Тры новыя кнігі выйшлі ў серыі "Кнігарня пісьменніка"

Бібліятэчная серыя Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" папоўнілася трыма новымі выданнямі: зборнікам лірыкі Віктара Слінкі "Арахна", кнігай вершаў і перакладаў Аксаны Данільчык "Сон, які немагчыма забараніць" і зборнікам паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава "Эстэтыка маўчання".
Бібліятэчная серыя Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" папоўнілася трыма новымі выданнямі: зборнікам лірыкі Віктара Слінкі "Арахна", кнігай вершаў і перакладаў Аксаны Данільчык "Сон, які немагчыма забараніць" і зборнікам паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава "Эстэтыка маўчання".

Арахна : вершы, эсэ, паэма / Віктар Слінка. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 204 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" ; вып. 13)

Зборнік Віктара Слінкі склалі медытатыўная лірыка, эсэ і паэма "Жбан, вада".

Пра аўтара:

Віктар Слінка нарадзіўся 4 чэрвеня 1972 года ў вёсцы Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вершы піша з пятнаццаці гадоў. Аўтар шматлікіх публікацый у беларускіх газетах і часопісах. Выдаў дзве кнігі паэзіі: "Апошні снег" (1995), "Штольні вясны" (2001). Лаўрэат літаратурнай прэміі Таварыства вольных літаратараў "Гліняны Вялес" за кнігу "Штольні вясны", прэміі часопіса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф" за лепшую паэтычную публікацыю 2005 года.

Сон, які немагчыма забараніць : вершы / Аксана Данільчык. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 168 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” ; вып. 15.)

Зборнік твораў "Сон, які немагчыма забараніць" увабраў у сабе вершы апошніх гадоў, а таксама шматлікія пераклады з італьянскай мовы. З анатацыі да кнігі:

Новая кніга Аксаны Данільчык – гэта актуальная еўрапейская паэзія з глыбока асабістымі, але зразумелымі і блізкімі кожнаму, хто спрабуе адказаць на вечныя пытанні, вобразамі, думкамі і ідэямі, якія складаюцца ў ланцужок рэфлексій, знакавы для арыгінальнай эстэтыкі паэткі. Змешчаныя ў кнізе пераклады з італьянскай мовы сведчаць пра шматграннасць творчага жыцця аўтара.

Пра аўтарку:

Аксана Данільчык нарадзілася ў 1970 г. у Мінску. Закончыла філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (беларуская, італьянская літаратура). Аўтар паэтычных зборнікаў "Абрыс Скарпіёна" (1996), "IL MEZZOGIORNO" (2006), кнігі вершаў для дзяцей "Павуцінка на агрэсце" (2005). Перакладае з італьянскай мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Эстэтыка маўчання : вершы, паэма / Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 88 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” ; вып. 14.)

Паэтычны зборнік "Эстэтыка маўчання" беларускага паэта Алеся Дуброўскага-Сарочанкава – кніга-пераможца конкурсу на найлепшы рукапіс другой кнігі, абвешчанага сёлета Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

З анатацыі да кнігі:

Першы зборнік паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава – "Паміж небам і багнаю" – выйшаў у 1997 годзе ў "Бібліятэчцы часопіса "Маладосць"". Новая кніга адрозніваецца шырынёй дыяпазону інтанацый: ад іроніі (раздзел "Пародыі без арыгіналаў") да філасофска-багаслоўскай сур’ёзнасці (лірычная паэма "Новае неба"). Пры гэтым праз усю кнігу праходзіць адзін матыў – Слова і маўчанне…

Пра аўтара:

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў (Алесь Уладзіміравіч Дуброўскі) нарадзіўся 18 лістапада 1976 г. Скончыў філалалігчны факультэт БДУ, магістратуру і аспірантуру па кафедры тэорыі літаратуры, а таксама Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Друкуецца з 1992 года.

Прэсавая служба СБП