Захар Шыбека: Беларусы спраўдзіліся як нацыя, бо ў нас з’явіліся нацыянальныя героі

Як можна ахарактарызаваць сучасную Беларусь і грамадства, гледзячы на помнікі ў нашых гарадах? Пра якія змены ў нацыянальнай свядомасці беларусаў сведчыць палітыка памяці? Што ў перспектыве чакае шматлікія манументы Леніну, Сувораву, Дзяржынскаму і іншым героям савецкага часу? Пра гэта ў эфіры TUT.BY-ТВ разважаў доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека.

Як можна ахарактарызаваць сучасную Беларусь і грамадства, гледзячы на помнікі ў нашых гарадах? Пра якія змены ў нацыянальнай свядомасці беларусаў сведчыць палітыка памяці? Што ў перспектыве чакае шматлікія манументы Леніну, Сувораву, Дзяржынскаму і іншым героям савецкага часу? Пра гэта ў эфіры TUT.BY-ТВ разважаў доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека.

“Дэсаветызацыя ідзе вельмі марудна”

— Як можна ахарактарызаваць сучасную Беларусь і грамадства, гледзячы на помнікі і назвы вуліц нашых гарадоў?

— У гарадскім ландшафце нашай краіны назіраецца парадаксальная сітуацыя: большасць назваў вуліц, помнікаў прысвечаны дзеячам гісторыі савецкай і дасавецкай Расіі. Возьмем для ілюстрацыі Мінск. Траціна з усіх патранамічных вуліц прысвечана героям Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ траціна — героям расійскай гісторыі. Астатняя частка датычыцца дзеячаў савецкай і дасавецкай Беларусі. Прычым на дасавецкую частку прыходзіцца толькі крыху больш за 7% ад назваў такіх вуліц.

Тое ж самае з помнікамі. У нас няма ніводнага горада, які б не меў помніка Леніну. Усяго іх больш за 100. У кожным больш-менш значным паселішчы ёсць помнікі ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ 26 манументаў ушаноўваюць герояў Расіі. На долю герояў беларускай гісторыі прыпадае ўсяго 43 помнікі. Гэта сведчыць пра тое, што наша грамадства дасюль застаецца надзвычай саветазаваным у параўнанні нават з іншымі былымі рэспублікамі СССР. Таксама навідавоку адсутнасць у беларусаў высокага пачуцця нацыянальнага гонару, гістарычнай нацыянальнай свядомасці.

Мы ўсё яшчэ знаходзімся ў пераходным стане да суверэннасці. Таму Беларусь дасюль у значнай ступені выглядае правінцыяй Расіі, а Мінск — маленькай Масквой.

— Але, як вы сказалі вышэй, у Беларусі налічваецца ўжо больш за 40 помнікаў героям нацыянальнай гісторыі, большасць з якіх паўсталі ў суверэнны час. Ці можна гаварыць пра пэўны рух у бок беларусізацыі?

— Помнікі нацыянальным героям узнікаюць у значнай ступені дзякуючы грамадскай ініцыятыве. Напрыклад, цэлы пантэон беларускіх герояў у сядзібе Анатоля Белага ў Старых Дарогах альбо помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.

Разам з тым у нас па-ранейшаму ўзнікаюць новыя помнікі Сталіну. У 2000 годзе першы ў суверэннай Беларусі помнік “правадыру народаў” паўстаў у Свіслачы на Гродзеншчыне. У 2006-м ягоны бюст устаноўлены на “Лініі Сталіна” пад Мінскам. У тым жа годзе на тэрыторыі Ваеннай акадэміі ў Мінску з’явіўся яшчэ адзін помнік Феліксу Дзяржынскаму (першы "жалезны Фелікс" яшчэ з савецкіх часоў стаіць у аднайменным сталічным скверы насупраць будынка КДБ).
Ідзе супярэчлівы працэс, які сведчыць аб тым, што ў галовах нашых грамадзян і кіраўніцтва існуе эклектычны погляд на сваю гісторыю, спадчыну. Але тое, што на гэтым фоне ўзнікаюць помнікі нацыянальным героям — знак паступовай дэсаветызацыі грамадства. Дзяржава так ці інакш пачынае звяртацца да помнікаў як сімвалу беларускай памяці і выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах. Аднак гэта справа пасоўваецца вельмі марудна. За дзесяць апошніх гадоў у Мінску каля дзесяці савецкіх вуліц перайменавалі ў нацыянальныя. У той жа час у Кіеве гэтая лічба сягае 50, а ў Вільні з усіх вуліц, звязаных з героямі савецкай гісторыі, засталося толькі пяць.

“Мы стварылі нібыта нацыю з выхалашчаным нацыянальным зместам”

— Да якіх наступстваў можа прывесці існаванне ідэалагічнага вінегрэту ў галовах шараговых грамадзян і беларускіх чыноўнікаў: калі побач з захаваннем герояў савецкай гісторыі ствараецца пантэон герояў беларускай гісторыі?

— Гэта не такая бяскрыўдная рэч. Помнікі як сімвалы памяці адыгрываюць вялікую ролю ў кансалідацыі грамадства. Яны выступаюць паказчыкамі прыналежнасці да пэўнай краіны, культуры, гісторыі. Калі дзяржава ігнаруе нацыянальных герояў, а ўшаноўвае тых, хто звязаны з гісторыяй суседніх краінаў, гэта прыводзіць да расколу грамадства. Адбываецца маргіналізацыя свядомасці нацыі, успрыняцце Беларусі як нейкага прыдатка Расіі. Гэта параджае абыякавасць і вандалізм, напрыклад, у дачыненні да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Недастаткова мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка прыводзіць да таго, што людзі не ведаюць сваіх нацыянальных герояў. У такім разе патрыятычнае выхаванне не прыводзіць да кансалідацыі грамадства.

— Вы згадалі пра патрыятычнае выхаванне. Ці ўдалося ўладам Беларусі выпрацаваць адзіную, маналітную дзяржаўную ідэалогію за 17 апошніх год?

— Думаю, можна казаць пра ідэалогію, бо існуе сістэма пэўных каштоўнасцяў. Бяда ў тым, што гэта ідэалогія практычна пазбаўлена нацыянальнага зместу, слаба звязана з беларускай культурай і традыцыямі. Парадаксальная сітуацыя. Мы стварылі дзяржаву, але далёка не нацыянальную. Мы стварылі нібыта нацыю, але з выхалашчаным нацыянальным зместам.

“Беларусізацыя — вынік канфрантацыі з Расіяй”

— Зыходзячы з існай ідэалогіі, ці можна казаць пра наяўнасць палітыкі памяці ў Беларусі?

— Такая палітыка ёсць, нават калі яна не ўсведамляецца. Яна адлюстроўваецца ў назвах нашых вуліц і ў помніках, што ўпрыгожваюць нашы гарады.

Палітыка памяці ў Беларусі прайшла некалькі этапаў. Пасля атрымання краінай незалежнасці, ў 1991-1994 гадах, у яе аснову былі пакладзены нацыянальныя ідэалы і героі.

Наступны этап ­— 1995-2002 гг. Тады адбывалася вяртанне да савецкіх ідэалаў і герояў. Паралельна пашыраліся такія ідэалагічняя плыні як славянафільства і заходнерусізм.

На маю думку, адмоўную ролю ў гэтым працэсе адыграла стварэнне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Гэта прыводзіла да дэзарыентацыі грамадства, падваення нацыянальнай свядомасці. У якой краіне мы жывем? Ці то ў Беларусі, ці то ў Саюзнай дзяржаве.

З 2002 года ў нас пагоршыліся адносіны з Расіяй. Пачалося вяртанне да мясцовага каларыту. На першае месца высунуліся ідэалы Савецкай Беларусі, усё часцей выкарыстоўваўся мясцовы матэрыял.

Апошні этап вядзе адлік з 2009 года. Наша дзяржава стала больш актыўна выкарыстоўваць нацыянальныя ідэалы ў сваёй палітыцы памяці. Тым не менш, гэта толькі першыя пробліскі.

— Іншымі словамі, пераход да нацыянальнага стаў у пэўнай ступені вынікам канфрантацыі з Расіяй?

— Так, фактар Расіі мае найвыключную ролю. Другая важная прычына — пашырэнне інфармаванасці грамадства, павелічэнне колькасці гістарычнай літаратуры, уздзеянне сродкаў масавай інфармацыі на свядомасць людзей. Асабліва гэта тычыцца маладога пакалення, якое ўжо больш дасведчана і ўсё часцей імкнецца разабрацца, хто героі і антыгероі Беларусі. Паступова прыходзіць разуменне, што ўсё-такі мы не рускія. Ёсць мы і ёсць яны.

