на славянскіх мовах.

Макс, хоць і перабраўся на стала ў Маскву, кажа, што лічыць гэты горад не больш чым месцам працы. «Я проста пераязджаю з аднаго месца ў другое і жыву там, дзе можна рэалізаваць свае планы. Але пры гэтым я заўжды пачуваю сябе беларусам і з гонарам заяўляю ў той жа Маскве, што я — беларус. І прыехаў сюды з горада Гомеля». Выканаўца пэўны, што беларуская музыка можа загучаць на камерцыйных FM-станцыях Масквы і гатовы прыкласці да гэтага свае намаганні: «Мяркую, што магчыма прабіць эфір з беларускамоўнай кампазіцыяй, хоць раскруціць кампазіцыю няпроста. Калі будзе песенька ды з разынкаю, якая можа быць ў тэксце, у гісторыі, у гучанні, дык можна паспрабаваць. Перад намі ж ёсць светлы прыклад гурта “Океан Эльзи”»

Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Лорэнс выканаў песню «Зрывае дах» — беларускую версію свайго сінгла, што ўвайшоў у дэбютны дыск «Танцы под луной», запісаны ў Германіі. Трэк гэты заўважна адрозніваецца ад яго іншых кампазіцый, найперш вельмі хуткім рэчытатывам на манер амерыканскага R&B-выканаўцы Sisqo. Па-беларуску гэты твор пераасэнсаваў паэт Глеб Лабадзенка: «Працаваць з Максам было надзвычай лёгка, бо ён адчувае беларускае слова, арганічна ўспрымае яго. Напрыклад, калі мы працавалі над прыпевам, я па прыколе прапанаваў варыянт “Паехаў дах, мне паехаў дах…” Аднак Макс прыкол злавіў!.. У выніку спыніліся на варыянце, што больш падыходзіць для мача — “зрывае дах”… Яшчэ мяне ўразіла, што ў студыі Макс абсалютна без падказак усё чыста правільна заспяваў па-беларуску! Сапраўдны беларус!».

«На беларускай мове гэтая песня нарадзілася наноў. Працаваць над ёй было надзвычай цікава і… няпроста. Цяжкасцяў з выкананнем па-беларуску ніколі не меў, але тут язык заплятаўся, бо надта высокі тэмп чытання, досыць цяжка давалася», — прызнаецца Макс.

Спявак кажа, што яго надта ўсцешыў беларускі тэкст ягонай кампазіцыі: «Мова наша багатая, у ёй вельмі шмат словаў трапляецца, якія раней нават сустракаць не даводзілася. Настолькі мяккі тэкст, што нязвыкла пасля расійскай. Па выніку мушу сказаць, што для спеваў беларуская нашмат лепшая за расійскую».

Цяпер Макс Лорэнс хоча адысці ад стылістыкі клубнага R&B і рыхтуе праграму ў рэчышчы дыска-фанку а-ля Jamiraquai. Але «Зрывае дах», як адна з самых удалых яго песняў, застанецца ў рэпертуары выканаўцы і надалей.

Макс Лорэнс — Зрывае дах (муз. і сл. выканаўцы, бел.тэкст — Глеб Лабадзенка)

Ізноўку да цябе гарады,

Зноўку падзяляюць нас назаўжды дарогі і агні,

І няма цябе, як вады,

Дачакаюся сустрэчы тады, калі не будзеш маніць

Цяжка разам быць — гэта факт,

Ды іначай быць не можа ніяк

Змірыўся з гэтым я,

І не зразумець: як жа так?

Уздымаю над сабой белы сцяг — і перамога твая.

Кожную ноч, кожны дзень

Анёлам у вачах ёсць толькі ты,

Прэч лісты у календара, адчуваю я свядомасці брак,

У гульні я гэтай застыў.

Можна ўсё скасаваць, забываць спрабаваць,

Вось толькі я не помню як,

Не магу сябе пільнаваць, зноўку боль мяне спрабуе знішчаць,

Нашто са мною ты так?

Зрывае дах,

Мне зрывае дах,

Як сплываеш ты

На сямі вятрах

Кружыцца мая галава,

Сам сябе я пачынаю злаваць, тым часам думкі паліць.

Давай завершым гэту гульню

Здаецца, што адзін наяве я сню,

Калі не хочацца сніцью.

Не ўцячы, замораны я,

З табой разам атрымалі мы знак нічога не казаць

Але губляюся, што рабіць,

Бо далібог не змагу адпусціць

А ты — мяне не кахаць.