Алег Джагер палічыў прапанову паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» надзвычай цікавай.
«Ніколі дагэтуль не спяваў па-беларуску, таму надта закарцела паспрабаваць», – кажа спявак.
Oleg Jagger – Дзень без чар тваіх (mp3)
Алег Мінакоў нарадзіўся на Койданаўшчыне, у пасёлку Узда. У пяць год яго бацькі перабраліся ў Барысаў. З маленства хлопец усур’ёз зацікавіўся музыкай. Алег назаўжды запомніў сваю першую кружэлку, якую ён набыў у 1976 годзе. Гэта быў альбом Карласа Сантаны «Abraxas». У музычнай школе ён вывучаў класічную гітару, але так да канца і не давучыўся, бо палічыў класічную музыку справай сумнай, яго цягнула ў рок-н-рол. Першы гурт Мінакова зваўся В.О.З., які ўтварыўся ў 1980 годзе, калі яму было 16. Аднак у бацькоў музыкі быў іншы погляд на яго будучыню, таму хлопца выправілі вучыцца ў мінскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню. Да актыўнай музычнай дзейнасці Мінакоў вярнуўся ў 1987 годзе, калі яго паклікалі вакалістам у гурт «Квінта». Пасля быў гурт «Праспект», што працаваў пры беларускай дзяржаўнай філармоніі. Праўда, неўзабаве Алега з філармоніі выгналі – за празмерны інтарэс да англамоўнай музыкі. Але без працы таленавіты вакаліст не застаўся. У 1990 годзе Віктар Смольскі запрасіў яго ў гурт «Инспектор», які на той час ужо практычна атабарыўся ў Нямеччыне.
Пасля расколу каманды Джагер вярнуўся ў Беларусь і заснаваў уласны праект «Rouble Zone», які за некалькі год дасягнуў вялізарнай папулярнасці. Пікавы момант быў у 1996 годзе. Тады «Rouble Zone» пры спрыянні Уладзіміра Мулявіна прадставіў краіну на конкурсе «Славянскі базар», сыграў на разагрэве «Deep Purple» на стадыёне «Дынама», паўдзельнічаў у фэсце «Таўрыйскія гульні», атрымаў галоўны прыз і яшчэ дзве перамогі ў дзвюх намінацыях на «Рок-Каранацыі» і запісаў узорны блюз-рокавы CD «Put Your Money… Now!».
Але нечакана для ўсіх Джагер распускае гурт і з’язджае ў Бельгію. Як тлумачыць музыка, яму захацелася пачаць усё з нуля, у іншых абставінах і з іншымі людзьмі. «Ужо 14 год, як я жыву ў гэтай цудоўнай краіне, – кажа Алег. – Маю тут добрую прафесійную студыю, пішу песні для іншых выканаўцаў, выступаю сам. І я адчуваю, што ізноў здольны скарыць вяршыню!». Музыка з сваім сольным праектам бярэ ўдзел у еўрапейскіх фестывалях і тэлешоў, аб’ездзіў з канцэртамі Бельгію, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды, Люксембург, Манака. Алег палічыў, што толькі ў Парыжы выступіў за гэты час 17 разоў. Да ўсяго ён стварае песні для мясцовых поп-зорак, цяпер у шчыльнай супрацы з Ксаўерам Клэйтанам, аўтарам песень 2 Unlimited і Дэвіда Гуэты.
Увесь гэты час Алег падтрымліваў сувязь з блізкімі і сябрамі з Беларусі праз камп’ютар і тэлефон. Толькі нядаўна ён здолеў наведаць Радзіму, каб адзначыць 15 год ад часу выхаду альбома «Rouble Zone» і даў канцэрт у адным з мінскіх клубаў: «Хоць я ўжо доўгі час жыву ў іншай краіне, самыя цёплыя пачуцці ў мяне выклікае менавіта Беларусь, якая для мяне назаўжды застанецца Радзімай. Самай дарагой для мяне часткай свету. Я нямала здзівіўся ад таго, што пабачыў у Беларусі. Краіна моцна змянілася. І набыла індывідуальны архітэктурны стыль», – з трошкі іранічнай усмешкай распавядае Джагер.
Для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» Алег Джагер абраў кампазіцыю «Day Without Your Love», якую прадстаўляе, як «апошнюю сваю песню, напісаную ў СССР». «Справа была за часамі гурта «Инспектор» 18 жніўня дома ў Віці Смольскага. Тады ён найграў на гітары ўступ, а я прыдумаў на аснове гэтага рыфу мелодыю, і праз паўгадзіны ў нас атрымалася песня. На раніцу, як прачнуліся, былі ў шоку, калі па тэлевізіі абвясцілі пра путч». Цікава, што ў сольным рэпертуары цяперашняга гітарыста гурта «Rage» таксама ёсць інструментальны трэк пад такой назвай, які, праўда, адрозніваецца ад джагераўскага варыянта.
На беларускую мову «Дзень без чар тваіх» пераклаў літаратар Сяргей Балахонаў: «Працаваць было нязвыкла. З ангельскай мовы я перакладаю не так шмат. І гэты пераклад для мяне быў рызыкоўным эксперыментам, які я адужаў у два заходы. Першы варыянт перакладу быў максімальна блізкі да арыгіналу. Я не дапускаў нейкіх вольнасцяў. Аднак Джагер папрасіў прыўнесці перакладчыцкіх свавольстваў, каб тэкст было прыемна не толькі пець, але і чытаць».
«Мне вельмі спадабаўся тэкст перакладчыка. Мы вырашылі не рабіць літаральны пераклад, а надаць арыгінальнасці беларускай версіі, так што яе аўтарам па праву можна лічыць Сяргея Балахонава», – кажа Алег, які заспяваў па-беларуску ўпершыню за больш чым 30-гадовую кар’еру.
У сакавіку ён ізноў сабраў музыкаў «Rouble Zone», каб пачаць працу над новым альбомам каманды, які плануецца запісаць у Англіі. Так што чароўны вакал Алега нашага Джагера, мы яшчэ пачуем неаднойчы. Цяпер і па-беларуску.
Радыёпрэм’ера песні адбудзецца сёння ж у праграме «Ну і дзянёк!» (13.10 – 14.00) радыёстанцыі «Сталіца» (72.89 УКХ ў Мінску).
Oleg Jagger – Дзень без чар тваіх (муз.Алег Мінакоў, сл. Аляксандар Брынцаў, бел.тэкст – Сяргей Балахонаў) Калі спаткаў цябе, Знайшоў я рай зямны. Зачаравала ты мяне сабой.
Змяніла ты мой свет, Раскрыла вочы мне. Але ўсё быццам сон, Неспадзяваны кон, Я палаю агнём, І пражыць так цяжка…
Дзень без чар тваіх Пражыць так цяжка… Дзень без чар тваіх. Я не ведаў раней кахання мацней. Расстання горыч, туга па табе. Па табе. Туга па табе.
Я трачу розум свой. Расстання горкі дым. Радней цябе няма. Дзівосны лёс.
Ліхая кругаверць. Куды сябе падзець? Калі ты знікнеш зноў Без аніякіх слоў. На мне самоты цень, і пражыць так цяжка
Дзень без чар тваіх Пражыць так цяжка… Дзень без чар тваіх. Я не ведаў раней кахання мацней. Расстання горыч, туга па табе. Дзень без чар тваіх, маё каханне, Дзень без чар тваіх Палаю агнём, на сэрцы твой след Але я помню, я кахаю й чакаю цябе.
Не сыходзь Мяне паслухай, ці спаткаемся яшчэ Падыходзь Каб добрым дзень стаў, як нідзе, бо цяжка цяпер Пражыць так цяжка Дзень без чар тваіх…