Сёння ў Польскім інстытуце ў Мінску ў даволі камернай абстаноўцы адбылася прэзентацыя новай кніжнай серыі: “Беларуская мемуарная бібліятэка”, якая пачалася выхадам дзвюх кніг: Аляксандра Стагановіча “Успаміны пасла” і Яўстафія Янушкевіча “Успаміны (1805—1831).
Пра саму серыю, ідэю яе стварэння і бліжэйшыя перспектывы распавядалі прысутным два ініцыятары-каардынатары філолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і гісторык Наталля Гардзіенка. (Трэцім ініцыятарам серыі з’яўляецца амерыканскі беларус архівіст Лявон Юрэвіч, але ён прысутнічаў толькі віртуальна). Было зазначана, што аналагаў гэтай выдавецкай ініцыятывы ў Беларусі няма. У той жа час ёсць падобныя серыі ў Польшчы і Расіі.
“Беларуская мемуарная бібліятэка” мае на мэце выданне раней невядомых і малавядомых успамінаў беларускіх дзеячаў, або ўспаміны замежнікаў пра Беларусь розных перыядаў. Важнай адметнасцю серыі стаў сур’ёзны навуковы апарат кожнага выдання. Да тэкстаў зробленыя грунтоўныя прадмовы, падрабязныя каментары і разнастайныя паказнікі. Ва ўмовах адзначанай Аляксандрам Фядутам смерці айчыннай акадэмічнай школы навуковага каментавання, першыя кнігі серыі задалі даволі высокую планку, якую мяркуецца падтрымоўваць надалей.
Пра асаблівасці і вартасці кожнай з кніг расказвалі іх укладальнікі. Гісторык Аляксандр Пашкевіч распавёў, як дзякуючы працы з успамінамі беларускага дэпутата польскага сейму Аляксандра Стагановіча, ён адкрыў для сябе і гэтую асобу, і асаблівасці палітычнага жыцця на Наваградчыне ў складзе Польшчы. Аўтар успамінаў пражыў каля 99 гадоў і памёр у эміграцыі амаль невыдомым на радзіме. І цяпер, дзякуючы выданню гэтых мемуараў (якія, праўда, спачатку пабачылі свет у часопісным варыянце на старонках “Запісаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва”), Аляксандр Стагановіч вяртаецца на радзіму, у айчынную палітычную гісторыю.
Укладальніца кнігі ўспамінаў яшчэ аднаго эмігранта, гэтым разам ХІХ ст. Вольга Гарбачова распавяла пра цікавую і працяглую гісторыю знаходак успамінаў і лістоў Яўстафія Янушкевіча ў архівах Варшавы, Кракава, Вільні, Парыжу. Ад часу знаходкі польскамоўнага арыгіналу мемуараў (які таксама выдрукаваны ў кнізе) да сучаснага выдання прайшло каля дзесяці гадоў. Аднак цікавая праца па расчытванні і каментаванні ўспамінаў была вартая выдаткаванага на яе часу. Асоба Яўстафія Янушкевіча знакавая для свайго часу, аднак таксама малавядомая ў айчыннай гістарыяграфіі, намаганнямі Вольгі Гарбачовай вяртаецца ў “нацыянальны дыскурс”.
Першыя кнігі серыі ўяўляюць сабою успаміны эмігрантаў. Аднак “Беларуская мемуарная бібліятэка” мае значна больш шырокія выдавецкія планы і не збіраецца абмяжоўвацца тэкстамі замежных дзеячаў, хоць безумоўна, і яны будуць надалей даволі шырока прадстаўленыя. Так, рыхтуюцца да друку цікавыя мастацкія ўспаміны яшчэ аднаго амерыканскага беларуса Васіля Стомы “Маё мястэчка”, плануюцца да выдання нецэнзураваныя (без купюраў) успаміны Паўліны Мядзёлкі. Будуць выдадзеныя добра каментаваныя неадназначныя ўспаміны Мураўёва-Вешальніка. Таксама ў планах успаміны Аляксандра Рыпінскага, Юльяны Дубейкаўскай і іншых дзеячаў ХІХ—ХХ стст.
Можна сцвярджаць, што з’яўленне новай кніжнай серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” стала важнай падзеяй для айчыннай навукі і культуры.