«Dreamgale» – Апошняе сонца (mp3)
Удзельнікі шведскага электра-поп-гурта «Dreamgale» вырашылі не перакладаць на беларускую мову адзін з сваіх твораў, а запісаць для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» абсалютна новую песню, першую ў рэпертуары каманды на беларускай мове. «Так атрымалася, што нам прапанавалі ўдзел у складанцы якраз тады, калі мы працавалі над новым матэрыялам. А калі робіш нешта новае, перакладаць старыя песні ды запісваць іх наноў не надта цікава. Таму мы вырашылі стварыць беларускую версію аднаго з трэкаў, над якім ішла праца», – кажа Майк Сэндэр. Ён пераехаў у Стакгольм з Мінска яшчэ ў 13 год, калі яго маці пабралася шлюбам з шведам.
З другім удзельнікам «Dreamgale» Зьмітром Палагіным Майк сябруе яшчэ з дзяцінства. Нягледзячы на такую адлегласць, сябры сувязь не згубілі – Майк часам прыязджаў у Мінск, Зміцер наведваўся ў Стакгольм, пакуль урэшце не вырашыў і сам перабрацца туды канчаткова – перавёўся з ліцэя БДУ у Каралеўскі тэхнічны каледж. З гэтага часу хлопцы здолелі заняцца творчасцю ўсур’ёз, хоць пачалі пісаць песні яшчэ ў школьныя часы. Зміцер, дарэчы, тады браў урокі ігры на гітары ў Сяргея Трухановіча, удзельніка гуртоў «Крама» і «Палац».
Да іх праекта далучылася яшчэ Сафія Матсан, шведская спявачка і мадэль, сястра галівудскай акторкі Хэлены Матсан. У 2006 годзе яны пачалі студыйную і канцэртную дзейнасць. Свой першы сінгл яны выдалі на лэйбле «Sound Pollution», які працуе з такімі гуртамі, як «Nightwish» і «InFlames». Камандай заняўся прадзюсар Пэр Адэбрат (Ace of Base, Army of Lovers). У 2009 годзе выйшаў дэбютны альбом «Dreamgale» «Memories In Dark Crystal», песні з якога сталі радыёхітамі ў Скандынавіі. З ахвотай творы беларускіх шведаў узялі і айчынныя радыёстанцыі.
Упершыню «Dreamgale» абазначыў сваю беларускасць у песеньцы «Wonders», прычым з дапамогай Сафіі, якая выканала куплет на экзатычнай для яе мове. Акрамя таго, Майк Сэндэр прыцягнуў увагу да роднай краіны яшчэ і грамадскай справай – ён узяўся адстаяць слушнасць напісання назвы Belarus. «У Швецыі афіцыйна нашу краіну называюць Vitryssland – літаральна «Белая Расія», таму і блытаюць нас з Расіяй, пытаюцца, як там справы, як там Мядзведзеў пажывае. І кожны раз даводзіцца тлумачыць, што наша краіна самастойная», – кажа Майк, хоць пры гэтым зазначае, што большасць шведаў не падазрае пра яго паходжанне, настолькі ён добра авалодаў мовай.
Для праекта «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» «Dreamgale» запісаў песню «Апошняе сонца». Зміцер Палагін распавядае, што для іх гэта была нетыповая праца: «Нам прыйшлося працаваць і думаць па-новаму. Звычайна, калі мы пачынаем запісваць новы твор, то тэкст цалкам гатовы. Тут жа было зусім па-іншаму. А па-другое, гэта наш першы твор, які быў адразу створаны па-беларуску». «Мы пайшлі на гэты незвычайны для нас крок, каб паказаць нашым слухачам з Беларусі нешта асаблівае», – дадае Майк. Хлопцы лічаць, што тэкст «Апошняга сонца» адзін з найбольш удалых у іх творчасці і прызнаюцца, што было няпроста яго перакласці на ангельскую для сінгла «Final Gorizont», які выйдзе ўвосень 2011 года.
«Dreamgale» ўпершыню наведаўся ў Беларусь сёлета ў лютым з новай, чацвёртай, удзельніцай гурта спявачкай Эмай Лагербэк. Гурт зняўся для двух беларускіх тэлешоў і даў некалькі інтэрв’ю. Падчас наступнага прыезду ў Беларусь шведская каманда хоча сыграць вялікі сольны канцэрт у Мінску.
«Dreamgale» – Апошняе сонца (муз. і сл. гурта)
Гасне святло, знікае дзень, Цёплым снегам плача цішыня. Пасумуй са мной, мой цень. Вельмі хутка і цябе ня стане тут. Ці магу я захаваць той бясконцы момант? Бо бегчы лягчэй, чым чакаць.
Апошняе сонца Узыходзіць, як прыйдзе ноч. І сумны анёл, быццам шэры прывід, За мной сочыць бясконца.
Цені смяюцца, Цемра крадзе мае сны. І гасне сусвет, і лічу я хвіліны, І мару прачнуцца.
Час цячэ, нібыта кроў, Чорнай плямай расплываючыся па стале. Час каменне кідаць прайшоў, Але ці мае плён збіраць каменне ізноў? І хочацца бегчы па сценах і даху, Бо бегчы прасцей, чым чакаць.
Апошняе сонца Узыходзіць, як прыйдзе ноч. І сумны анёл, быццам шэры прывід, За мной сочыць бясконца.
Цені смяюцца, Цемра крадзе мае сны. І гасне сусвет, і лічу я хвіліны, І мару, мару прачнуцца.