Фэст адбываецца ўжо трэці год запар у Музеі народнай архітэктуры і побыту (вёска Азярцо, 4 км. за аўтарынак "Малінаўка"), на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў. Мэта мерапрыемства – прапагада беларускай культуры і дапамога музею. Усе грошы за ўваход ідуць на рахункі гэтай ўстановы, дапамагаючы захоўваць экспанаты.
Для кожнага з хэдлайнераў фестывалю выступ на сёлетняй "Камяніцы" будзе знакавым. Этна-трыо "Троіца" ўпершыню прадставіць у Беларусі на вялікай сцэне свой ухвалены крытыкамі новы альбом "Зімачка". Магілёўскі гурт Osimira, які добра ведаюць у Расіі, Украіне і Польшчы, выступіць ў Мінску ўпершыню з 2007 года. А для лідэра "ВВ" Алега Скрыпкі гэта першы ў Беларусі выступ з фолк-праграмай.
"Алег Скрыпка – не толькі знакаміты рок-музыка, але і вядомы прапагандыст украінскай культуры, у тым ліку народнай. Напрыклад, ён з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком вядомага ўкраінскага фолк-фэсту "Краіна мрій" і розных яго адгалінаванняў, – распавядае каардынатар "Камяніцы" Сяргей Чыгрынец. – Яму цікава паказаць беларускай публіцы сваю фолкавую праграму, паглядзець, як гэта адбываецца ў нас, знайсці нейкія новыя гурты для свайго фэсту. Нам вельмі прыемна, что гэта не проста нейкія грашовыя стасункі".Уваход будзе адбывацца па квітках музею. Наведнікі будуць мець магчымасць не толькі паслухаць музыку, але і паглядзець усю экспазіцыю.