У Беларусі пройдзе Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету

9 ліпеня 2011 года ў Віцебску ў рамках XX  Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету і гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа (к/з “Віцебск”, 18.00). Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

10 ліпеня  ў Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў фестывалю. Сярод якіх – адкрыццё   мастацкай выставы “Беларускія мастакі ў свеце”     (Нацыянальны мастацкі музей, 11.00),  адкрыццё фотавыставы аб дзейнасці беларускіх аб’яднанняў у замежных краінах (Нацыянальны гістарычны музей, 12.00), адкрыццё літаратурнай выставы “Паэты і  пісьменнікі беларускага замежжа” (Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, 13.00), канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа (Беларуская дзяржаўная філармонія, 14.00).

У мерапрыемствах прымуць удзел калектывы мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народных промыслаў, фотамастакі, празаікі і паэты з ліку прадстаўнікоў беларускіх аб’яднанняў з 12 краін свету - Арменіі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Галандыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і ЗША. Каля 235 прадстаўнікоў беларускай дыяспары прымуць  удзел у фестывалі, у тым ліку лідары грамадска-культурных аб’яднанняў беларусаў замежжа.

У рамках фестывалю 9 ліпеня ў Віцебску пройдзе другое пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа  пры Міністэрстве культуры, на якім будуць абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сферы культуры, адукацыі, інфармацыі, турызму, рэалізацыі асобных праектаў. У пасяджэнні савета плануецца ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства ўнутранных спраў і Міністэрства спорту і турызму, таксама лідараў грамадска-культурных аб’яднанняў беларусаў замежжа, кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

Прэс-служба Міністэрства культуры РБ