Плануецца правядзенне адкрытага творчага конкурсу “Амерыканская культура: якая яна?” па двух напрамках “Прыцягальнасць амерыканскай культуры” і “Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры” (эсэ, верш, малюнак, фотаздымак), арганізацыя трох круглых сталоў па амерыканістыцы ў Беларусі, беларусістыцы ў ЗША і стратэгіі развіцця міжкультурнага беларуска-амерыканскага дыялогу, а таксама выданне калектыўнай кнігі і арганізацыя міжнароднай выставы.
Як падкрэсліла 06 ліпеня на паседжанні Міжнароднай Каардынацыйнай Рады па праекце (у склад Рады ўвайшло 15 вядомых дзеячоў навукі, культуры, адукацыі, рэлігіі, бізнесу) яе старшыня, кіраўнік праекта Любоў Уладыкоўская, мэтай гэтага сацыяльнага праекта з’яўляецца не толькі ўзаемаўзбагачэнне нашых культур і глыбейшае іх веданне, але таксама ўмацаванне эканамічных і грамадскіх сувязей, якія ўжо існуюць, але пераважна на міжасабовым узроўні.
“Міжкультурны дыялог – міжнародны палітычны прыярытэт і палітычны прыярытэт Савета Еўропы, які засноўваецца на прынцыпах культурнай разнастайнасці, культуры як каталізатара творчасці і культуры як ключавога моманту міжнародных сувязей. Мы выбралі беларуска-амерыканскі напрамак таму, што, па-першае, Злучаныя Штаты Амерыкі застаюцца супердзяржавай, якая ў многім вызначае глабальнае развіццё, па-другое, амерыканскае грамадства – полікультурнае, што сугучнае беларускаму культурна-гістарычнаму фону, па-трэцяе, амерыканскую культуру і нават дзяржаву стваралі прадстаўнікі многіх народаў, у тым ліку беларускага, па-чацвёртае, мы вельмі мала ведаем пра гэтую надзвычай цікавую краіну, веды нашы даволі павярхоўныя і выдатна, што наш беларуска-амерыканскі дыялог – гэта не аднабаковы, а сустрэчны рух. Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых, -- заявіла Л.Уладыкоўская.
Прыём матэрыялаў для ўдзелу ў конкурсе «Амерыканская культура: якая яна?» ўжо пачаўся. Умовы конкурсу чытайце тут.
Прэс-служба праекта "Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця"