Памятны знак да 500-годдзя атрымання Навагрудкам магдэбургскага права адкрыюць у райцэнтры 10 верасня

Памятны знак да 500-годдзя прадастаўлення Навагрудку магдэбургскага права адкрыюць у райцэнтры 10 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Навагрудскага райвыканкама.

Першая сталіца Вялікага княства Літоўскага адзначыць юбілей 9-10 верасня. Старт мерапрыемствам дасць міжнародная навуковая канферэнцыя, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія вучоныя-гісторыкі, супрацоўнікі музейных устаноў рэспублікі, краязнаўцы, а таксама вучоныя з Польшчы і Германіі. У гісторыка-археалагічным музеі пройдзе выстаўка старых фотаздымкаў. 10 верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, пасля чаго пачнуцца культурныя мерапрыемствы. Увесь дзень на цэнтральнай плошчы райцэнтра будуць выступаць калектывы абласной філармоніі, мясцовыя самадзейныя артысты і калектывы Гродзеншчыны. На тэрыторыі Малога замка ў гэты дзень разгорнецца горад майстроў, а на пляцоўцы каля помніка Адама Міцкевіча будуць выступаць камерныя калектывы. Забаўляльная праграма для дзяцей днём, а для моладзі вечарам пройдзе і ў гарадскім парку. На завяршэнне свята жыхароў і гасцей горада на галоўнай плошчы чакае канцэртная праграма Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і святочны салют, а пасля - дыскатэка да раніцы. Навагрудак - адзін з самых старажытных гарадоў на беларускай зямлі. Час яго заснавання гісторыкі адносяць да канца Х стагоддзя. Горад быў рэзідэнцыяй князёў ВКЛ і буйным гандлёва-рамесным цэнтрам. У ліпені 1511 года на брэсцкім сейме Навагрудак атрымаў магдэбургскае права - права на самакіраванне, якое афармляла горад як самастойную адміністрацыйную адзінку са сваімі атрыбутамі - тэрыторыяй, грамадствам, інстытутамі ўлады і суда, падатковай сістэмай. Тады ж у горада з'явіўся ўласны герб з выявай архангела Міхаіла. Да памятнай даты Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай "500 гадоў з часу атрымання Навагрудкам магдэбургскага права"

БЕЛТА