Яшчэ адзін важны фактар, які ўплывае на нацыянальную самасвядомасць і шанаванне нашых нацыянальных герояў — рэформы ў грамадскім жыцці і эканоміцы. Эканамічныя праблемы прымушаюць нас арыентавацца на нацыянальныя інтарэсы. Усякі эканамічны інтарэс параджае цікавасць да культурных здабыткаў.

— Характэрна, што паўсталыя ў апошнія гады нацыянальныя помнікі ў асноўным ушаноўваюць асоб “аддаленай” гісторыі, але не змагароў з прыгнётам і не заснавальнікаў БНР, якія вярнулі беларусам статус “народа дзяржаўнага”. Што трэба, каб беларускае грамадства дарасло да помнікаў Каліноўскаму і братам Луцкевічам у Мінску?

— Сапраўды, у Беларусі няма ніводнага сімвала, месца памяці, дзе б чалавек мог успомніць пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія шмат рабілі для таго, каб наша краіна была незалежнай. Дагэтуль у Мінску не пастаўлены помнік Кастусю Каліноўскаму, прызнанаму дзяржавай і народам яшчэ ў савецкія часы. Прычым у сталіцы пад помнік нацыянальнаму герою было вызначана нават месца — бульвар на перакрыжаванні вуліц Захарава і Першамайскай...

Няма ў Беларусі манументаў і дзеячам БССР, нацыянал-бальшавікам Змітру Жылуновічу, Алесю Чарвякоў, якія спрычыніліся да абвяшчэння Савецкай Беларусі, адыгралі выключную ролю ў палітыцы беларусізацыі ў 1920-х.

Гэта вынік палітыкі русіфікацыі, саветызацыі і арыентацыі на герояў праваслаўнай веры.

Каб змяніць сітуацыю, найперш неабходна правесці інвентарызацыю ўсіх герояў, вызначыць іх заслугі. У гісторыі ёсць цэлы накірунак — бібліяграфістыка, які слаба падтрымліваецца ў Беларусі. Мае быць разгорнута асветніцкая дзейнасць. Як паказала даследаванне, праведзенае ў канцы 2009 года лабараторыяй “Новак” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва), 40% апытаных беларусаў увогуле не ведае нацыянальных герояў.

Зрэшты, як выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта я перакананы, што менавіта эканоміка з цягам часу ўсё паставіць на свае месцы.

Што рабіць з сотняй Леніных?

— За 20 год незалежнасці многія былыя героі расійскай імперскай і савецкай гісторыі, якія раней успрымаліся беларусамі як свае, сталі антыгероямі. Як у перспектыве быць са шматлікімі помнікамі Леніну, Сувораву, Дзяржынскаму і г.д.?

— У суседніх Літве, Польшчы гэтыя героі ўжо даўно не ўпрыгожваюць вуліцы і гарады, бо штучна насаджаліся, і адразу пасля распаду СССР сталі незапатрабаваныя. Наша ж кіраўніцтва лічыла сябе пераемнікам савецкай дзяржаўнасці, арыентавалася на савецкія ідэалы, а грамадства было глыбока саветызаваным. Таму ў Мінску ёсць плошча з помнікам Калініну — знішчальніку першай Беларускай Савецкай Рэспублікі, а Ленін, які доўга супраціўляўся абвяшчэнню БССР, падаваўся ледзь не бацькам беларускай дзяржаўнасці.
Мяркую, Беларусі найбольш пасуе прыклад Літвы, дзе створаны цэлы музей пад адкрытым небам, куды звезлі ўсе помнікі Леніну, Сталіну і іншым. Не думаю, што іх трэба бурыць, як тое рабілі бальшавікі пасля захопу ўлады. Музеіфікацыя дазволіць убачыць, якімі раней былі нашы ідэалы, які гістарычных шлях мы прайшлі.

Прычым, калі ў некаторых суседзяў выклікаюць супярэчлівасць помнікі героям апошняй вайны, у нас такога канфлікту няма. Адзінае што, яны маюць патрэбу ў мадэрнізацыі і ўдакладненні гістарычнай праўды.

Мы таксама не павінны прытрымлівацца думкі, што ўсё, звязанае з гісторыяй і культурай Расіі, трэба схаваць у музей. Што кепскага ў помніку Гогалю ў Брэсце ці Пушкіну ў Віцебску? Але ўсе саветызаваныя бальшавіцкія манументы, звязаныя з гвалтам і рэпрэсіямі, адназначна трэба прыбіраць!

“Сем герояў нашай гісторыі ўжо сталі нацыянальнымі героямі”

— Спадар Захар, вы згадалі два паняцці: героі нацыянальнай гісторыі і нацыянальныя героі. У чым іх адрозненне?

— Героі гісторыі — гэта ўсе гістарычныя персанажы (і Каліноўскі і Міхаіл Мураўёў-вешальнік). У працэсе фармавання сучасных нацыяў, нацыянальных дзяржаў на аснове станоўчых герояў гісторыі эксперты выбіраюць нацыянальных герояў, якіх грамадства прыме альбо не і якія лучаць гэта грамадства.

У 2009 годзе сацыёлагі выявілі факт, які зазначыў вялікія зрухі ў адраджэнні беларускай нацыі. Паводле апытанняў, у Беларусі існуе пяць бясспрэчных нацыянальных герояў: першадрукар Францыск Скарына, асветніца і святая Ефрасіння Полацкая, кіраўнікі антырасійскіх вызвольных паўстанняў Кастусь Каліноўскі і Тадэвуш Касцюшка, бацька беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Да ліку кансалідуючых грамадства герояў, на маю думку, можна аднесці таксама полацкага князя Усяслава Чарадзея і канцлера ВКЛ Льва Сапегу. Па сутнасці, сем герояў нашай гісторыі ўжо сталі нацыянальнымі героямі ў Беларусі і прызнаюцца шырокімі пластамі грамадства. З’яўленне нацыянальных герояў сведчыць пра тое, што мы ўжо здзейсніліся як нацыя.

— Але, як мы адзначылі вышэй, большасць з іх — асобы “аддаленай” гісторыі. Адзін Багушэвіч закранае мяжу 19 і 20 стагоддзяў.

— Мы з такой цяжкасцю вылучаем герояў на сучасным этапе, бо гэты перыяд занадта ідэалагізаваны. Тут адбылося змаганне розных ідэалогій, нацыянальных інтарэсаў Расіі, Польшчы, Беларусі і нават Літвы. Усё гэта ўплывае на выбар нацыянальных герояў. Напрыклад, літоўцы лічаць сваімі героямі Льва Сапегу і Вітаўта. Ніхто ім у гэтым не павінен перашкаджаць. Але тое ж самае права на Сапегу Вітаўта і іншых дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага маем і мы.

— Якія галоўныя крытэрыі пры выбары асобаў для мемарыялізацыі?

— Эксперты павінны ўлічваць заслугі дзеячаў у развіцці эканомікі нашага краю і нацыянальнай культуры, росце дабрабыту людзей, іх уклад у прагрэс грамадства і краіны. Другі крытэрый — наколькі іх дзейнасць спрыяла кансалідацыі грамадства, пераадоленню этнічных, канфесійных, палітычных супярэчнасцяў. Трэці крытэрый — які ўклад яны ўнеслі ў абарону нашай краіны і народу ад захопнікаў, акупантаў.

Бывае так, што знакамітыя беларусы ўнеслі ўклад у гісторыю і культуру іншых краін. Напрыклад, Дамейка, Мінейка і іншыя. Мы не можам лічыць гэтых дзеячаў нацыянальнымі героямі, бо яны героі іншых краін, але беларускага паходжання.

— Але помнік ім паставіць можна?

— Канешне, бо так ці інакш яны праслаўлялі Беларусь. А вось асоба іншай этнічнай прыналежнасці, якая спрычынілася да развіцця Беларусі, можа стаць беларускім нацыянальным героем.Даведка TUT.BYЗахар Шыбека нарадзіўся 30 ліпеня 1948 года ў вёсцы Асінаўка Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Выпускнік гістфака БДУ (1972). Да 1991 года працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Узначальваў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Аўтар кніг “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (з Сафіяй Шыбека, 1994), "Гарады Беларусi" (1997), “Нарыс гісторыі Беларусі” (2003), “Мінск 100 гадоў таму” (2007), "Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый" (2009). Лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра. Доктар гістарычных навук, прафесар. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Кастусь Лашкевіч, TUT.BY


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение